Ніва № 29 (2358), 22 ліпеня 2001 г.

Выбарчае лета

Яўген МІРАНОВІЧ

У страшэнных канвульсіях зыходзіць салідарніцкі ўрад Ежы Бузка. Сваркам паміж партыйнымі дзеячамі і карупцыйным скандалам няма канца. Усе і ўсіх абвінавачваюць у ашуканстве, дзейнасці ў некарысць інтарэсам дзяржавы і грамадства. Спецслужбы змагаюцца з пракуратурай, міністэрства нацыянальнай абароны — таксама з гэтымі ж сакрэтнымі службамі, а чыноўнікі, якія за некалькі месяцаў патрацяць мяккія крэслы, шукаюць нішу, каб у камфартабельных умовах перачакаць кадравы землятрус. Лідэр Саюза левых дэмакратаў Лешак Мілер 6 ліпеня ў Варшаве, падчас з’езду кандыдатаў на паслоў і сенатараў ад гэтай партыі, выступаў амаль як прэм’ер-міністр. З такой пазіцыі ацэньваў сучасную сітуацыю ў Польшчы і ставіў прагноз на будучыню. Выглядае на тое, што тры месяцы да выбараў усім вядомы іх вынік. Адкрытым астаецца толькі пытанне хто з левага лагера будзе паслом, сенатарам ці міністрам. А кандыдатаў ёсць нашмат больш чым месц. Салідарнікі спрабавалі гэтую праблему вырашыць шляхам стварання ўсялякіх новых адміністрацыйных утварэнняў, разбудовай да межаў абсурду адміністрацыі. За партыйным актывам пайшлі іхныя сваякі, швагры, калегі. Усё закончылася ўзнікненнем карупцыйнай сістэмы ўлады, якой сёння ніхто не ведае як пазбыцца. Найгоршае аднак тое, што бюджэт дзяржавы не вытрымаў такога шаленства. Сёння грошай няма ўжо ні на адукацыю, ні культуру, ні ахову здароўя, ні сацыяльную дапамогу найбяднейшым.

У адным з чэрвеньскіх нумароў штотыднёвіка „Не” яго рэдактар Ежы Урбан асцерагаў партыйных калег перад неабмежаванай прагнасцю, якая найчасцей спадарожнічае людзям пераможнага лагера. Урбан пераконвае, што ў найбліжэйшым часе варта быць сумленным чыноўнікам, паслом ці міністрам. Дзяржаўная маёмасць у пераважнай большасці ўжо раскрадзена („прыватызаваная”), а партыйны актыў можа яшчэ добра жыць, выконваючы ўсялякія публічныя функцыі ў дзяржаўнай або самаўрадавай адміністрацыі. Таму — раіць таварышам Урбан — варта пазбягаць усялякіх карупцыйных афёр і будаваць імідж заступнікаў простага люду, каб атрымаць ягоную падтрымку на кожных чарговых выбарах. Чатыры гады таму Ежы Урбан раіў сваім калегам зрабіць усё, каб прайграць выбары. Прапанаваў даць уладу салідарнікам, якія рваліся рабіць рэформы і пры нагодзе паставіць сваіх актывістаў на пасты, дазваляючы браць публічныя грошы і пашыраць уплывы. Невядома ці посткамуністы не пойдуць шляхам салідарнікаў, вядома толькі, што маюць шанц доўга кіраваць Польшчай.

Па жаданні цэнтральных улад СЛД на выбарчым спіску кандыдатаў на паслоў і сенатараў не будзе Яна Сычэўскага. Улады партыі прынялі такое рашэнне ведаючы, што могуць у Падляшскім ваяводстве страціць пару тысяч галасоў мясцовых лукашыстаў, а затым і адзін пасольскі мандат. Аднак левыя дэмакраты, якія цяпер атаясамліваюцца з НАТАўскай арыентацыяй, дайшлі, відаць, да вываду, што лепш мець аднаго пасла менш, чым дачакацца абвінавачванняў з боку саюзнікаў у тым, што трымаюць у сваіх радах адкрытых прыхільнікаў палітыкі Лукашэнкі. Ян Сычэўскі, які меў вялікі шанц стаць паслом на чарговыя чатыры гады, вымушаны цяпер змагацца за сенатарскі мандат як незалежны кандыдат. Зразумела, будзе ён мець поўную падтрымку падляшскай арганізацыі Саюза левых дэмакратаў, але стаць сенатарам галасамі толькі беларускага электарату немагчыма.

Выглядае на тое, што сёлетнія парламенцкія выбары адбудуцца без удзелу беларусаў як палітычнага суб’екта. Прысутнасць кандыдатаў беларускага паходжання на чужых спісках ніколі не мела вялікага грамадскага значэння. З другога боку беларускі электарат ніколі не давяраў сваім прадстаўнікам. Нават ва ўмовах дэмакратыі наш люд шукаў апекуноў сярод тых, якія прынамсі адкрыта не гаварылі пра сваё беларускае паходжанне.