Ніва № 18 (2347), 6 мая 2001 г.

Вандроўка па старажытным Браславе

Ганна КАНДРАЦЮК

Замкавая гара ў Браславе нагадвае вулкан. Мова не толькі пра знешні выгляд гарадзішча. Звонку акаляе яе падвойны насып, сёння аброслы кустоўем і дрэвамі. Час ад часу сярэдзіна гарадзішча „прачынаецца”. Над ёю ўзносіцца слуп паднятага ветрам пяску і пылу. Гэтая з’ява была вядомая ўжо ў старажытным Браславе. І толькі яна рэальна захавалася ад пачатку легендарнага тут горада.

* * *

Знаёмства з Браславам пачынаем ад наведання Краязнаўчага музея. Знаходзіцца ён у драўляным будынку ў цэнтры горада. Сярод экспазіцыі археалагічныя знаходкі з Браслава, Іказні, Дрысвят. Гісторыя рэгіёна. Этнаграфія. Пашанцавала нам пабачыць таксама мастацкую выстаўку ў гонар Пётры Сергіевіча. Сама выстаўка не прынесла спадзяванага захаплення. Веяла ад яе нейкай нудой і бяздушнасцю. Хвалявала выпадковасць паказаных твораў і недахоп увагі для самога мастака. Аднак найбольш бянтэжыла схематычная трактоўка падзей пасля 1939 года, калі Браслаўшчына апынулася пад савецкай уладай. Як амаль ва ўсіх беларускіх музеях, перыяд апошняй вайны прадстаўлены ў карысць адно Савецкай Арміі.

Усім патэнцыяльным наведвальнікам варта прыдбаць кампетэнтнага экскурсавода на горадзе. Мы захацелі немагчымага — беларускамоўнага гіда. Працаўніцы, занятыя жыццёвымі бяседамі, не мелі аднак ахвоты пацікавіцца нашымі жаданнямі.

— Чаво вам нада? Беларускага языка? У нас нету...

* * *

Шчасце — у няшчасці і клопат для чужаземцаў. Усе стэнды былі падпісаны на беларускай мове. Знаёмства з гісторыяй паказалася павучальным.

Браслаў — адзін з самых старажытных рускіх гарадоў. Хроніка Быхаўца ўпамінае яго пад 1065 годам, калі балцкія князі Гімбус і Кермус наязджаюць горад. Археалагічныя знаходкі сягаюць глыбей, гавораць пра асадніцтва ў ІХ ст. Гарадзішча, як і раней згаданыя Дрысвяты, нагадвае паўвостраў на вадзе. Замкавую гару ад захаду аблівае шырэзнае возера Дрывяты, з усходу Навята. Засяляюць яго крывічы і латгалы (продакі сённяшніх латышоў). Замак выконвае ролю памежнай крэпасці, па ХІV cт. ён адпірае навалы балтаў. Гэты перыяд назначаны дамінацыяй крывічоў, сам горад становіцца буйным цэнтрам Полацкай дзяржавы. Нават з сённяшняй перспектывы музея, полацкі час выглядае імпазантна. Кіпіць жыццё, культура, падтрымоўваюцца сувязі са светам. У зброі, ваеннай тэхніцы — сіла і вынаходлівасць.

* * *

Сённяшні Браслаў з 10 тысячамі жыхароў выконвае ролю раённага адміністратыўнага цэнтра Віцебскай вобласці. Працуюць харчовыя і сацыяльна-бытавыя прадпрыемствы, лёгкая прамысловасць, турбазы. У горадзе знаходзіцца сядзіба Нацыянальнага парку „Браслаўскія азёры”. У асноўным тут драўляная забудова. Сярод помнікаў архітэктуры Мікалаеўская царква і касцёл канца XIX ст.

Ад легендарнай мінуўшчыны асталіся адно ўспаміны і легенды. Яшчэ ў пачатку ХVII стагоддзя Браслаў здалёк вылучаўся сваёй адметнасцю ў навакольным караявідзе. Гарадзішча было пазначана сямю замкавымі вежамі. Сярод возера Неспіш, на востраве стаяў праваслаўны жаночы манастыр, уфундваны каралевай Галенай, жонкай Аляксандра Ягелончыка. Слава горада ператрывала да паловы XVII ст. З часоў польска-маскоўскай вайны замак пападаў у руіну і ніколі ўжо не паўстаў. Разам канаў горад. Апошні подзвіг і заадно упадак — гэта паўстанне Касцюшкі. Горад згарэў, паўстанне было задушана, а павятовы цэнтр перанесены ў Відзы. У канцы XIX ст. у Браславе было 60 дамоў і 220 жыхароў.

* * *

У 1922 годзе Браслаў апынуўся ў межах ІІ Рэчы Паспалітай і стаўся сталіцай павета ў Віленскім ваяводстве. У 30-я гады палякі намагаліся завесці моду на турызм. У асноўным ішла прамоцыя вадзянога спорту. На замкавай гары ўзнік парк і панарамная тэраса, з якой відаць 11 азёр. З-за суровасці і маляўнічасці краявіду, клімату Браслаўшчыну пачалі называць польскай Фінляндыяй. Разам вялася паланізацыя і засяленне. Па сённяшні дзень Браслаўшчына мае адзін з найбольшых працэнтаў польскай нацыянальнай меншасці. Праўда, на вуліцы і ў публічных месцах нам не пашанцавала пачуць польскую мову, аднак паўсюдна адчувалася для яе сімпатыя і пашана. Польская дзяржава, польская мова (у тым ліку наша беластоцка-беларуская мова!) уяўляліся тут як частка лепшага свету. Гэтая з’ява датычыла не толькі католікаў. На Браслаўшчыне, і гэта нас ашарашыла, мы сустрэлі праваслаўных палякаў (!), якія размаўлялі на беларускай мове.

* * *

У цэнтры, дзе стаіць помнік Леніну, размаляваны сярэбранай алейнай фарбай, адміністрацыйныя будынкі і гасцініца. Тут знаходзім сталовую. Абед з макароны, тушанага мяса і капусты каштуе ўсяго адзін долар. Карыстаемся нагодай, г.зн. кіпятком, і гатуем сабе каву. Пасля наведваем яшчэ магазіны і горад.

— І што табе найбольш спадабалася ў Беларусі? — пыталі пазней сябры.

— Возера Дрывяты.

Разлітае па небакрай, быццам мора, на паўднёвым баку горада. У яго хвалях адбівалася неба і рэха старажытнага Браслава.