Ніва № 28 (2357), 15 ліпеня 2001 г.

Купальскія гульні і варажбы

Ганна КАНДРАЦЮК

Студэнцкае Купалле, пасля нейкага перапынку, зноў паднялося на ногі. Яго рэнесанс здзейсніўся ў сімвалічным месцы — Супраслі, ноччу з 30 чэрвеня на 1 ліпеня г.г. Менавіта тут, на дачы спадарства Латышонкаў, шаснаццаць гадоў таму, па ініцыятыве Юрыя Латышонка, нарадзілася мода на святкаванне Купалля. Спачатку арганізавалася яно з году ў год прыцягваючы ўсё больш сімпатыкаў і наведвальнікаў. Пасля, у 1994 годзе ідэю падабраў ЗБМ і пачаў ладзіць мерапрыемства ў Нарве. У сувязі з цяперашнім заняпадам ЗБМу, маладзёвае Купалле вярнулася ў старыя рукі. Сёлетняе святкаванне сваёй спантаннасцю і стыхійнасцю нагадвала міні-басовішча. У Супрасль прыехалі за 60 асоб, у тым ліку 14 удзельнікаў рэйду „Бацькаўшчына”.

Арганізатары прыдбалі моц атракцыёнаў — бочку піва і выступленне бардаў — Андрэя Мельнікава з Гомеля і Алега Кабзара з Бельска-Падляшскага, этнагурту „Юр’я” з Мінска. Найбольш аднак месца занялі спевы самых удзельнікаў, ветэранаў БАСу, музыкантаў з гуртоў „Ріма” і „Кардон”. Ля супольнага вогнішча, пад гукі гітары і флейты, гучэлі старыя і новыя шэдэўры з беларуска-беластоцкага панадворка.

Сёлетняе Купалле мела непрадбачаныя моманты. Ідзе пра кульмінацыйную частку святкавання...

Дзяўчаты пусцілі вянкі на ваду і чакалі. ...Але сучасныя кавалеры, замест з вянком у руцэ адшукаць каханую і разам ісці шукаць папараць-кветку, заняліся сабой. Яны найперш танчылі мужчынскі рытуальны танец журналісту тэлебачання, а пасля завялі рыцарскія дуэлі.

Гэты непрадбачаны фінал меў свае паслядоўнасці. Даведзеныя да адчаю дзеўкі самыя кідаліся ў ваду, часта ў вопратцы, і лавілі свае вянкі.

— Гэта значыць, што наступны год пройдзе пад знакам зблытання сексуальнай арыентацыі, — каменціравалі найстарэйшыя ў грамадзе. Іх тэорыю меў пацвердзіць знак: калі дзяўчаты пускалі вянкі — пагаслі ўсе свечкі!

Добрай гульні садзейнічала прырода. Дзень, ноч і раніца выпалі як пад заказ, сухія і цёплыя. Таму многія, у рамках купальскага яднання з прыродай, спалі пад адкрытым небам — над рэчкай, пад дрэвамі, у траве. У спантаннай атмасферы гульбішча адчувалася блізкі подых „Басовішча”.