Ніва № 21 (2350), 27 мая 2001 г.

Як гусь з парасём

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

9 мая адбылося пасяджэнне Канвента развіцця турызму Падляшскага ваяводства. Яно было прысвечана абмеркаванню праекта стратэгіі развіцця турызму ў Падляшскім ваяводстве да 2010 года. Праект сыходзіў са стратэгіі развіцця Падляшскага ваяводства, прынятага раней ваяводскім сеймікам. Пра згаданы праект, падрыхтаваны Кафедрай турызму і рэкрэацыі Беластоцкай палітэхнікі і падпісаны загадчыкам кафедры прафесарам Васілём Паскробкам, расказаў мне радны Падляшскага ваяводскага сейміка д-р Ян Зенюк.

Праект стратэгіі развіцця турызму ў нашым ваяводстве да нас ставіцца абыякава. Памяншаецца ў ім ролю нацыянальных меншасцей і праваслаўнага веравызнання. Пра нас згадваецца вельмі агульна, але канкрэтаў амаль няма. Наша ваяводства можа зацікавіць турыстаў, але толькі тады, калі мы пакажам яго адметнае багацце. Напрыклад, турыста з захаду Польшчы не будзе цікавіць касцёл, бо ён яму і так знаёмы. А вось менавіта ў стратэгіі пра каталіцкія касцёлы гаворыцца а, напрыклад, пра Грабарку згадваецца без ніякага апісання. Пра цэрквы згадваецца, але без агаворкі, што яны праваслаўныя, а не уніяцкія.

Не згадваецца Беларускі музей у Гайнаўцы, вынікам чаго з’яўляецца падзенне ліку турыстаў, якія наведваюць Гайнаўшчыну. Вось у 1998 годзе гайнаўскі рэгіён наведала пад 70 тысяч турыстаў, а Беласток — каля 90 тысяч. Год пазней, Беласток наведала каля 100 тысяч, а Гайнаўшчыну толькі каля 40 тысяч турыстаў, бо пра яе выдатнасці няма афіцыйнай інфармацыі, пра ўсё трэба даведвацца паціху.

Прапануецца стварыць Падляшскую рэгіянальную турыстычную арганізацыю, якая прапагандавала б Даліну Верхняй Нарвы, Бебжанскія багны, міжрэчча Піса-Нарва-Бебжа, Аўгустаў, Сувалкі і Сейны. А чаму няма там Белавежскай пушчы?

Згадваецца пра цікавы сакральны аб’ект у Супраслі — кляштар базыльянаў. А яго ж там няма! Ёсць там манастыр Благавешчання Прасвятой Дзевы Марыі. Таксама ў стратэгіі нічога няма пра турпраход шляхам праваслаўных храмаў, а пра Свята-Троіцкі сабор у Гайнаўцы і зусім не згадваецца. У стратэгіі ўжываецца тэрмін „рэлігійныя меншасці”, а такіх няма. Павінна быць „вернікі” канкрэтнай канфесіі...

Вельмі часта, калі гаворыцца пра трансгранічнае супрацоўніцтва, згадваецца пра еўрарэгіён „Нёман”, які існуе толькі на паперы. А павінна ж быць супрацоўніцтва нашых ваяводскіх улад з уладамі Гродзеншчыны і такое супрацоўніцтва павінна вызначаць усё далейшае. Вось менавіта, калі лідэр Еўрасаюза пабываў у Польшчы, ён наведаў Люблін, які супрацоўнічае з Брэстам і Роўным, бо яго цікавіла мясцовае супрацоўніцтва з Усходам...

— Я дамагаўся, заявіў Ян Зенюк, каб наладзіць супрацоўніцтва з Гродзенскім абласным саветам народных дэпутатаў; усе былі за, але без канкрэтаў. А такое супрацоўніцтва патрэбнае з траіх прынамсі прычын:

— Афіцыйныя асобы Гродзеншчыны зацікаўлены функцыяніраваннем нашых устаноў, нашай дэмакратыі. Нашы дасведчанні маглі б паўплываць на змены ў іх, бо менавіта ўлады могуць пра ўсё вырашаць, а не апазіцыя, якая не мае там значэння. А яны ж самі не паедуць да нас.

— Год назад я быў у Мінску, прадавалі там бульбу з Германіі. А ў нас няма куды яе падзець... Таксама і іншыя вырабы можна было б завозіць у Беларусь, што актывізавала б нашу эканоміку і спрыяла б паніжэнню беспрацоўя.

— Культурна-асветны абмен падняў бы ўзровень культурнай актыўнасці, тармазіў бы заняпад меншасцей.

На мае захады пра згаданае трансгранічнае супрацоўніцтва ў Сейміку адказвалі, што такімі справамі займаецца Міністэрства замежных спраў. Тады я направіў у МЗС запыт ці ёсць нейкія засцярогі адносна супрацоўніцтва паміж Сеймікам Падляшскага ваяводства і Гродзенскім абласным саветам дэпутатаў. 19 красавіка атрымаў адказ, у якім напісана: MSZ traktuje aktywnosc zagraniczna podmiotow wladzy regionalnej i lokalnej, w tym mozliwosci zawierania przez wladze samorzadow wojewodzkich porozumien z partnerami zagranicznymi jako integralna czesc ich uprawnien zagwarantowanych aktualnie istniejacymi aktami legislacyjnymi (...) MSZ nie zglasza zastrzezen co do ewentualnego nawiazania przez wladze samorzadowe Wojewodztwa Podlaskiego wspolpracy z Rada Deputowanych Obwodu Grodzienskiego Republiki Bialorus z zachowaniem wymogow ustawowych.