Ніва № 19 (2348), 13 мая 2001 г.

Андрэй Жукавец перад Апеляцыйным судом

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

2 мая адбыўся чарговы разгляд справы беларускага прадпрымальніка Андрэя Жукаўца (гл. „Ніва” н-ры 8, 12, 15 і 18). Рашэнне Акруговага суда ў Беластоку, які палічыў экстрадыцыю падсуднага ў Беларусь законнай, абскардзіў перад Апеляцыйным судом у Беластоку ягоны заступнік Ян Хайноўскі. Сам адвакат не мог прысутнічаць на разглядзе, аднак ён сам, так як і ўсе апошнія суб’екты судовага разгляду, у іх ліку і падсудны, згадзіліся разглядаць справу без Яна Хайноўскага; за Андрэя Жукаўца заступаўся цяпер толькі Здзіслаў Кішкель.

Абаронца звярнуў увагу, што ў Беларусі, якую на пачатку незалежнасці лічылі дэмакратычнай дзяржавай, адбылася эвалюцыя ўлады. Адзін чалавек захапіў усё, праследуючы праціўнікаў сваёй дыктатуры; пра гэта сведчаць рапарты міжнародных праваахоўных арганізацый. У Беларусі ствараюцца фіктыўныя юрыдычныя асновы дзеля крымінальных абвінавачванняў дзеячаў апазіцыі; найчасцей гэта абвінавачанні ў выманьванні і махлярстве. Але выступаюць там і іншыя формы знішчання апазіцыі — гінуць людзі і ніхто іх не шукае. Сына Тамары Віннікавай, якая атрымала палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, мінскія ўлады абвінавацілі ў валоданні наркотыкамі. Сам Лукашэнка заявіў, што бярэ на сябе „адказнасць за вынікі судовых разглядаў” вялікіх эканамічных афёр. Чаму, — пытаў Здзіслаў Кішкель, — праследуецца толькі Андрэй Жукавец, калі не абвінавачваецца другі саўладальнік фірмы?

Падсудны, Андрэй Жукавец, звярнуў увагу, што ягоную экстрадыцыю ў Беларусь выкарыстала б рэжымная прапаганда, паказваючы, што дэмакратычная Польшча выдала апазіцыянера-злодзея. І перад восеньскімі выбарамі паказвала б, што апазіцыя, гэта банда злачынцаў. У адносінах да яго самога не было закідаў, пакуль банкі былі прыватныя. Як можна гаварыць пра выманьванне крэдытаў у 1997 годзе, — гаварыў ён, — калі органы, якія разглядалі справу, не арыштоўвалі яго да 1999 года? Я ніколі не хаваўся перад беларускімі судамі, хаця лічу, што з прыходам Лукашэнкі да ўлады ў Беларусі няма правасуддзя. А ў Польшчу я прыехаў, як у дэмакратычную дзяржаву, як да братоў.

Хаця ў абодвух выступленнях клаўся націск на палітычны кантэкст справы, Апеляцыйны суд не браў яго нават пад увагу, а засяродзіўся на фармальных хібах Акруговага суда. Апеляцыйны суд палічыў, што рашэнне Акруговага суда было прынята без вымаганага мінімуму следчых матэрыялаў для разгляду справы. Матэрыял з Беларусі абмяжоўваецца толькі да фармальнага звароту і копіі пракурорскага рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы. А польскі суд павінен выпрацаваць меркаванне, ці паводзіны падсуднага маюць прыметы незаконнага дзеяння; з беларускіх матэрыялаў пра гэта меркаваць немагчыма. Суд жа павінен высветліць, ці з пункту гледжання польскага заканадаўства закід мае характар крымінальнага злачынства, казначэйскага правапарушэння, ці дзеяння не парушаючага закон і на гэтай аснове меркаваць пра заканамернасць экстрадыцыі. Акруговы суд павінен звярнуцца ў Беларусь за мерытарычным папаўненнем экстрадыцыйнага звароту і толькі на аснове неабходных матэрыялаў будзе мог меркаваць пра дапушчальнасць выдачы Андрэя Жукаўца.

Апеляцыйны суд не вынес свайго рашэння па прычыне згаданай адсутнасці дакументаў, толькі адхіліў рашэнне Акруговага суда і вярнуў справу для паўторнага разгляду. Арышт Андрэя Жукаўца, які для экстрадыцыйнага разгляду неабавязковы, Апеляцыйны суд замяніў на паліцэйскі нагляд.