Ніва № 27 (2356), 8 ліпеня 2001 г.

Ветлівая спагадлівасць нам

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Рэчы Паспалітай адбылася сустрэча Міжведамаснага калектыву па справах нацыянальных меншасцей з прадстаўнікамі беларускай меншасці. Пра падзею спытаў я старшыню Беларускага саюза ў Рэчы Паспалітай Яўгена Вапу.

З боку гаспадароў мерапрыемства прысутнічалі м.інш. штатны падсакратар у МУСіА Пётр Стаханьчык, сакратар Калектыву МУСіА, адказны за справы нацыянальных меншасцей Дабеслаў Жэмянеўскі, Гражына Плашайска з Міністэрства нацыянальнай адукацыі, прадстаўнікі Рады аховы помнікаў змагання і мартыралогіі, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, Краёвай рады тэле- і радыёвяшчання і іншыя. Беларускае грамадства прадстаўлялі старшыня БС у РП Яўген Вапа, намеснік старшыні БГТ Славамір Іванюк, сакратар ГП БГКТ Валянціна Ласкевіч, гайнаўскі павятовы стараста Уладзімір Пятрочук, бельскі мэр Андрэй Сцепанюк і старшыня ГП БГКТ Ян Сычэўскі. Прысутнічалі таксама падляшскі віцэ-ваявода Юзэф Клім, беластоцкі куратар асветы і выхавання Яраслаў Зялінскі і прадстаўнік беластоцкай Ваяводскай управы.

Усе прадстаўнікі беларускага асяроддзя гаварылі адным зладжаным голасам, а іх выступленні краналі разнастайных балючых спраў.

Найсамперш разглядаліся справы помніка памардаваным беларускім вазакам у Бельску-Падляшскім і праваслаўнага помніка ў Беластоку. Адмоўна, са здзіўленнем аднёсся да гэтай справы прадстаўнік... Рады аховы помнікаў змагання і мартыралогіі. Нашы заступнікі падкрэслівалі важнасць як найхутчэйшага завяршэння гэтых спраў. Андрэй Сцепанюк пратэставаў супраць ігнаравання самавольнага ўстанаўлення палякамі Крыжовай дарогі на бельскіх могілках і абвінавачванняў у незаконных дзеяннях у адрас эксгумацыі астанкаў замучаных беларусаў. Было вырашана сарганізаваць у Беластоку ў пачатку ліпеня сустрэчу прадстаўнікоў Міжведамаснага калектыву, ваяводскіх і бельскіх гарадскіх улад, а Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны на той час дасць ацэнку спрэчнага надпісу.

Разглядаючы справы асветы, нашы прадстаўнікі звярнулі ўвагу на патрэбу ўстанаўлення візітатараў і метадыстаў навучання беларускай мовы, якія зніклі разам са школьнай рэформай. Гаварылася таксама пра выкуп дзяржавай падручнікаў для навучання беларускай мовы і патрэбу ўвядзення ў школах Падляшскага ваяводства міжкультурнай адукацыі. Прадстаўніца Міністэрства нацыянальнай адукацыі падтрымала выказаныя патрабаванні, а беластоцкі куратар запрасіў беларускіх прадстаўнікоў у Кураторыю на размовы дзеля здзяйснення тых патрабаванняў.

Разважаючы пра культурныя патрэбы, нашы прадстаўнікі прапанавалі стварэнне дзяржаўнага цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, аднак атрымалі адказ, што дзяржава не ўтрымоўвае, апрача агульнанацыянальных, устаноў культурнага характару. Таксама ў справе працяглага будаўніцтва Беларускага музея ў Гайнаўцы не заўважылася ахвоты дзяржавы завяршыць яго. Нашы прадстаўнікі наракалі на нерэгулярнасць пералічвання Міністэрствам фінансаў грашовых сродкаў на дзейнасць беларускіх арганізацый. Выносілася абыякавасць ваяводскіх самаўрадавых улад у адносінах да беларускіх спраў, аднак адрасаты закідаў не прысутнічалі. І заўвага ў адрас ваяводы, што да прамоцыі ваяводства навонкі не прыцягваюцца нацыянальныя меншасці асталася без адказу віцэ-ваяводы Кліма.

Калі гаварылася пра прысутнасць нацыянальных меншасцей у сродках масавай інфармацыі, дык тэмай гутаркі быў толькі факт абмежавання беластоцкім тэлецэнтрам меншасных перадач. Прадстаўніца Краёвай рады тэле- і радыёвяшчання адмоўна ацаніла гэты факт, а Міжведамасная камісія накіруе адмысловы ліст на адрас управы Польскага тэлебачання ў Варшаве. Паводзіны кіраўніцтва беластоцкага тэлецэнтра даюць праколы польскім акцэсійным захадам у Еўрасаюз.

Пра гаспадарчыя справы, істотныя беларусам, выказваліся стараста Пятрочук і мэр Сцепанюк. Уладзімір Пятрочук гаварыў пра патрэбу адкрыцця малых пагранпераходаў на польска-беларускай мяжы, напрыклад у Белавежы, якія б стымулявалі і актывізавалі прыгранічную эканоміку.

Прадстаўнікі беларускага грамадства панаракалі на балючыя іх справы, а прадстаўнікі ўлад выказалі ветлівае зацікаўленне імі. А гэта абнадзейвае, бо ж калі з прыведзенага пераліку нашых спраў хаця некаторыя спаткае станоўчае вырашэнне, тады нават можна будзе гаварыць аб прагрэсе.