Ніва № 22 (2351), 3 чэрвеня 2001 г.

Праблемы эканомікі Беларусі

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У днях 17-19 мая адбылася ў Бельску-Падляшскім канферэнцыя на тэму „Характар эканамічных перамен у Рэспубліцы Беларусь”, арганізаваная Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь пры фінансавай падтрымцы Фонда Конрада Адэнаўэра ў Варшаве. У працах канферэнцыі прынялі ўдзел даследчыкі з мінскага Інстытута прыватызацыі і кіравання ды гданьскага Інстытута даследавання рыначнай эканомікі.

Былы віцэ-міністр фінансаў Рэчы Паспалітай Войцех Місёнг прадставіў прысутным некаторыя праблемы польскай эканомікі. Праведзеныя ў апошнія гады рэформы не далі станоўчага выніку. Вынікае гэта, на думку дакладчыка, з раздзялення ў часе адміністрацыйнай рэформы, а не яе комплекснага, адначаснага правядзення. Гміны былі рэфармаваны ў 1990 годзе і ў выніку атрымалі шэраг кампетэнцый. Паветы і ваяводствы, якія паўсталі ў 1998 годзе, не могуць атрымаць прадбачаных ім магчымасцей. Сталася так таму, што за восем гадоў самаўрадавага вопыту з гмінамі ведамствы навучыліся бараніцца перад аддачай сваіх кампетэнцый ваяводствам і паветам. Сёння ў Польшчы нізкая ступень дэцэнтралізацыі: самаўрады распараджаюцца толькі 30% выдаткаў дзяржавы; сусветным лідэрам у гэтай галіне з’яўляецца Данія, дзе самаўрады выдаткоўваюць 70% усіх сродкаў.

Прадбачвалася, што ў сістэме аховы здароўя гміны мелі фінансаваць амбулаторыі і радзільні, паветы — бальніцы, ваяводствы і цэнтральная адміністрацыя — спецыялістычныя бальніцы. Асноўнай адзінкай у ахове здароўя меў быць павет, але паўсталі касы хворых, якія забралі ад самаўрадаў усе грошы і кампетэнцыі павета былі рэзка абмежаваны.

Даходы самаўрадаў бяруцца ў Польшчы з розных крыніц. Ёсць уласныя, напрыклад, падатак ад сабак, якога кошты збору ў 80% гмін перавышалі б вартасць сабраных грошай. Гміна мае таксама 27% удзелу ў падатках ад фізічных асоб (ваяводства — 1,5%) і 5% ад юрыдычных асоб (ваяводства — 0,5%); 95% павятовых даходаў і 88% ваяводскіх складае трансфер з дзяржаўнага бюджэту. Гміны атрымоўваюць і дзяржаўныя субвенцыі, якія служаць падтрымцы вёскі; налічваюцца яны паводле адмысловага алгарытму. Ёсць яшчэ мэтавыя датацыі, якія — паводле спадара Місёнга — парушаюць сістэму фінансавання самаўрадаў, бо залежаць ад суб’ектыўных рашэнняў нейкіх чыноўнікаў, аднак самаўрады „любяць” гэтыя грошы. Некаторыя войты сядзяць і правяць гмінай на месцы, а некаторыя пяць дзён у тыдні сядзяць у Варшаве і там дабіваюцца да 40% усіх гмінных даходаў. На сваю дзейнасць гміны могуць браць банкаўскія крэдыты, аднак гэтай формай фінансавання выдаткаў карыстаюцца толькі найбагацейшыя, бо бедныя не могуць паказаць крыніц сплаты крэдытаў. Крэдытная задоўжанасць гмін складае толькі 4% задоўжанасці дзяржавы. А амаль цэлы дзяржаўны доўг, гэта крэдыты, якія набраў Эдвард Герэк. Знешняя задоўжанасць Польшчы сёння роўная 38 мільярдам долараў і мае быць пагашана ў 2017 годзе.

Праблемы беларускай эканомікі прадставілі мінскія даследчыкі. Манетарная палітыка Беларусі за час суверэнітэту — гэта феномен, які павінен зацікавіць экзотыкалюбаў, — сказаў адзін з іх. Манетарную гісторыю Беларусі можна падзяліць на два перыяды: да 1995 года і пасля.

У першым этапе Беларусь дасведчыла ўсіх праблем развалу СССР і сацыялістычнай эканомікі, якія прывялі да гіперінфляцыі і выбуху цэн. Раней, у абставінах таварнага дэфіцыту, попыт перавышаў прапанову. Паколькі адсутнічаў валютны рынак, не было куды падзець грашовых лішкаў у людзей. Попыт той меў толькі адзін выхад — ашчаднасці ў банку. Стварала гэта інфляцыйны навіс, якога не было дзе атаварыць. Развал савецкай эканамічнай сістэмы і паяўленне валюты прывяло да рыначнай карэктуры макраэканамічнай раўнавагі. Устанаўлівалася новая сістэма цэн, што абумовіла гіперінфляцыю 1993-94 гг., калі цэны раслі на 2 000% у год.

У канцы 1994 года ў Беларусі пачалі праводзіць стандартную праграму стабілізацыі — на аснове рэкамендацый Міжнароднага валютнага фонду. Такім чынам дасцігнута была рэзкая дынаміка зніжэння інфляцыі. У студзені 1995 года месячны ўзровень інфляцыі быў роўны 39%, у лютым — 33%, у сакавіку — 20%, у красавіку — 14%, а ў маі — 4%. За цэлы год паказчык інфляцыі панізіўся да 330%, а валютныя рэзервы дзяржавы выраслі з нуля да 280 млн. долараў. За наступны год інфляцыя ўпала да 39%.

