Ніва № 21 (2350), 27 мая 2001 г.

ХХІІ Дні Бельска-Падляшскага

Аляксей МАРОЗ

Бельскі дом культуры запрашае на ХХІІ Дні Бельска-Падляшскага, якія з 27 мая па 3 чэрвеня 2001 года будуць адбывацца ў гарадскім амфітэатры, доме культуры, бібліятэцы, на стадыёне, у школах і іншых гарадскіх установах.

Найбольш атракцыёнаў будзе ў першы дзень мерапрыемства і ў апошні. Плануецца, што 27 мая ў гарадскім амфітэатры выступяць айчынныя і замежныя калектывы, у тым ліку ансамбль беларускай народнай песні „Вяселле” з Ваўкавыска. У развітальны дзень — 3 чэрвеня — у ходзе прэзентацыі адзінаццаці бельскіх калектываў у амфітэатры заспяваюць беларускія гурты „Журавінка”, „Дзявочыя ноткі”, „Васілёчкі” і „Маланка”, а закончыць мерапрыемства эстрадная зорка Элені, грачанка па нацыянальнасці. У апошні дзень прадбачваюцца шматлікія конкурсы і гульні.

Апрача канцэртаў арганізатары прапануюць сустрэчы з паэзіяй, мастацтвам і фатаграфіяй. Адбудуцца таксама спартыўныя спаборніцтвы. У аўторак (29 мая) прадугледжваецца прэзентацыя артыстычных дасягненняў бельскіх падставовых школ і гімназій. Па-беларуску заспяваюць дзяўчаты з „Журавінкі”, а беларускія вершы прачытаюць пераможцы Цэнтральных элімінацый дэкламатарскага конкурсу „Роднае слова 2001”, якія вучацца ў бельскай „тройцы”. Гэтага ж дня ў Гарадской публічнай бібліятэцы падведзены будуць вынікі паэтычнага конкурсу, арганізаванага сярод вучняў бельскіх школ. З гасцінным канцэртам царкоўнай музыкі ў пятніцу (1 чэрвеня) выступіць праваслаўны хор „Макраньяц” з Бялграда, удзельнік ХХ Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы.

Дырэктар Бельскага дома культуры Сяргей Лукашук адзначыў, што сёлетняя праграма Дзён Бельска-Падляшскага больш сціплая за мінулагоднюю па фінансавых прычынах. Асабліва паменшылася колькасць сродкаў ад спонсараў.