Ніва № 21 (2350), 27 мая 2001 г.

Зберагчы ад забыцця

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Пад такім лозунгам 13 мая ў Гарадоцкім доме культуры адбыўся VIII Агляд абрадных калектываў, арганізаваны Беларускім грамадска-культурным таварыствам. У аглядзе прынялі ўдзел адзінаццаць калектываў з нашай часткі Беласточчыны.

З прывітальнымі словамі выступілі войт Гарадоцкай гміны Яўген Семянюк і старшыня Галоўнага праўлення БГКТ Ян Сычэўскі; агляд павяла Валянціна Ласкевіч.

Першымі на сцэну выйшлі самадзейніцы, згуртаваныя ў калектыве „Журавінка” з Агароднічак. Паказалі яны, як калісь адбываліся адведкі. Гутарка жанчын у час адведак высветліла многія вясковыя загадкі, а галоўным чынам раскрыла першапрычыну тых адведак. Гутарку жанчын упрыгожвалі песні, м.інш. „Чырвоная калінанька”, выкананыя звонкімі, зладжанымі галасамі.

„Крыўчанкі” з Крыўца праспявалі некалькі агулек-вяснянак. Галасістыя песні перапляталіся гумарэскамі пра вясенняе аранне, удзел цешчы ў куплі самахода і „ваўка”. Публіцы былі пастаўлены і небанальныя загадкі.

Калектыў „Расспяваны Гарадок” паказаў капанне бульбы. Гутарка жанчын на сцэне прыкоўвала асаблівую ўвагу гледачоў не толькі з-за зараду гумару, але таксама па прычыне прысутнасці ў ёй мясцовых тапонімаў і прозвішчаў.

Беластоцкі калектыў „Крыніца” паказаў вясельны абрад — блаславенне маладых бацькамі. Асаблівай характэрнасцю выступлення беластачан былі польскія запазычанні ў выступленнях дружак і дружбантаў — з’ява частая на нашым моўным памежжы. Беластоцкія самадзейнікі стараліся падкупіць публіку не толькі сцэнічнай руплівасцю, але таксама і шчодрасцю, частуючы першы рад галоўным вясельным напоем.

„Арэшкі” з Арэшкава паказалі зімовую вечарынку з газавай лямпай, кудзеляй, развітушкамі, матавілам, калаўроткам. Гутарку жанчын пра вясковыя справы перапляталі і песні, кранаючыя душу, і пробліскі гумару.

Вельмі цікавую пастаноўку паказалі „Красуні” з Краснага Сяла. У іх выкананні гледачы пабачылі, як калісь спраўлялі свята Юрыя. У той дзень сяляне выходзілі ў поле на агляд вясенніх ніў. Кум качаў хросніцу — каб хутчэй замуж выйшла, а на вымятым такім чынам лапіку поля качалі хлеб, каб запэўніць багаты плён і ў тым жа месцы спраўлялі маёўку.

Выдатна паказаліся самадзейнікі з Залук, якія ў кандэнсаванай форме паказалі многія ўрыўкі вяселля. Былі тут і сватанне дачкі, ад’езд і прыезд маладых, выкуп месца маладымі, „горкую”, плач маладой, валак з валкаўніцай у руках маршалка... Са сцэны плылі „Хвалі Дуная”, „Когда б имел златыя горы”, гумарэскі. А пасля спектакля самадзейныя артысты пачаставалі амаль усіх гледачоў каровіным і казіным сырамі.

На асаблівую ўвагу заслугоўвае выступленне самадзейнікаў з Рыбалаў. Калісь публіку запалоньвалі „Хлопцы-рыбалоўцы”, а сёння паспяхова прыйшло ім на змену маладое пакаленне тамашніх школьнікаў. Паказалі яны гагатуху — развітанне са старым годам. Вельмі багатая была гэтая інсцэніроўка, асабліва сцэнаграфія. Былі там і двор з плотам і брамкаю, і хата з саламянай страхой і печчу з комінам, і барана на страсе, і заткнуты дымнік, і сцежка высыпаная сенам, і варажбы дзяўчат і хлопцаў з дапамогай жывой (!) курыцы... А да таго ўсяго вершаваныя тэксты!

Парадавала гледачоў і „Рэчанька” з Козлікаў. Жанчыны паказалі вячоркі з вышываннем і вязаннем. Іхняя гутарка знаёміла прысутных з заблудаўскімі, нарваўскімі і рэпніцкімі навінамі. Паказалі яны і колішняе народнае лячэнне хамутом, майткамі і гладышом. А прынагодна можна было паслухаць песень „І сюды гара, і туды гара” ды „Сядзіць голуб на бярозе”.

Вячоркі паказалі і жанчыны з дашоўскай „Каліны”. Апрача вязання і вышывання былі тут яшчэ прадзенне і вырэзванне абрусоў. Была і кухня, і свякруха з нявесткай. І таксама плылі песні „Як нэ лае, то ворчыт”, „Стояла бэроза” і „Чырвоная вішня”.

Гарадоцкі агляд завяршылі ляўкоўскія „Цаглінкі”, якія паказалі заручыны. Публіка паслухала песень „Белы конь бяжыць” і „Цячэ рэчка з-пад мястэчка”, пабачыла танцы кракавяк і польку, пазнаёмілася з тымі хітрыкамі, якімі сваты набліжаліся да галоўнай здзелкі. А здзелку тую ляўкоўскія самадзейнікі мацавалі разам з публікай адмысловым напоем...

Публіка была статная, яе большасць складалі людзі сталага ўзросту. І збіралася яна няспешна, найбольшая шматлюднасць выпала на выступленне сваіх, гарадоцкіх — глядзельная зала была тады перапоўненая. З зыходам са сцэны гарадоцкіх самадзейніц пачаўся няспешны адліў і статнай публікі. Аднак да канца пяцігадзіннага агляду асталося больш за палову залы прыхільнікаў народнага мастацтва, а гэта сведчанне і высокай вартасці паказанага абраднага зместу, і мастацкай руплівасці выканаўцаў. Бо ж не дзеля тых шматлікіх ласункаў, якімі частавалі публіку самадзейнікі, гледачы трывалі там пяць гадзін, а дзеля прыгадання сабе таго выдатна паказанага мінулага, якое было ўспамінам асабістага ўдзелу гледачоў у іх шчаслівыя маладыя або дзіцячыя гады.

Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей. За апошняе паўстагоддзе ў нашым абшары збыліся мары шматлікіх пакаленняў, якія стваралі паказаныя абрады. Мары пра лепшае, лягчэйшае жыццё. Іх нашчадкі не прадуць ужо, не капаюць матыкамі бульбу, не пасвяць кароў, не спраўляюць заручын. Заміж хадзіць на вячоркі да суседзяў, падглядаюць зусім чужых людзей за шкляным экранам. Поруч са зменай жыццёвых абставін змяняюцца і звычаі. Аджывае традыцыя а разам з ёй і характэрныя ейныя абрады. Гарадоцкі агляд на парозе новага стагоддзя, якое накідаецца на нас хваляй глабалізацыі, змываючай мясцовыя адметнасці, прыгадаў нам некаторыя з іх. Прыгадалі нам іх жывыя яшчэ ўдзельнікі тых даўнішніх урачыстасцей, якія на працягу стагоддзяў стварылі нашы продкі і якія былі іскрынкамі радасці ў іх невясёлым, цяжкім жыцці. І за тую працу, якую нашы самадзейнікі выконвалі ў свае маладыя гады, за іх працу пры падгатоўцы і выкананні агляду — вялікае ім дзякуй!