Ніва № 19 (2348), 13 мая 2001 г.

Беларуская Фінляндыя

Ганна КАНДРАЦЮК

Нягледзячы на турыстычны сезон, у Браславе веяла безнадзейнай нудотнасцю. Пустэча і вялы рытм жыцця нагадвалі пра крызіс у краіне. Панавала нейкая нездаровая нецікавасць да ўсяго і ўсіх.

— Яшчэ крыху і пачнем паўтараць рытуальнае „всё нармальна”, — жартавалі мы.

Вакол рынку, і заадно вакол нашай лавачкі, кружыла міліцыйная машына.

— Уявіце, што забіраюць нам пашпарты, — пачаў Вячаслаў.

Яго жарт пасаваў да месца і сітуацыі. У нас не было канкрэтнай прапіскі і... чаплялася беларуская манія праследу. Што ўсё тут з усім спалучанае, заклепанае, мэтанакіраванае, а мы як замежныя госці пад спецыяльным наглядам.

Здаровы інстынкт падказваў нам чым хутчэй развітацца з горадам. З другога боку — вабілі пляж і возера Дрывяты, атракцыёны мясцовай турбазы.

* * *

Доўга кружылі мы па наваколлі, па лясах, у пошуках добрага месца для абозу. У канцы наткнуліся на „афіцыйную” моладзь. Іх месца было пазначана чырвона-зялёным сцягам. Дзяўчаты і хлопцы, апранутыя ў спартыўныя касцюмы, падобныя на міліцыйную форму, варылі вячэру. Ад іх гаршкоў ішоў непрыемны пах, які на вялікую адлегласць значыў лясное паветра.

— Вось табе і экспансія, — дзіваваліся мы, хутка пакідаючы сустрэтую кампанію і той пах.

— Такім пахам можна прагнаць самага лютага ворага!

Нашы далейшыя пошукі апынуліся пад пагрозай. Найбольш хвалявала адсутнасць указальнікаў ці нейкай інфармацыі. Браслаў і наваколле — адзін з буйнейшых турыстычных рэгіёнаў, быццам кпіў з нашай патрабавальнасці. У вочы, як маніякальны прывід, кідаўся манумент — памежны знак калгаса „Зорька”, у форме ўсечанай піраміды.

* * *

У канцы зноў вярнуліся мы ў Браслаў, а дакладней, на пляж, што акаляе Замкаву гару і частку горада. Возера Дрывяты, як сапраўднае мора, сцелецца па небакрай. Яго памеры — 10 кіламетраў даўжыні, 4 шырыні, агульная плошча 36 100 гектараў. На возеры шэсць невялікіх астравоў. Усе браслаўскія азёры, якіх у раёне за трыста, займаюць плошчу 130 квадратных км. Пасля Дрывят найбольшыя: Снуды, Струста, Воласа Паўночны, Воласа Паўднёвы. Тутэйшы краявід сапраўды нагадвае Фінляндыю. Азёры распаложаны сярод узгорыстага рэльефу з разнастайнымі формамі водна-ледавіковай нагрузкі — камамі, озамі. Большасць з іх звязана невялічкімі рэчкамі, канавамі і пратокамі. У азёрах захаваліся рэдкія і старажытныя віды жывёл: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда рэліктавая; сярод раслін: гарлачык жоўты малы, гідрыла кальчаковая, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

* * *

Прырода Браслаўшчыны ахоўваецца дзяржавай і ў будучыні мае шанц стаць экалагічным атракцыёнам Еўропы. Нацыянальны парк „Браслаўскія азёры”, які ўзнік у 1995 годзе, займае 71,5 тысяч гектараў. Яго паўночная мяжа пачынаецца на Друі і далей, паўз латышскую мяжу цягнецца на 56 км. На поўдні сягае па Богінскае возера. Браслаў і згаданыя возеры разам складаюць цэнтр парку. Гэту азёрна-лясную краіну найлепш аглядаць з самалёта. Большасць прасторы займаюць лясы (46%) і азёры (17%). Лясы згуртаваныя ў два комплексы: Друйская лясная дача на поўначы і Богінска-Бяльмонцкая пушча на поўдні. Тут сустрэнеце рэдкія віды дрэў як сібірская лісцвенніца ці карэльская бяроза. Сярод мясцовай флоры за 500 відаў, таксама скандынаўскія віды, як карлікавая бяроза і марошкавая маліна.

Браслаўскі запаведнік — сапраўдны птушыны рай. Паводле назіранняў арнітолагаў, у парку жыве 85% відаў птушак, якія засяляюць усю Беларусь. Палова — выміраючы гатунак: арол белы, беркут, рыбалоў, арлан-белахвост, цецярук, чорны бусел, журавель, глушэц ці белая курапатка.

* * *

Вечарэла і мы рашылі падацца ў Шаркаўшчыну. Аставацца тут на начлег мы не мелі ні сілы, ні адвагі. Невыносна хацелася сагрэцца атмасферай дому.

— Бульбы, дранікаў, картошкі... — дамагалася ад ранку Цалінка.

Здаровы інстынкт падказаў нам памачыць ногі ў Дрывятах, пасля чаго мы пачулі, як стома і нуда сплывае ў ваду. Прырода Браслаўшчыны мае гаючыя якасці. Асабліва азёры. Быццам рукой здымаюць усякія жахі, выкліканыя шокам кантрастаў або псіхічным прыгнётам.

Сам горад таксама падорыў нам добры ўспамін. Адзіным чалавекам, які размаўляў з намі на беларускай мове быў каменячос. Дзядзька, карыстаючыся крышталёвай беларушчынай, з усёй сілы хацеў дапамагчы.

— Ці не паэт, або мастак быў той каменячос, — гадалі мы, прыводзячы гайнаўскі вопыт.