Ніва № 29 (2358), 22 ліпеня 2001 г.

Выратаваць ад забыцця

Аляксей МАРОЗ

У драўляным будынку колішняй Падставовай школы ў Дубічах-Царкоўных будзе працаваць Рэгіянальны музей беларускай культуры і гісторыі „Выратаваць ад забыцця”.

— У музеі думаем паказаць гісторыю нашых зямель, пачынаючы з часоў Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, спасылаючыся, між іншым, на царкоўныя матэрыялы. Раскажам пра партызанку дваццатых гадоў у Грабаўцы, прадставім іншыя гістарычныя матэрыялы, а не толькі гладункі, — заявіў войт Дубіцкай гміны Анатоль Паўлоўскі.

У старым драўляным будынку будуць знаходзіцца кухня і пакой з колішнім вясковым абсталяваннем і дзве выставачныя залы. У кухні ўжо пастаўлена гліняная хлебная печ, а побач будуць размешчаны старая мэбля і прылады. У пакоі — ложак з пярынай, падушкамі, стол, вышываныя абрусы і сурвэткі, а на сценах — іконы. У выставачных залах размешчаны будуць пастаянныя і часовыя экспазіцыі.

— У пакоі хочам паставіць кросны, каб наведвальнікі маглі папрабаваць ткаць палавікі. Будзе прапанавана ім магчымасць вышываць і біць масла або нешта спячы. У выставачных залах, апрача гістарычных матэрыялаў, плануем паставіць вырабы з ракіты ці іншыя прадметы народнай творчасці. Яшчэ раней думалі мы паказаць школьную залу са старымі партамі і тагачаснымі дыдактычнымі дапаможнікамі, але не ведаем ці ўсе экспанаты памесцім, — сказала дырэктар Гміннага асяродка культуры ў Дубічах-Царкоўных Іаланта Соха, якая назірае за рэалізацыяй праекта стварэння музея. — Музей беларускай культуры будзе адным з многіх атракцыёнаў, якія запрапануем турыстам. Будзе ён, таксама, выкарыстоўвацца для патрэб мясцовага насельніцтва і вучняў.

Дзякуючы малым грантам Цэнтра грамадзянскай адукацыі „Польшча-Беларусь” і гмінным сродкам, музейны будынак атрымаў новыя вокны і дах з гонты. Арганізацыйны камітэт музея хоча выратаваць ад забыцця частку беларускай нацыянальнай спадчыны, якая захавалася ў Дубіцкай гміне. Аргкамітэту можна перадаваць даўнія прадметы штодзённага карыстання, прылады, старую мэблю, сундукі, скрыні, нацыянальную вопратку, абрусы, макаткі, палавікі, прадметы рэлігійнага культу, старыя дакументы, фатаграфіі і памяткі, газеты, скульптуру і старыя карціны. Грашовыя ўзносы на падрыхтоўку музея можна пералічваць на банкаўскі рахунак: BS w Hajnowce, O/Kleszczele, nr 80711032-143-36011-1/1; Гмінны асяродак культуры, вул. Галоўная 67, 17-204 Дубічы-Царкоўныя.