Ніва № 27 (2356), 8 ліпеня 2001 г.

Эфектыўнае развітанне са школай

Ганна КАНДРАЦЮК

Паспяхова закончыўся 2000/2001 навучальны год для навучэнцаў беларускай мовы ў ПШ н-р 4 у Беластоку.

У першую чаргу — для будучых пяцікласнікаў. У гэтым класе дзевяць асоб атрымалі пасведчанні з бела-чырвонымі палоскамі, сярод іх сем навучэнцаў беларускай мовы: Наталля Швед, Магда Карчэўская, Эля Юшчук, Мая Більмін, Эмілія Севястыянік, Караль Заборскі і Міхал Каліна.

— Гэта доказ, што беларуская мова дапамагае ў агульным развіцці, а не мяшае, — кажа Рэната Більмін, маці Маі.

У малодшых класах, дзе яшчэ няма ацэнак і пасведчанняў з бела-чырвонымі палоскамі, навучэнцы беларускай мовы таксама ярка вылучаліся сярод класа. У будучым ІІІ „а” 90% вучняў атрымалі ўзнагароды за добрую навуку, выдатныя здольнасці ў матэматыцы (трох найлепшых сяброў: Аляксандр Ваўранюк, Мацей Карчэўскі, Мар’юш Врублеўскі), за ўдзел у мастацкіх конкурсах. Поспех у матэматычным конкурсе заваявалі таксама дзяўчаты з будучага чацвёртага класа — Аня Яканюк і Магда Саковіч.

У час урачыстага мерапрыемства для 0-3 класаў навучэнцы беларускай мовы што раз атрымоўвалі ўзнагароды. У тым ліку і за прэзентацыю школы на цэнтральным беларускім дэкламатарскім конкурсе „Роднае слова”. Віншавальныя граматы атрымалі: Наталля Швед, Наталля Кандрацюк, Магда Карчэўская і Магда Саковіч.

Дырэктары Зофія Тамашэўская і Збігнеў Клімовіч павіншавалі таксама бацькоў, якія актыўна дзейнічаюць у школьным жыцці. У гэтай справе таксама вылучаліся бацькі навучэнцаў беларускай мовы, з якіх больш за дваццаць асоб атрымалі спецыяльныя граматы з падзякай. Сярод узнагароджаных бацькоў быў, між іншым, наш рэдакцыйны сябра Аляксандр Максімюк і настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк.

Навучанне беларускай мовы ў ПШ н-р 4 з кожным годам прыцягвае новых сімпатыкаў і зацікаўленых. Прыцягальнай сілай тут мастацкая дзейнасць, якую вядзе настаўніца беларускай мовы, актыўнасць бацькоў, якія ладзяць пазашкольныя мерапрыемствы і паездкі, высокі ўзровень навучання. Несумненна, важнай справай з’яўляецца таксама добрае стаўленне дырэкцыі, якая ў сваю чаргу бачыць каштоўнасць прысутнасці беларускай мовы ў школе.

Варта адзначыць, што з кожным годам павялічваецца лік навучэнцаў беларускай мовы. У першы клас ужо запісаліся сем вучняў, і разам са старэйшымі сябрамі, ад першага па пяты клас, складуць прыстойную групу больш за сорак асоб.

Беластоцкія навучэнцы роднай мовы ў большасці — выпускнікі беларускага садка.