Ніва № 19 (2348), 13 мая 2001 г.

Якім будзе музей?

Аляксей МАРОЗ

Удзельнікі Агульнага сходу членаў Грамадскага камітэта пабудовы музея і асяродка беларускай культуры ў Гайнаўцы (ГКПМіАБК), які прайшоў 28 красавіка 2001 года ў музейнай кіназале, не заснавалі фонду музейнай дзейнасці, пра які гаварылася да з’езда. Прысутныя выбралі 15-асабовую ўправу Камітэта пабудовы музея і прынялі праграму будаўнічай і музейнай дзейнасці на найбліжэйшыя 3 гады. Тыдзень пазней Управа вылучыла прэзідыум з сямі чалавек. Старшынёю ГКПМіАБК стаў Ян Хіліманюк, а яго намеснікамі — Уладзімір Пятрочук і Мікола Клімюк.

Сход пачаўся з выбару вядучага пасяджэнне, якому старшынстваваў Мікола Клімюк і ўшанавання хвілінай цішыні памяці памерлых больш за 20 членаў ГКПМіАБК, у тым ліку Аляксандра Іванюка і Міколы Гайдука.

Дзеля музейнай дзейнасці

Са справаздачай і планам абсталявання музея выступіў намеснік старшыні ўправы Камітэта пабудовы музея Ян Хіліманюк. Паводле яго, неўзабаве пачнецца выкананне пастаяннай экспазіцыі. Падпісана ўжо дамова з мастаком Эдуардам Агуновічам з Мінска, які пасля 15 мая павінен прыехаць у Гайнаўку афармляць выстаўкі. Дамова заключана таксама з гайнаўскім этнографам Нэляй Шчукай, якая пачне сваю працу ад падрыхтоўкі і навуковай апрацоўкі экспанатаў звязаных з харчаваннем.

— Музей — гэта ў 80% навуковая дзейнасць, а толькі ў 20% выставачная. Каб паказаць нейкі экспанат, трэба спачатку сабраць пра яго інфармацыю і апісаць яго. Сучасны музей — гэта экспанаты і матэрыялы, якія тлумачаць прызначэнне вясковых прылад і спосаб іх вытворчасці. Неабходны відэафільмы, магнітафонныя плёнкі і дэталёвыя апісанні. Напрыклад, у музеях заходніх краін побач музычных інструментаў дэманструюцца відэафільмы, якія паказваюць ігру на іх. Апрача этнографаў да пастаяннай працы ў музеі патрэбны гісторыкі і моваведы, паколькі пастаянныя выстаўкі трэба мяняць кожныя 4-5 гадоў, — заявіла этнограф Нэля Шчука.

Намеснік старшыні ГКПМіАБК паінфармаваў, што на падрыхтоўку пастаяннай экспазіцыі спатрэбіцца каля 200 тысяч злотых. Гэтыя сродкі музей хоча атрымаць ад дзяржаўных, ваяводскіх і гмінных улад ды няўрадавых арганізацый. Зараз у музеі захоўваецца каля паўтары тысячы экспанатаў. У час дыскусіі ўдзельнікі сходу заклікалі збіраць экспанаты для музея. Выконванне пастаяннай экспазіцыі, якое пачнецца ў маі г.г., спачатку будзе весціся на ўласныя сродкі Камітэта. У зале, адведзенай на камерцыйныя і сезонныя выстаўкі, цяпер адбываюцца пасяджэнні вайсковай прызыўной камісіі. Ян Хіліманюк паказаў прысутным копію дамовы трыццацігадовай даўнасці паміж БГКТ і Акруговым музеем у Беластоку аб добраахвотнай перадачы яму экспанатаў з Этнаграфічнага музея ў Белавежы. Гэтыя экспанаты знаходзяцца цяпер у Сельскагаспадарчым музеі ў Цеханоўцы і зараз вядуцца перамовы аб вяртанні нявыкарыстаных імі беларускіх вырабаў і прылад.

Пра пабудову музея

Ян Хіліманюк звярнуў увагу на дзве вялікія грашовыя датацыі, перададзеныя на пабудову музея: дзяржаўную датацыю, якая была атрымана дзякуючы дамове, падпісанай у 1996 годзе паміж Камітэтам пабудовы музея, БГКТ і ваяводам, як прадстаўніком урада, якім кіраваў Владзімеж Цімашэвіч ды датацыю Польска-швейцарскай камісіі злотавых фондаў, атрыманую ў мінулым годзе (разам каля 1 мільёна новых злотых). Паінфармаваў ён таксама, што апошнім часам Камітэт атрымаў ад суайчыннікаў з Амерыкі 9 тысяч долараў, сабраных часопісам „Беларускі Дайджэст” і перададзеных яго рэдактарам Міколам Прускім. Будаўнікі музея зрабілі падлік, на падставе якога можна акрэсліць, што даравальнікамі сродкаў на Беларускі музей у Гайнаўцы былі: Міністэрства культуры Польшчы (713 тыс. зл.), Польска-швейцарская камісія злотавых фондаў (263 тыс. зл., а з сёлетняй датацыяй — 550 тыс. зл.), горад Гайнаўка (32 тыс. зл.), Гайнаўская гміна (29 тыс. зл.), Гайнаўскі павет (10 тыс. зл.), прыватныя асобы і ўстановы (363 тыс. зл.), ахвяравальнікі з Беларусі (104 тыс. зл.) і даход з гаспадарчай дзейнасці музея (108 тыс. зл.). Ян Хіліманюк паведаміў, што закончаны ўжо будаўнічыя працы ў выставачных залах і неўзабаве пачнецца тынкаванне звонку. Пра тэрмін заканчэння інвестыцыі прамоўца нічога канкрэтнага не сказаў. З дыскусіі вынікала, што можа яно адтэрмінавацца на многія гады.

