Ніва № 28 (2357), 15 ліпеня 2001 г.

Пахаваныя ўсімі пакрысе

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Пачаліся выплаты кампенсацый за паднявольную працу ў Германіі. Праца тая была пачаткам здзяйсняння гітлераўскай ідэалогіі, у сілу якой „варварскія” расы, у першую чаргу славяне, мелі быць нявольнікамі „панскай” нямецкай расы. Ініцыятыва згаданых выплат выйшла аднак з Захаду, з тых заваяваных гітлераўцамі дзяржаў, каторых грамадзяне трапілі ў палон у выніку германскага нападзення. Спярша велічыня тых кампенсацый мела нават быць вытворнай сённяшнай эканамічнай сілы тых дзяржаў, якіх грамадзянамі з’яўляюцца сёння былыя нявольнікі. Значыць, багатыя мелі атрымаць больш, а бедныя — менш. Яно так амаль і асталося.

Гэты кампраміс не спыніў усіх страсцей, бо ў справу ўмяшаўся амерыканскі суд. Наяўнасць суда ў справе можа прывесці да высновы, што складаныя праблемы кампенсацый за рабскую працу будуць вырашацца справядліва. Справядлівасці ў судзе, нават ва ўзорным амерыканскім, могуць спадзявацца толькі зусім некрытычныя летуценнікі...

Каб нашы бюракраты прынялі заяўку на кампенсацыю, пакрыўджаны, катораму цяпер каля сямідзесяці пяці гадоў, мусіць нямала яшчэ нахадзіцца. Хаця ў папераводаў павінны быць усе патрэбныя дакументы, аднак ганяюць яны яшчэ знямоглых ужо людзей, спасылаючыся на патрабаванні немцаў.

Магчыма, што немцы хочуць такім менавіта чынам адгрызнуцца за забіраемыя ім грошы. Але магчымае і іншае. Нашы папераводы жывуць сваім папяровым, віртуальным жыццём. Адна асоба, каторая хадайнічае за належнай ёй кампенсацыяй, расказвала мне, што сённяшні яе бюракратны цар, бог і воінскі начальнік, калі яна прывезла патрабаваныя ім дакументы, накінуўся на яе, што нешта не так у паперах напісаных іншым бюракратам. Іншым разам здзівіла тую асобу незвычайная ветлівасць таго ж самага даглядальніка парадку. Азірнулася яна і ўбачыла, што яго працу будзе паказваць тэлебачанне... І так, як шэсцьдзесят гадоў таму назад супраць чужых, тыя самыя людзі бездапаможныя сёння супраць новай, мясцовай ужо расы новых падпанкаў.

На кампенсацыю могуць разлічваць некаторыя былыя зняволеныя, каторыя маюць нейкія дакументы або сведкаў. Але ж ёсць яшчэ і такія ваенныя паднямецкія рабы, каторыя не маюць ніякіх вымагаемых сённяшнімі загадчыкамі кампенсацый асноў. Маю тут на думцы ў першую чаргу тых, каго энкавэдзісты пазбавілі тых падстаў, абкрадаючы або насільна забіраючы тагачасныя дакументы, а да таго ж яшчэ адпраўляючы ў працяглае хаджэнне па яшчэ савецкіх муках.

Найбольшымі ахвярамі ваеннага насілля з’яўляюцца галоўным чынам людзі неадукаваныя. Не атрымалі яны адукацыі не ў выніку нейкай сваёй абыякавасці да навукі, але ў выніку такога іх падрыхтавання да жыцця санацыйнымі ўладамі. Абы ўмелі крыху прачытаць, распісацца і лічыць. Каб як найменш мелі ведаў, патрэбных да змагання за сваё месца ў грамадстве. Каб усё жыццё аставаліся рабамі.

Не сакрэт, што я маю на ўвазе нашых простых вясковых людзей. Гэта іх падпарадкоўвалі сабе розныя пераможцы, узурпіруючы сабе права на ўсе здзекі над імі. Калі энкавэдзісты прыйшлі на змену гітлераўцам, да палякаў яны адносіліся з нейкім патэрналістычным прызнаннем, але ўжо беларусаў лічылі сваёй скацінай і бесцырымонна накідалі ім сваё ярмо.

Не зацікавяцца іх лёсам ні нямецкія кампенсатары, ні амерыканскія суды, ні апалагеты рознамаснага гераізму. Не дапаможа ім і наша дзяржава, занятая ўшаноўваннем сваіх герояў. Не дапаможа ім ніхто. Іх ужо даўно жыўцом пахавалі. Усе пакрысе.

У сапраўднасці яны жывуць паміж намі, так як і жылі нашы продкі да часу, пакуль нехта выдумаў грошы.