Ніва № 28 (2357), 15 ліпеня 2001 г.

У Дубічах, Сейнах і Пуньску

Яўген МІРАНОВІЧ

У днях 17-30 чэрвеня г.г. Кафедра беларускай культуры Універсітэта ў Беластоку правяла Міжнародную гуманітарную школу Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Арганізавана яна была ў рамках Цэнтра даследаванняў над антычнай традыцыяй Варшаўскага універсітэта. Удзельнічалі ў ёй маладыя навукоўцы з Беларусі, Польшчы і Украіны. Тэмай дакладаў былі праблемы польска-беларускага і польска-літоўскага памежжаў.

Першая частка заняткаў школы адбылася ў Дубічах-Царкоўных, дзе ўдзельнікі маглі пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі, пачуць іх мову, меркаванні наконт мінуўшчыны і сучаснасці. Другая частка прайшла ў Сейнах і Пуньску — у мястэчках, дзе пражывае вялікі адсотак літоўцаў. Паколькі чытачам „Нівы” асаблівасці Дубіцкай гміны даволі добра вядомыя, не трэба нікога з імі знаёміць. Варта толькі адзначыць, што ў навукоўцаў Беларусі, якія хадзілі па вёсках гэтай гміны і размаўлялі з іх жыхарамі, склалася ўражанне знаходжання ў сваіх родных мясцовасцях. Краявід падобны, хаты знаёмага кшталту, людзі, думаючыя аднолькава як іх бацькі ці дзяды. Толькі замест расійскай мовы ў Дубічах часта прыходзілася ім пачуць польскую.

У няшмат большым Пуньску, дзе літоўцы складаюць амаль 90 працэнтаў усяго насельніцтва, на польскай мове адказваюць толькі на пытанні прыезджых. На прыватных у большасці крамах віднеюцца двухмоўныя надпісы, у будынку гміны, доме культуры пераважае інфармацыя на літоўскай мове. Побач крыжа і Белага арла ў гмінай канферэнц-зале вісіць літоўская Пагоня. Дарэчы, літоўскія нацыянальныя сімвалы сустракаюцца ў Пуньску даволі часта, нават на аўтазаправачнай станцыі. У мясцовым касцёле ў нядзелю служацца дзве імшы на літоўскай і адна на польскай мове. Таксама ў большасці школ на тэрыторыі Пуньскай гміны дамінуючай з’яўляецца літоўская мова. Можна нават сказаць, што гэта літоўскія школы з польскай мовай як дадатковым прадметам.

Пуньск адлеглы ад Сейнаў прыблізна на 20 кіламетраў. Аднак у Сейнах літоўцы складаюць невялікі адсотак насельніцтва. Гэтыя два мястэчкі значна ад сябе розняцца. У Пуньску мясцовыя жыхары свае дамы і панадворкі будавалі на падабенства ковенскага стылю. На панадворках найчасцей растуць роўненька скошаная густая трава, дэкаратыўныя кусты і кветкі. Відаць, што акружэнне дому мае служыць гаспадарам для адпачынку і прыводзіць іх у добрае самаадчуванне. Каменна-драўляныя агароджы дапаўняюць натуральны выгляд вакол дамоў.

У Сейнах больш падабенстваў да адлеглага на дзвесце кіламетраў Бельска-Падляшскага ці Драгічына, чым блізкага Пуньска. На панадворках, апрача бульбы, вырошчваюцца буракі, цыбуля, салата, агуркі. Вакол платоў — пустазелле, а шэрыя сцены большасці будынкаў сведчаць аб нянадта вялікай заможнасці гаспадароў. Нават былыя кляштарныя будынкі каля мясцовага касцёла рамантуюцца дзесяткамі гадоў, хаця з’яўляюцца яны найбольшым турыстычным атракцыёнам горада.

Сейнам, аднак, пашанцавала. Пра мястэчка ведаюць не толькі ў Польшчы, але таксама ў Еўропе і Амерыцы. Усё гэта дзякуючы спадарству Чыжэўскім, маладым акцёрам, якія на пачатку дзевяностых гадоў пасяліліся ў горадзе і заснавалі Асяродак „Пагранічча — мастацтва, культур і народаў”. У мясцовай сінагозе арганізуюць яны шмат мерапрыемстваў культурнага характару з удзелам людзей культуры Польшчы, Еўропы і свету. У час нашай прысутнасці ў Сейнах праходзілі дні клезмерскай музыкі, якія прыцягнулі публіку з усёй Польшчы. Галоўнымі выканаўцамі гэтай музыкі былі амерыканскія яўрэі, якія за акіянам адрадзілі музычны фальклор сваіх продкаў з Сярэдняй і Усходняй Еўропы. Музыка яўрэйскіх калектываў, якая да вайны выконвалася на вяселлях і забавах у мястэчках і вёсках даваеннай Беларусі, Украіны, Польшчы, Славаччыны, Румыніі, выкананая амерыканскімі музыкамі стала больш дапасаванай да ўспрымання сучасным слухачом. Вялікі дадатак джазу ў ёй прыцягвае ўвагу цалкам маладой публікі.

Спадарства Чыжэўскія знайшлі таксама сродкі на рамонт былых яўрэйскіх будынкаў, якія знаходзяцца ў цэнтры Сейнаў. У сядзібе даўняй яўрэйскай гімназіі ўзнікае грамадскі культурны цэнтр, дзе будуць майстэрні для музыкаў, мастакоў, краязнаўцаў і аматараў фальклору. Аказваецца, дастаткова двух чалавек, каб невялікае правінцыяльнае мястэчка ўчыніць вялікім цэнтрам культуры.

Пабываўшы сярод беларусаў і літоўцаў, удзельнікі школы маглі параўнаць рэгіянальную кухню абодвух народаў. У гэтай дзялянцы выступае шмат падабенстваў. Беларусы і літоўцы прапануюць шмат мяса і мала агародніны. Літоўцы прытым усё, што можна пакласці на патэльню, абавязкова смажаць. Таму пасля літоўскага абеду ці вячэры абавязкова трэба выпіць вялікі куфаль піва.