Ніва № 29 (2358), 22 ліпеня 2001 г.

Мне падабаецца мая праца

Гаворыць генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Леанід КАРАВАЙКА.

Вялікую частку свайго жыцця правялі Вы за мяжою. Дзе было найцікавей?

За мяжою я пражыў 14 гадоў. Хаця ў Беластоку ўсяго месяц, але мне тут найбольш цікава і перш за ўсё з пункту гледжання чалавечых кантактаў.

Гэта першая Вашая пабыўка ў нашым горадзе, ці прыязджалі раней?

У 1990 годзе мне давялося працаваць тры месяцы ў Варшаве ў консульскім аддзеле амбасады былога СССР. Тады прыязджаў я і ў Беласток, каб паглядзець, якія існуюць умовы для адкрыцця беларускага консульства. Дык можна сказаць, што сярод беларускіх дыпламатаў я быў тут першапраходцам. Наведаў тады і Гайнаўку, і Супрасль. Быў у рэдакцыі „Нівы”. На Беласточчыну прыязджаў некалькі разоў і пазней: з тагачасным міністрам замежных спраў Пятром Краўчанкам, з Алегам Трусавым і з пакойным гродзенскім губернатарам Дзмітрыем Арцыменем.

Ці Вашае назначэнне і, разам з гэтым, папаўненне саставу Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку звязанае з новымі задачамі, якія ставяцца перад установай?

Працы тут заўсёды хапала. Цяпер разам са мною ў Беластоку чатыры дыпламаты і ніводзін з іх не лішні.

Ці рыхтуецеся ўжо да ўвядзення візавага рэжыму між Польшчай і Беларуссю? Калі гэтага можна чакаць?

Скажу так, мы не імкнемся, каб дадаткова ўскладняць праезд праз мяжу, асабліва людзям, якія ля яе жывуць. Ёсць жа і сваяцтвы па абодвух баках мяжы, ёсць сталыя гандлёва-эканамічныя сувязі. Я спадзяюся таксама, што візавы рэжым не будзе ўведзены ў гэтым годзе.

Хто ў гэтай справе мецьме рашаючы голас: Мінск, Варшава ці можа Брусель?

Я лічу, што Беларусь і Польшча ў стане вырашыць для сябе гэта пытанне самастойна.

Ці ў выпадку ўвядзення візаў бяруцца пад увагу аблягчэнні пры праездзе праз мяжу для жыхароў памежжа, такія ях хаця б між Польшчай і Чэхіяй? Там жыхары прыгранічных гмін могуць перайсці на другі бок на ўнутраны пашпарт (dowod osobisty)?

Калі будзем гаварыць аб дэталях, то наш бок будзе імкнуцца да нейкіх формаў спрашчэнняў пры праездзе праз мяжу для жыхароў памежжа. Якія рашэнні будуць прыняты, будзе залежаць ад перамоў з польскімі калегамі.

Сустракаліся Вы ўжо з уладамі Падляшскага ваяводства?

Я атрымаў экзекватуру з Міністэрства замежных спраў Польшчы толькі 22 чэрвеня. Да гэтага часу не магло адбывацца ніякіх афіцыйных сустрэч. Цяпер рыхтуемся да сустрэчы з трыма ваяводамі: падляшскім, люблінскім і вармінска-мазурскім, бо гэтыя тры ваяводствы акрэслены міністрам замежных спраў Польшчы як консульская акруга нашай консульскай установы.

3 ліпеня Вы ладзілі прыём з нагоды Свята незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Так як і ў папярэдніх гадах не прысутнічалі на ім ні ваявода, ні маршалак Падляшскага ваяводства.

Гэта справа палітычнай культуры.

Ад самага пачатку працы Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь ідзе гаворка пра адпаведнае памяшканне. Гэтае — па вуліцы Варынскага — замалое на патрэбы такой установы. Ці перад Вамі стаіць задача закончыць урэшце пошукі адпаведнай сядзібы?

Я спадзяюся, што ў гэтым годзе справа з сядзібай консульства закончыцца паспяхова.

У апошні час многа гаварылі пра хуліганскія напады на беларускіх грамадзян у Беластоку, пра крадзяжы, пабоі. Што робіцца, каб прадухіліць такія здарэнні?

Мы асцерагаем нашых грамадзян, каб не падарожнічалі ноччу, каб ездзілі толькі галоўнымі дарогамі. Беластоцкая паліцыя таксама вядзе асведамляючую працу. Хачу падкрэсліць добрае супрацоўніцтва з паліцыяй. Дзякуючы гэтаму знізілася колькасць злачынстваў у дачыненні да грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Падляшскага ваяводства.

Я хацеў бы яшчэ спытаць Вас пра Вашыя асабістыя справы. Вы тут адзін, ці з сям’ёю?

З жонкай. Нашы сыны ўжо вялікія і засталіся ў Мінску. Старэйшы, якому 22 гады, пайшоў па слядах бацькі — вучыцца ў Лінгвістычным універсітэце на перакладчыцкім факультэце. Малодшаму 18 гадоў і ён закончыў — на адны пяцёркі — першы курс юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Мая жонка інжынер, закончыла Мінскі тэхналагічны інстытут, але часова не працуе па сваёй прафесіі, а спадарожнічае мне.

Беласток, гэта добры трамплін для далейшай кар’еры беларускіх дыпламатаў. Як думаеце, на якую пасаду Вы трапіце, пасля заканчэння тэрміну Вашых паўнамоцтваў у Беластоку?

Ха-ха, дайце дажыць. Ведаеце, я амаль увесь час быў консулам і мне гэтая праца вельмі падабаецца. Я лічу, што добрым консулам можа быць толькі той, хто праблемы іншага чалавека можа прапусціць праз сваё сэрца і сваю душу. Гэта адбіваецца на здароўі, але калі да цябе чалавек прыходзіць з усмешкай і з усмешкай выходзіць, гэта значыць, што ты нездарма пражыў дзень. Я добра адчуваю сябе як консул і не хацеў бы мяняць прафесію.

Хто пераможа на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі?

Пераможца.

Інтэрв’ю ўзяў Мікола ВАЎРАНЮК