У тым жа 1996 годзе пачаўся рэзкі адкат ад заваяваных пазіцый. Дзяржава ўсіліла адміністрацыйны пачатак у кіраванні эканомікай. Дало гэта 2,3% росту валавога прадукту ў 1996 годзе, 11% у 1997 годзе, 8% у 1998 годзе і 3% у 1999 годзе. У выніку змяншэння дзяржаўных рэсурсаў, дзяржава стала падтрымліваць эканоміку крэдытнай эмісіяй цэнтральнага банка, якую на працягу года прыходзілася перавышаць у 2-3 разы. Прыватызацыя і раздзяржаўленне замаруджваліся, а неэфектыўныя прадпрыемствы стваралі пастаянны попыт на фінансавыя рэсурсы. Напрыклад, у калгасаў няма ўласных сродкаў на пасевы і ўборку і тыя сродкі вымушана выдзяляць дзяржава. Іншым прадпрыемствам прэзідэнт устанаўліваў аб’ёмныя задачы, не ўлічваючы дзяржаўных рэсурсаў. У выніку інфляцыі за паўгода абясцэньваліся грошы, прызначаныя на цэлы год і дзеля выканання прэзідэнцкіх задач грошы дадрукоўваліся. Нацыянальны банк Беларусі не можа супрацьдзейнічаць інфляцыі, бо яго старшыня з’яўляецца членам урада, назначаемым і адклікаемым — як і аўдытар Нацыянальнага банка — прэзідэнтам. А з гэтага заганнага круга без рэформы сістэмы ўлады няма выхаду.

У камбінаце „Белкалій”, які дае 25% валютнай выручкі дзяржавы, знос фондаў дасціг 80%; яго папаўненне без прыцягнення замежнага капіталу немагчымае. У падобных абставінах апынуліся і беларускія банкі. Праблему ўскладняе і немагчымасць хуткай пераарыентацыі з расійскага рынку; расійскі рынак нестабільны, яму пагражаюць спекуляцыйныя атакі. Гэтай узаемнай залежнасці двух эканамічных інвалідаў нельга будзе пазбыцца раней, чым праз 5-7 гадоў.

У Беларусі, дзеля папулісцкіх мэт, няма закону аб банкруцтвах і плана вырашэння ўзнікаючых пры гэтым сацыяльных праблем. Убытачныя прадпрыемствы гэта дэфіцытная сфера, якая паглынае ўсе дзяржаўныя рэсурсы. А замежнага капіталу не ўдасца прыцягнуць з-за неспрыяльнага прадпрымальніцтву клімату.

40% насельніцтва Беларусі лічыць прыватны сектар эфектыўнейшым за дзяржаўны, аднак столькі ж людзей адносіцца адмоўна да прадпрымальнікаў. На элементарным узроўні створаны рыначны механізм — цяпер у Беларусі паўмільёна прадпрымальнікаў, з якіх 30% хоча прытрымоўвацца свайго бізнесу. Аднак 40% прадпрымальнікаў не ахоўваецца законам, а 30% — часткова; на сённяшні дзень няма ў Беларусі вярхоўнасці закону. Многія людзі хочуць выйсці на прыватную дзейнасць, але перашкаджае ім шматлікасць абмежаванняў, напрыклад, трэба атрымаць ліцэнзію на кожны выраб, а пра гэта фармальна вырашае чыноўнік, а фактычна — хабар яму. Існуе доўгі пералік льготаў прадпрымальнікам, аднак актыўнасць бюракратаў зводзіць тыя льготы ў нішто. Дзяржкантроль можа правяраць усё і ў 2000 годзе 99% усіх правераных прадпрыемстваў былі пакараны штрафнымі санкцыямі.

У Беларусі на працягу сямі гадоў напалову паменшала колькасць банкаў. Ліквідаваны былі неплацежаздольныя банкі, галоўным чынам прыватныя і кантраляваныя дзяржавай, але створаныя „капіталістамі лацінаамерыканскага тыпу”, якія даводзілі банкі да банкруцтва. Праблемай, не толькі банкаў, з’яўляецца неспрактыкаванае на канкурэнтным рынку савецкае кіраўніцтва, якое трэба замяніць менеджэрамі.

Банкаўская сістэма Беларусі, накіраваная на фінансаванне дэфіцыту ўрада, банкаў і прадпрыемстваў — неэфектыўная. У банкі ўкладзены, у форме ашчаднасці грамадзян, грошы вартасцю каля 250 мільёнаў долараў, а на людзях, паводле ацэнак, знаходзіцца каля 2 мільярдаў долараў. Грошы ў банк нясуць галоўным чынам бедныя пенсіянеры, а багатыя ўносяць свае грошы ў рызыкоўную ценевую эканоміку, ад якой адсотак 2-5% у месяц.

Трывожыць дэмаграфічная структура ў Беларусі. Дзесяць гадоў назад пяцерых работнікаў абяспечвала траіх пенсіянераў, сёння траіх работнікаў абяспечвае двух пенсіянераў. За згаданыя дзесяць гадоў у Беларусь прыехала з Расіі 250 тысяч пенсіянераў, а з Беларусі выехала 300 тысяч чалавек у працаздольным узросце. За восем гадоў насельніцтва Беларусі паменшала на 320 тысяч чалавек, а лік працаздольнага насельніцтва ў 1988-99 гг. паменшаў на мільён чалавек. Колькасць жанчын у радзільным узросце перавышае на 700 тысяч колькасць мужчын-равеснікаў. Большасць мужчын не дажывае пенсіянерскага шасцідзесяцігадовага ўзросту; сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын — 56 гадоў, у жанчын — 74 гады.