Ніва № 20 (2349), 20 мая 2001 г.

Фільм аб нечалавечым свеце

Мікола ВАЎРАНЮК

Дакументальны фільм „Чарнобыльцы”, аўтарства Юрыя Каліны з Беластоцкага асяродка Польскага тэлебачання і Лешка Валосюка — кракаўскага публіцыста — атрымаў узнагароду Гран-пры Міжнароднага конкурсу, сарганізаванага Асацыяцыяй еўрапейскіх рэгіянальных тэлебачанняў Circom Regional.

— Гэта напэўна найважнейшая ўзнагарода для рэгіянальнага тэлебачання, — сказаў Дэйвід Ловэн, старшыня конкурснай камісіі. — Гэта таксама шанс паказаць, што вельмі добрыя праграмы, якія кранаюць важныя айчынныя і міжнародныя падзеі, могуць узнікаць па-за сталіцамі.

Circom Regional аб’ядноўвае 360 рэгіянальных тэлецэнтраў з усяе Еўропы. Конкурс на іх прадукцыю — дакументальныя фільмы, інфармацыйныя і публіцыстычныя праграмы — праводзіцца ўжо дзесяць гадоў. У гэтым годзе дайшла ўзнагарода Еўрапарламента ў катэгорыі cross-border — любыя формы трансгранічнага супрацоўніцтва.

Сёлета на конкурс паступіла 180 праграм з 20-і краін, у тым ліку каля 80-і дакументальных фільмаў. Журы, якое засядала ў Стакгольме, найлепшымі ў сваіх катэгорыях прызнала інфармацыйны выпуск Гданьскага тэлебачання „Панарама” і „Чарнобыльцаў” Юрыя Каліны.

„Чарнобыльцы” — гэта расказ пра жыхароў атручанай радыяцыяй зоны: тых, якія там жывуць і тых, хто быў прымушаны яе пакінуць. Фільм быў зняты наступным чынам. Спачатку Лешак Валосюк пераклаў кнігу Святланы Алексіевіч „Чарнобыльская малітва”, а потым, вясною 2000 года, дамовіўся з Юрым Калінам, што здымуць размову з аўтаркай у Беларусі. „Тэлебачанне гэта не радыё, — сказаў Каліна, — нават найцікавейшая размова ў ім нудная. Трэба паказаць тыя месцы, пра якія піша Святлана Алексіевіч”.

Паехалі ў зону. Вынікам тае паездкі быў фільм „Радыяцыйна-экалагічны парк” для першай праграмы Польскага тэлебачання. І набыты досвед. Калі выязджалі з абгароджанай калючым дротам тэрыторыі, у Нароўлі затрымала іх міліцыя і пратрымала на ўчастку да чацвёртай гадзіны раніцы. Усё намагаліся прагледзець запісы на касетах. Паколькі Беластоцкае тэлебачанне працуе на новых лічбавых касетах, малых па сваім аб’ёме, міліцыянты спрабавалі нават усадзіць іх у плэер. Развіталіся па-сяброўску, ахоўнікі парадку абяцалі наступным разам прапусціць здымачную групу, толькі прасілі рабіць усё афіцыйна.

Другі раз у Чарнобыльскую зону паехалі на Радаўніцу. Міліцыянты ў Нароўлі слова не стрымалі і машыну з камерай за калючы дрот не пусцілі. Давялося пакарыстацца дапамогай польскага ксяндза з Мазыра, які нясе душпастырскую паслугу таксама ў зоне, і папрацаваць інкогніта. У выніку, былі запісаны размовы з колішнімі жыхарамі мясцін, якія пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС апынуліся пад смяротнай радыяцыяй і былі знесены з паверхні зямлі. Гэтыя людзі, параскіданы па ўсёй Беларусі, а то і па іншых рэспубліках былога Савецкага Саюза, адчуваюць горыч і крыўду за свой лёс. Не ўсе ў новым месцы прыжыліся. Усё больш іх адыходзіць па той бок, дзе вечнасць. Жывыя наведваюць іх на Радаўніцу.

Некаторыя нелегальна вярнуліся ў свае вёскі. Жывуць у мёртвай зоне, вырошчваюць гародніну, гадуюць жывёл, ловяць рыбу. Іх новымі суседзямі сталі г.зв. бамжы — бяздомныя, насельнікі ацалелых ад бульдозераў дамоў. Гэта пераважна своеасаблівыя філосафы, індывідуумы, якім у стандартным грамадстве цесна.

З гэтых размоў, з уважлівага назірання людзей у нечалавечым свеце і ўзнік фільм „Чарнобыльцы”. Пазбягае ён каментарыяў, маралізатарства. Гэта добрае кіно, ад якога бягуць дрыжыкі па спіне.