Ніва № 28 (2357), 15 ліпеня 2001 г.

Дзень Рэспублікі

Аляксандр МАКСІМЮК

3 ліпеня Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь адзначае ў Беластоку дзень незалежнасці Рэспублікі ўрачыстым прыёмам, запрашаюцца на які прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі і грамадскіх арганізацый. З кожным годам святкаванне гэта набывае ўсё больш багаты (паказальны) характар. У неначытанага госця такога святкавання, а іх там прыгнятальная бальшыня, складваецца перакананасць, што ў беларусаў не было іншага за перамогу над фашысцкімі захопнікамі дзяржаўнага чыну.

Сэнс даты 3 ліпеня падрабязна вытлумачыў генеральны консул Леанід Каравайка, які выступіў на карэктнай беларускай мове, а консул Ігар Сякрэта пераклаў яго на ў той жа ступені карэктную польскую мову. У сваім выступленні Л. Каравайка нагадаў усім, што менавіта ў ліпені, дэкаду назад, была таксама прынята дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі. Таксама ж у невялікай адлегласці ад 3 ліпеня, бо пад канец чэрвеня 1945 г. Беларусь (БССР) падпісала карту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, стаючыся членам-заснавальніцай гэтай арганізацыі. Адным словам, сэнсаў, якія сёння ўкладваюцца ў гэтую дату — вельмі-вельмі шмат.

Калі б спрабаваць сёння адказаць, ці ёсць у Беларусі дзяржаўны інтарэс (ідэя), дык вельмі блізка, а можа і найбліжэй гэтага панятку знаходзіцца памяць пра подзвіг-перамогу ў другой сусветнай вайне і мільёны беларускіх жыццяў на алтары гэтай жа перамогі. Такое разуменне вельмі добра ўспрымаецца сярод нас, беларусаў у Польшчы, і шырэй — усіх палякаў. Гадамі-дзесяцігоддзямі ўсім нам тут засвойвалі мартыралогію як нацыянальную святасць. Розныя народы рознае „выйгралі” ў другой вайне, беларусы і палякі — менавіта сваю нацыянальную мартыралогію. Калі тая мартыралогія, як у выпадку палякаў, не пазбаўленая рэфлексіі, дык ёсць у народа надзея дагнаць, хай сабе і ў вельмі далёкай перспектыве, тую развітасць, якая стала ўдзелам „прайграных”.

Па традыцыі ўжо на беларускіх святкаваннях у Беластоку шмат самаўрадавых дзеячаў, крышку людзей ад беларускай грамады, крышку ад гарадской управы. З прывітаннямі на беларускай мове выступіў а. Рыгор Місяюк, які ад імя мітрапаліта Савы і епіскапа Іакава пажадаў Беларусі багацця і шчасця, а беларусам — не забывацца гаварыць па-свойму. Ад імя беларускага народу Беласточчыны выступіла сакратар Беларускага грамадска-культурнага таварыства Валянціна Ласкевіч, кажучы колькі прыгожых слоў пра падтрымку Беларусі для развіцця беларускай культуры на Беласточчыне. Віцэ-прэзідэнт Беластока Марк Казлоўскі сказаў пра непазбежнасць суседства Польшчы і Беларусі. Потым пайшлі песні і танцы.