Ніва № 22 (2351), 3 чэрвеня 2001 г.

Паказаць як жылі беларусы

Аляксей МАРОЗ

У вёсцы Новаберазова маладых гаспадароў мала. Самую вялікую частку жыхароў складаюць пенсіянеры. Некаторыя дамы пустуюць. Ева Мароз-Кэчынская разам са сваім мужам Андрэем пераўтварае бацькаву хату і гаспадарчыя будынкі ў Новаберазове ў музейныя аб’екты. Нядаўна яны закончылі першы этап рамонтных работ — у час урачыстасці новаберазоўскі настаяцель а. Яўгеній Здраеўскі асвяціў дом для музейнай дзейнасці. Пачалі прыязджаць турысты, якія цікавяцца старымі прыладамі працы і вясковымі збудаваннямі.

Захаваць старое

— Гэта апошняя хвіліна, каб захаваць даўняе, дзе жылі беларусы і паказаць гэта іншым. Саму ідэю стварэння музея навеялі мне турысты з Захаду, якіх я абслугоўваю як гід. Ёсць у нас будынкі ХІХ стагоддзя, але няма музейных аб’ектаў ХХ стагоддзя, а турысты хочуць таксама, каб паказваць ім як жылі праваслаўныя беларусы нядаўна. Падумалі мы стварыць жывы музей, бо надалей будзе жыць тут цёця Надзя. Маю надзею, што знойдуцца ў вёсцы людзі, якія пакажуць турыстам як раней сяляне ткалі на кроснах ці працавалі іншымі прыладамі. Паколькі не паклалі тут яшчэ сайдынгу на дамах, Новаберазова з’яўляецца цікавай для турыстаў вёскай, распаложанай на турыстычным шляху ў Ласінку, — сказала Ева Мароз-Кэчынская, па адукацыі этнограф, якую сустракаю перад бацькоўскай хатай у Новаберазове. — Людзі з нашых вёсак думаюць, што ў час наступу сучаснай культуры няма сэнсу паказваць беднае вясковае жыццё. Аднак жыццё на вёсцы можна паказваць турыстам як культурную каштоўнасць. Хаця многія прылады працы наводзяць у людзей сумныя ўспаміны, бо звязаныя яны з цяжкай працай у полі або дома, можна паказваць іх як музейныя экспанаты.

Не мяняючы выгляду хаты

Спачатку ідзем паглядзець драўляную хату, пабудаваную ў саракавыя гады і адноўленую ў гэтым годзе звонку. У хаце стаіць старая мэбля — драўляныя шафы, камоды і ложкі. У кухні і каморцы відаць, што нехта жыве, а вялікі пакой прыбраны для прэзентацыі турыстам. У куточках вісяць даўнія іконы, а побач іх вышываныя ручнікі. На ложках ляжаць капы, а на падлозе — саматканыя палавікі.

— Паставіла я тут мэблю, якой карысталіся бабуля з дзядулем. Даставілі яшчэ адну старую камоду, якую цёця Надзя прывезла з Арэшкава ды драўляную шафу. Хачу мяняць унутраны выгляд хаты ў залежнасці ад святаў і пары года, як было гэта раней. Можна гэта рабіць вешаючы новыя ручнікі і засцілаючы іншыя абрусы ды капы, — заяўляе Ева Мароз. — Амаль год я жыла ў Лондане, але гэта не маё месца. Не засталася я там працаваць сакратаркай, хачу нешта зрабіць для малой айчыны. Належу я да тых людзей, якім патрэбны свае карані, каб адчуваць раўнавагу.

Яшчэ перад хатай сустракаю суседку Марыю Аўласюк, а пасля цёцю Надзю Ляўчук, якія ўдакладняюць інфармацыі пра сям’ю Грыгорыя і Анастасіі Марозаў, якія паставілі ў саракавыя гады гэты дом. У каморы ідуць яшчэ рамонтныя працы. Будуць у ёй паказвацца стары посуд і хатнія прылады. Частка каморы будзе перароблена на ванную. Драўляная лесвіца вядзе на гарышча, дзе знаходзіцца выстаўка фатаграфій з конкурсу „Драўляная архітэктура рэгіёна Белавежскай пушчы”, арганізаванага ў Белавежы. Побач здымкаў — калаўроткі, на якіх прадзе зімой цёця Надзя.

Паказаць як карысталіся прыладамі

Самыя вялікія турыстычныя атракцыёны будуць у хлеўчыку, дзе стаялі конь і карова, а зараз знаходзіцца ткацкі варштат і сталярня. Апрача даўніх стругаў і раскінутых стружын знаходзяцца там часткі вітранак і нарожнікаў. Нядаўна памянялі іх на хаце, выкарыстоўваючы ўзоры з Войшкаў, бо ў самім Новаберазове нарожнікі рэдка сустракаюцца. Калі пераходзім у ткацкі варштат, Марыя Аўласюк пачынае складваць старыя кросны, тлумачачы, што называюць бёрдам, нічальніцамі, чаўнаком ці цэўкай. Пасля разам з цёткай Надзеяй жанчыны паказваюць як карыстацца ткацкімі прыладамі. У кутку стаяць гаршкі і спадарыня Марыя пачынае аповед пра падрыхтоўку ежы і пячэнне хлеба.

— Вось такія жанчыны патрэбныя, каб паказаць турыстам як калісь карысталіся кроснамі ці іншымі прыладамі. Гэта больш зацікавіць прыезжых чым самыя экспанаты, — з радасцю заяўляе Ева Мароз і расказвае, як з мужам Андрэем, сябрам Славамірам Каўмыкавым і нанятымі работнікамі працавалі, каб прывесці ў парадак хлеўчык і хату. Пасля прапануе прайсці ў клуню.

У старым драўляным гумне стаяць даўняя сячкарня і веялка, а на сценах развешаны фатаграфіі Евы і Андрэя Кэчынскіх з выстаўкі „Драўляныя цэрквы Беласточчыны”. Хутка паедуць яны ў Румынію на выстаўку, якая адбудзецца пад патранатам патрыярха Феакціста. Паміж клуняй і хлеўчыкам расце малады сад.

— Пасадзілі мы „славянскія” разнавіднасці яблынь: антонаўкі, крэнсэлькі, каштэлі, малінаўкі і добра было б упусціць сюды карову і авечку, каб і яны былі турыстычным атракцыёнам. У старым садзе паставім вуллі з саломы і шкла, каб можна было глядзець працу пчол і развіццё пчалярства, — заяўляе мая субяседніца. — Спадзяемся, што ў хуткім часе закончым рамонтныя працы і пачнем прымаць большую колькасць турыстаў.