Перавыбары і ўказанні

Новая ўправа выбрана была ў тайным галасаванні. З ліку 19 кандыдатаў, якіх запрапанавалі прысутныя, удзельнікам трэба было выкрасліць 4 прозвішчы. Ва ўправу выбраны былі: Аляксандр Баршчэўскі з Варшавы, Пётр Германюк з Аўгустова, Ян Сычэўскі з Беластока ды 12 прадстаўнікоў Гайнаўшчыны: Анатоль Ахрыцюк, Уладзімір Іванюк, Ян Карпюк, Ян Карчэўскі, Мікола Клімюк, Мікалай Нікалаюк, Уладзімір Пятрочук, Вольга Рыгаровіч, Васіль Сакоўскі, Ян Сухадола, Аляксей Харкевіч і Ян Хіліманюк. У рэвізійную камісію ўвайшлі: Уладзімір Юзвюк (Беласток), які стаў яе старшынёю, Хведар Галёнка (Варшава), Віктар Бура, Ілья Агіевіч і Ніна Прыступюк (усе з Гайнаўкі). У час з’езда быў зменены тэрмін паўнамоцтваў управы з 5 на 3 гады (у яўным галасаванні чатыры асобы супрацівіліся гэтай прапанове і адна стрымалася ад галасавання — на больш за 50 удзельнікаў). Яўным галасаваннем уведзены былі змены ў статут ГКПМіАБК, сярод якіх адна датычыць спынення дзейнасці ГКПМіАБК, якое можа адбыцца толькі на падставе пастановы Агульнага сходу яго членаў. Прысутныя, заслухаўшы выступленне старшыні рэвізійнай камісіі Уладзіміра Юзвюка, які станоўча ацаніў працу ўправы, адобрылі яе дзейнасць ды павысілі гадавую складчыну для членаў Камітэта пабудовы музея да 24 злотых.

Ва ўказаннях для ўправы ГКПМіАБК, прынятых у час пасяджэння, кладзецца націск на завяршэнне пабудовы музея, наладжанне пастаяннай экспазіцыі, збор экспанатаў і сродкаў на завяршэнне пабудовы, прыцягненне да дзейнасці ў музеі мастакоў беларускага паходжання, якія маглі б арганізаваць часовыя выстаўкі. Рэкамендуецца таксама весці асветную і культурную дзейнасць на аснове бібліятэкі і супрацоўніцтва з музеямі ў Польшчы і Беларусі. Прысутныя вырашылі, што дзейнасць Грамадскага камітэта абапірацца будзе, у галоўным, на гаспадарчай дзейнасці і запрапанавалі выступіць да польскіх мытнікаў з просьбай перадачы ў музей ікон, канфіскаваных у кантрабандыстаў у час гранічных кантроляў.

У ходзе дыскусіі крытыкаваліся ўлады нашай краіны, якія спынілі дапамогу музею і Сеймік Падляшскага ваяводства, які дагэтуль не бачыць патрэбы дапамагаць пабудове музея ў Гайнаўцы. Пасол Сейма Ян Сычэўскі і радны Сейміка Падляшскага ваяводства Ян Зенюк крытыкавалі палітыку ўрада і самаўрадавых ваяводскіх улад у адносінах да беларусаў. Хведар Галёнка з Варшавы звярнуў увагу на дыскрымінацыю беларусаў у Польшчы і прапанаваў выступіць з пратэстам у гэтай справе ў Еўрасаюз. Уладзімір Юзвюк у сваім выступленні безыменна абвінаваціў некаторых беларускіх дзеячаў у Польшчы ў абыякавым падыходзе да справы пабудовы музея.

Удзельнікі схода ўшанавалі ахвярную працу і адданасць для справы будовы музея Канстанціна Майсені, які з 1984 года старшыняваў Камітэту, збіраў сродкі і кіраваў будовай. Прысутныя стоячы ўзнагародзілі яго бурнымі апладысментамі і аднадушна прысвоілі яму званне ганаровага старшыні ГКПМіАБК у Гайнаўцы.

У час пасяджэння былі зачытаны пажаданні плённай працы ўдзельнікам схода ад маршалка Падляшскага ваяводства Славаміра Згжывы, а прысутны на сустрэчы консул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Карачун да сваіх пажаданняў далучыў кніжны падарунак, які папоўніў кнігазбор музейнай бібліятэкі.