Ніва № 22 (2351), 3 чэрвеня 2001 г.

Выступленне Яна Сычэўскага на ІІ Агульнабеларускім народным сходзе:

— Мне балюча, што — перадусім, думаю, па віне Рэчы Паспалітай — суадносіны паміж Рэчай Паспалітай Польскай і Рэспублікай Беларусь не развіваюцца так, як трэба і да гэтай пары іх узровень з’яўляецца, я б сказаў, не зусім цывілізаваным. Справа ў тым, што ў нашых краінах праходзіць трансфармацыя — грамадская, эканамічная і палітычная. Праходзяць працэсы прыватызацыі, праходзяць працэсы дэмакратызацыі жыцця. Я даходжу да вываду: калі крытычна ацэньваць гэтыя працэсы, больш у Польшчы, чым у Беларусі, паколькі сітуацыя ў Беларусі менш мне вядомая, то хочацца сказаць, што акрэсленне дэмакратыі не адназначнае. У Польшчы існуе, думаю, такое акрэсленне, якое сцвярджае, што дэмакратыя — гэта ўлада народа, але пад дыктант другіх дзяржаў. Якіх, я думаю, вы ведаеце. Такім чынам, у сувязі з тым, што ў Польшчы дэмакратыя праходзіць якраз у такім напрамку і ў такім змесце і ў сувязі з тым, што прыватызацыя праходзіла на такой аснове, што, як гавораць даследчыкі, вучоныя, маёнтак быў распрадаваны за адну дзесятую, адну пятнаццатую вартасці рэальнай гэтай маёмасці. І далей. Калі ўзяць пад увагу, больш як 13 мільярдаў унутранага задаўжэння і каля 70 мільярдаў даляраў вонкавага задаўжэння, то мушу сказаць, што перспектывы гэтай трансфармацыі даволі неадназначныя. Чаму аб гэтым гавару? Таму што не заўсёды такія ацэнкі, якія ўспрымае Польшча і другія краіны ў адносінах да Рэспублікі Беларусь, значыцца, калі Беларусь непаслухмяная некаторым другім краінам, дык яна й не дэмакратычная. Мне здаецца, што трэба было б глыбока застанавіцца над тым, ці сапраўды яно так ёсць. Калі ўлады цэнтральныя Рэспублікі Беларусь не дазваляюць на раскраданне маёмасці народнай, калі ўлады стараюцца, каб прыбытак ішоў на карысць усяго народа, а не прыватных бізнесменаў, а тым больш тым, якія з другіх краін прыязджаюць, аб чым гаварыў спадар прэзідэнт сёння, каб купіць за сімвалічныя грошы маёмасць, выпрацаваную народам. І пасля паяўляюцца такія працэсы, як хаця б у Беластоку, калі завод, у якім працавала шэсць тысяч рабочых, агранічвае затрудненне да не спаўна адной тысячы, а рэшткі выходзяць, як гавораць па-польску, на зялёную траўку, то паўстае пытанне, які далейшы лёс такой гаспадаркі, які далейшы лёс народа? Колькасць безработнікаў увесь час узрастае, заробкі памяншаюцца.

Гавару аб гэтым, шаноўнае спадарства, таму, што сапраўды гаспадарка, адказнасць за народ — справа вельмі скамплікаваная, гэта справа і маральная, я б сказаў, і прафесіянальная. Якраз у гэтым плане вельмі часта ў краінах, якія прыступаюць да трансфармацыі бескрытычна альбо пад дыктант другіх краін, праходзяць такія працэсы, на якія народ перастае мець які-небудзь уплыў.