Ніва № 22 (2351), 3 чэрвеня 2001 г.

Камісіі, з’езды і выбары...

Аляксандр МАКСІМЮК

Такія пытанні разглядаліся на сходзе Беларускага саюза, які адбыўся 22 мая г.г. Маюцца тут на ўвазе міжведамасная камісія па пытаннях нацыянальных меншасцей пры Міністэрстве ўнутраных спраў (нацыянальныя меншасці пасля доўгай вандроўкі вяртаюцца там, дзе знаходзіліся пры ПНР), якая збярэцца ў Варшаве пасля 20 чэрвеня ды будзе прысвечана беларускім пытанням, З’езд беларусаў свету, які адбудзецца 5-6 ліпеня ў Мінску і восеньскія выбары ў польскі парламент.

На камісіі па пытаннях нацыянальнай меншасці варшаўскае чынавенства пажадала сустрэцца з пяццю прадстаўнікамі ад Беларускага грамадска-культурнага таварыства і такой жа колькасцю ад Беларускага саюза. Туды трэба паслаць энергічныя асобы, якія штодзень жывуць нашымі праблемамі, — падказаў Сакрат Яновіч. Такіх як Сычэўскі, — тут жа дадаў пісьменнік, — але ў адваротны бок. Сход зразу і вылучыў чатыры супрацьстаўнасці старшыні БГКТ — Яўген Вапа, Лена Глагоўская, Славамір Іванюк і Юры Каліна. Пяты чалавек павінен паходзіць з асяроддзя самаўрадаўцаў.

Не было разыходжанняў наконт выезду ў Мінск на З’езд беларусаў свету. Усе мы чыталі, — нагадаў старшыня Саюза Я. Вапа, — заклікі да ўдзелу ў ім, але ніколі не сустракаліся, каб дамовіцца, як туды ехаць і што будзем у Мінску гаварыць. Сход пастанавіў, каб ад кожнай арганізацыі паехала прынамсі па два чалавекі. Свае заяўкі можна падаваць у нашу рэдакцыю, дзе знаходзіцца адмысловы спіс. Выезд адбудзецца за кошт саміх яго ўдзельнікаў.

Найбольш дыскусіі выклікала тэма восеньскіх выбараў у парламент. Пачаліся нефармальныя перамовы і тусоўкі. У бок беларусаў свой зрок накіроўваюць Унія свабоды („Шмат сімпатыі да іх, але чамусьці патыхае адтуль дамавінай”, С. Яновіч) і Унія працы, якая фактычна знаходзіцца ўжо ў структурах Саюза левых дэмакратаў. Моцна круціцца пры выбарах і Царква, якая афіцыйна, як і Я. Сычэўскі, палітыкай не займаецца. Царква прыклала шмат намаганняў (ліст 14-ці), каб даказаць, што ў змозе памазаць у спіс СЛД свайго кандыдата, але тут жа — паводле таго, што гаворыцца ў царкоўным закуліссі — не хацелася б ёй адназначна асацыявацца з СЛД. Задача не з простых. Гэта так, як сесці ў трамвай, застаючыся адначасна на прыпынку. У беларусаў гэтая дылема не такая вострая. Хаця і з’явілася сярод дзеячаў Саюза спакуса, каб сесці ў гэты трамвай і заехаць на ім у палітычную Варшаўку, але ўсе прынцыповыя выбары маладое беларускае асяроддзе зрабіла дэкаду назад. Язда тая абазначала б неабходнасць адступіцца ад невялічкай свабоды самастойна рабіць крок наперад, узад ці ўбок ды стаяць усё жыццё на зважай перад СЛДоўскім сланом. Невялічкая гэта свабода, але свабода.