Ніва № 18 (2347), 6 мая 2001 г.

Святкуем

Яўген МІРАНОВІЧ

Пачатак мая здаўна атаясамліваецца з вялікім святкаваннем. Аднак урачысты настрой у гэты час з’яўляецца зусім не з-за сапраўднага прыходу вясны, калі прырода поўным голасам заяўляе аб сваёй прыгажосці. Чалавек жыве сваімі штучнымі катэгорыямі і найчасцей святкуе гадавіну перамог сваіх плямёнаў над іншымі плямёнамі. Раней пачатак мая віталі шэсцямі ў гонар дзіўнай грамадскай катэгорыі званай пралетарыятам. Ніхто добра не ведаў што такое пралетарыят, але пад чырвонымі сцягамі ішлі сяляне і рабочыя, інтэлігенты і чыноўнікі, а як авангард пралетарыяту з высокіх трыбунаў прамаўлялі мардатыя дзядзькі. Колькі ж тады гучала пустых слоў пра класавую барацьбу, сяброўства народаў, пра „вечную дружбу польскага і савецкага рабочага класа”, пра змаганне з імперыялізмам. Пару гадоў пасля тыя ж людзі — авангард пралетарыяту — упалі ў абдымкі імперыялістаў і са шчырымі слязамі ў вачах пачалі гаварыць пра рыначную гаспадарку і дэмакратыю. Пралетарыят тым часам пачаў святкаваць па новым стылі, два дні пазней, як яму падказаў новы авангард, гэтым разам не класавы, але нацыянальны, у гонар Канстытуцыі 3-га Мая.

3 мая 1791 года ў Варшаве адбыўся дзяржаўны пераварот, калі частка паслоў з Польшчы, у час адсутнасці паслоў з Беларусі і Літвы, вырашыла памяняць Канстытуцыю. Усё адбылося ў канспіратыўных умовах, а пры нагодзе паслы з Польшчы ліквідавалі саюзную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае. Звычайна ўключылі яе ў састаў Польшчы. Беларуская шляхта падалася тады ў Пецярбург прасіць царыцу Кацярыну ІІ дапамогі ў абароне свае дзяржавы. Славутая Таргавіца ўспрымаецца ў Польшчы як здрада, але ніхто з вучоных і палітыкаў не хоча назваць дзеянняў 1791 года ў адносінах да саюзнай дзяржавы. Кацярына ІІ заступіла польскі імперыялізм расійскім, уключаючы большасць Беларусі ў межы свае імперыі. Невядома толькі, чаму 3 мая адзначаюць палякі, якія ў выніку палітычнага працэсу, запачаткаванага прыняццём новай канстытуцыі, патрацілі сваю імперыю.

У перыяд польска-савецкай дружбы ў пачатку мая адзначалася яшчэ свята перамогі над фашызмам. Сёння, калі нашчадкі былых фашыстаў сталі шчырымі дэмакратамі і саюзнікамі нашчадкаў былых камуністаў, таксама шчырых дэмакратаў, неяк няёмка напамінаць пра вайну продкаў 56-гадовай даўнасці. Толькі гаспадар усяе Беларусі памятае яшчэ пра тую славутую перамогу, якая забрала больш за 2 мільёны ахвяр з беларускага боку. Штогод ветэраны вайны, замест на паніхіду за бессэнсоўна загінуўшых таварышаў, ідуць на мілітарны парад і дэманструюць журналістам свой палітычны інфантылізм.