Ніва № 21 (2350), 27 мая 2001 г.

Ян Тарасевіч на кампакт-дыску

Ганна КАНДРАЦЮК

Добрая навіна ўсім паклоннікам таленту Яна Тарасевіча. Варшаўская музычная суполка Acte Prealable, выдала першы кампакт-дыск з музыкай беларускага кампазітара*. На ім 24 фартэпіянныя і вакальныя творы ў выкананні самых знакамітасцей Беларусі: Ігара Алоўніка, Віктара Скарабагатава, Ганны Каржанеўскай, Ірыны Шумілінай, Тацяны Цыбульскай, вакальнага ансамбля „Славяне” пад кірункам Алега Гембіцкага. Кружэлка атрымала назначэнне ў катэгорыі сольнай музыкі ў конкурсе „Фрыдэрыкі 2000”.

Першы кампакт-дыск — добрае папаўненне ўсім нашым артыкулам, якія з 1994 года друкаваліся на старонках „Нівы”. Кружэлка прынясе не толькі эстэтычную асалоду але і адхланне ад штодзённай мітусні і хаосу. Музыка Тарасевіча жыццярадасная, насычаная святлом і вялікай фантазіяй. Дапрацаваная, з вялікай дбайнасцю пра форму і дэталі, што характэрна класіцы. Невыпадкова вучні Тарасевіча параўноўвалі свайго прафесара з Чайкоўскім, Шапэнам. Эстэтычная свядомасць кампазітара грунтавалася на рамантычнай традыцыі і фактычна ў нечым нагадвае шапэнаўскую. Ян Тарасевіч свядома працаваў у накірунку беларускай нацыянальнай школы, запачаткаванай вучнямі Рымскага-Карсакова. Лёгка сустрэць тут матывы беларускіх народных танцаў і песень, сугучнасць беларускаму краявіду (найбольш сакольскаму), непаўторны, сумны беларускі мелас. Пры тым ярка адчуваецца вытанчаны стыль самога кампазітара.

Ян Тарасевіч (1889-1961) пакінуў у сваёй спадчыне больш за сто твораў — ад фартэпіянных канцэртаў па фартэпіянна-інструментальныя кампазіцыі, вакальныя і харавыя творы. Першы кампакт-дыск з’яўляецца толькі прэзентацыяй, рэкламай асобы маэстра. Запіс уключае характэрныя і разнавідныя прыклады стылю, запрэзентаваныя ў час ІХ Фестывалю „Адраджэнне беларускай капэлы”, які адбыўся 29 кастрычніка 1999 г. у мінскім касцёле св. Роха на Залатой Горцы. Канцэртны запіс, калі ідзе пра яго тэхнічны бок, дасканала дапрацаваны (выдавец падрыхтаваў яго на заходні рынак). Усе творы вылучаюцца чысцінёй запісу, а апладысменты публікі тройчы прыводзяцца, каб нагадаць, што запіс зроблены ўсё-такі ва ўмовах канцэрта. Да кампакт-дыска прыкладзены буклет з біяграфіяй, фатаграфіямі і кароткай характарыстыкай творчасці Яна Тарасевіча і выканаўцаў — на польскай, беларускай, англійскай і рускай мовах.

Кружэлку горача рэкамендую моладзі, але не толькі... Яна спадабаецца кожнаму інтэлігентнаму і патрабавальнаму слухачу — у кожным узросце. Мой знаёмы студэнт падказаў, што Тарасевіча варта забраць у далёкае падарожжа. Ён сам пад музыку Тарасевіча святкаваў разам з грэкамі беларускае „Купалле” ў сонечных Афінах.

Кампакт-дыск Яна Тарасевіча можна заказаць у нашай рэдакцыі (30 зл. плюс кошт пасылкі) або непасрэдна ў выдавецтве па адрасе: www.kki.net.pl/~acteprealable/.

* Jan Tarasiewicz, Chamber and Vocal Works, PC 2000 Jan A. Jarnicki and Wydawnictwo Acte Prealable Sp z o.o.