Ніва № 23 (2352), 10 чэрвеня 2001 г.

Міфы і праўда пра пачатак вайны

Яўген МІРАНОВІЧ

Набліжаецца шасцідзесятая гадавіна нападу гітлераўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз. З гэтай нагоды ў Беларусі запланаваны некалькі канферэнцый і навуковых сустрэч для абмеркавання падзеі, якая ў грамадстве рэспублікі ўсё яшчэ выклікае вялікія эмоцыі. Адна з такіх канферэнцый прайшла 25-26 траўня ў Мінску. Яе арганізатарамі былі Мінскі і Дортмундскі Міжнародныя адукацыйныя цэнтры і Беларускае гістарычнае таварыства. Да ўдзелу ў канферэнцыі арганізатары, апрача вучоных, запрасілі ўсіх зацікаўленых тэмай ІІ сусветнай вайны, у тым ліку і ветэранаў Савецкай Арміі.

Стан падрыхтоўкі Савецкага Саюза да вайны прадставіў вядомы ў Беларусі даследчык па справах сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў. Колькасцю салдат, а нават узбраення савецкая армія перавышала нямецкія сілы. Праблема ў тым, — гаварыў дакладчык, — што ўсе яны былі сканцэнтраваны блізка нямецкай мяжы, што зусім выключала магчымасць ваенных дзеянняў абарончага характару. Большасць авіяцыі саветы патрацілі ў першых гадзінах вайны. Іх самалёты нават не падняліся з зямлі. У гарнізонах не было боепрыпасаў для вінтовак, ні паліва для танкаў і аўтамабіляў. Афіцэры не мелі ніякіх планаў на выпадак паражэння ў першых днях вайны. Большасць генералаў і палкоўнікаў не мела акадэмічнай адукацыі. Пасля зніштажэння вышэйшай афіцэрскай кадры органамі НКУС у 1937-1938 гадах, камандаванне дывізіямі і палкамі было даверана капітанам і маёрам, зусім непадрыхтаваным да новай ролі. Па віне Сталіна і партыйнага кіраўніцтва Савецкі Саюз патраціў 27 мільёнаў сваіх грамадзян. Ніхто і ніколі не папрасіў у ахвяр прабачэння, а сталінскія злачынцы ніколі не былі абвінавачаны, — канстатаваў Ігар Кузняцоў.

Прафесар Гюнтэр Бракельман з Нямеччыны прадставіў ідэалагічныя падставы гітлераўскай агрэсіі на Савецкі Саюз. У сапраўднасці, — паводле дакладчыка, — Гітлер рэалізаваў сцэнарый, змешчаны ў Mein Kampf, дзе перш за ўсё сцвярджалася, што для выжывання нямецкай нацыі патрэбна адпаведная прастора. Яна знаходзілася на ўсходзе, дзе ўраджайныя землі займалі славяне — людзі ніжэйшай цывілізацыі. Савецкі Саюз знаходзіўся пад камандаваннем яўрэйскай эліты, якая, — паводле Гітлера, — стварала найбольшую небяспеку для арыйскай расы. Саюз Нямеччыны з Савецкім Саюзам, — пісалася ў Mein Kampf, — магчымы толькі дзеля падрыхтоўкі да вайны. На практыцы, — падкрэсліў Бракельман, — усё, што Гітлер напісаў у пачатку трыццатых гадоў, і што мог прачытаць кожны жыхар Еўропы, ён рэалізавалаў, стаўшы канцлерам.

Даклад ніжэйпадпісанага датычыў праблем выкарыстання нямецкімі акупантамі міжнацыянальных канфліктаў у Заходняй Беларусі для замацавання свайго панавання.

Пачатак вайны з пункту гледжання расійскай гістарыяграфіі прадставіла супрацоўніца Інстытута гісторыі Расійскай акадэміі навук Ірына Пятрова. Яе вывады, аднак, не надта разыходзіліся з тым, што ўжо раней было сказана ў савецкай гістарыяграфіі.

Пасля чатырох дакладаў пачалася доўгая дыскусія, якая з-за прысутнасці генералаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый часам набывала характар мітынгу. Ветэраны гаварылі пра крывадушнасць Захаду, які падштурхваў Гітлера да вайны з Савецкім Саюзам, пра інтэрнацыяналістычную дапамогу Чырвонай Арміі Польшчы ў верасні 1939 г. і пра змаганне савецкага кіраўніцтва за мір. Слухаючы пажылых ардэнаносцаў можна зразумець, якім злачынствам быў камунізм, якога яны несумненна з’яўляюцца найбольшымі ахвярамі. Хацелася б, напрыклад, пабачыць такога генерала, які перад шматлікай публікай сказаў бы: „Маладыя людзі, вучыцеся на памылках нашага пакалення, каб прынамсі вы не патрацілі 27 мільёнаў сваіх таварышаў”. Замест гэтага маладыя людзі слухаюць „как героически боролся советский солдат” і „каких прекрасных имел он командиров”. Ніякай рэфлексіі ні над дзесяткамі мільёнаў ахвяр, ні над сваім пакарабачаным жыццём.

На другі дзень удзельнікі канферэцыі працавалі ў меншых групах, дзе было больш мерытарычнай дыскусіі, чым прапаганды. Выступіла шмат аспірантаў і студэнтаў Дзяржаўнага універсітэта. У адрозненні ад большасці сваіх старэйшых калег, гаварылі яны выключна на беларускай мове. Такім чынам выявілася пакаленне, якое пачынала ўваходзіць у дарослы свет у перыяд станаўлення беларускай незалежнай дзяржавы. Прамовы ветэранаў выклікалі ў іх спачувальную ўсмешку.

З вялікай колькасці заслуханых рэфератаў вынікае, што для большасці беларускіх гісторыкаў, нават малодшага пакалення, была гэта „отечественная война”, а змаганне за Савецкі Саюз — праявай патрыятычнага абавязку. Беларускім элітам пакуль што вельмі цяжка адарвацца ад савецкага кантэксту бачання як мінуўшчыны, так і сучаснасці. Важнае аднак і тое, што з’явілася немалая група гісторыкаў, якая разважае пра ўсе падзеі ў мінулым з пункту гледжання інтарэсаў беларускай нацыі.

Размова з мінскімі расіянамі, удзельнікамі канферэнцыі, усведаміла мне, што яны ўвогуле не разважаюць пра сябе ў катэгорыі нацыянальнай меншасці. Беларуская мова для іх гэта выдумка нацыяналістаў, „в языке которых здесь никто не нуждается”. Беларуска-расійскую інтэграцыю на практыцы разумеюць яны як інкарпарацыю Беларусі і зусім гэтага не скрываюць. Паводле слоў аднаго з кандыдатаў гістарычных навук, „белорусы своим уделом в Великой Отечественной войне вполне заслужили на то, чтобы стать частью великого русского народа”. Шызафрэнія!?