Ніва № 17 (2346), 29 красавіка 2001 г.

Трэба ехаць на З’езд беларусаў свету!

Янка ЗАПРУДНІК

Згодна са статутам Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына”, з’езды беларусаў свету павінны адбывацца што чатыры гады. На сёлетні год прыпадае 3-ці гэткі з’езд. Пры цяперашнім стаўленні ўраду Рэспублікі Беларусь да беларускай нацыянальнай справы, калі б чарговы з’езд ЗБС не адбыўся ў вызначаны статутам тэрмін, дык улады пачалі б рабіць большыя, чым дасюль, перашкоды ў далейшай працы Згуртавання „Бацькаўшчына”. Значыцца, сёлетні з’езд МУСІЦЬ адбыцца, і тэрмін яго ўжо вызначаны — 5-6 ліпеня (чацвер-пятніца) 2001 года.

Людзі ў замежжы пытаюцца: Ці варта ехаць на той з’езд, калі ў Беларусі афіцыйныя чыннікі зневажаюць нацыянальныя святасці, дыскрымінуюць беларускую мову, заціскаюць свабоду, абражаюць патрыётаў, якія самаахвярна працуюць на грамадскай, культурнай і палітычнай ніве? Вось жа пытанне „Ці варта ехаць?” перш-наперш нелагічнае і недарэчнае. З’езд жа арганізуюць не дзяржаўныя чыноўнікі, а звычайныя грамадзяне-кіраўнікі ЗБС, патрыёты і абаронцы беларушчыны, якім даводзіцца працаваць у вельмі неспрыяльных абставінах. Ім якраз цяпер, як ніколі, патрэбная ўсякая дапамога — маральная і матэрыяльная, каб з’езд адбыўся ды прайшоў пры максімальным удзеле з боку беларускай дыяспары як з блізкага, гэтак і з далёкага замежжа. Удалае правядзенне з’езда будзе красамоўным паказальнікам жывучасці беларускай нацыянальнай культуры і свядомасці, паказальнікам сілы нашага агульнага пачуцця грамадзянскасці і палітычнай даспеласці.

Кожнаму, хто вагаецца, ехаць ці не ехаць, варта было б паставіць сябе на месца арганізатараў з’езду, паспрабаваць уявіць, як „лёгка” ім, у абліччы безграшоўя і бясконцых перашкод ды цяжкасцей, рыхтаваць гэты з’езд.

Падарожжа на з’езд з замежжа — Злучаных Штатаў, Канады, Аўстраліі, Ангельшчыны, Бельгіі, Францыі, Нямеччыны і г.д. — гэта не толькі ўдзел у працы гэтага вялікага міжнароднага форуму беларусаў, а гэта найперш і найбольш — акт маральнай падтрымкі ўсім тым на Бацькаўшчыне, хто нясе на сабе цяжар абароны нацыянальных вартасцей перад нечуванай навалай на іх. Удзел у з’ездзе — гэта духовая падтрымка не толькі арганізатарам з’езда, а кожнаму беларусу дзе б ён ні жыў, калі ён рупіцца пра развіццё беларускіх культурных вартасцей ды пра замацаванне беларускай дзяржаўнасці.

Карацей кажучы, удзел у 3-м з’ездзе беларусаў свету — гэта маральны абавязак кожнага беларуса замежжа зрабіць на пачатку ліпеня падарожжа ў Мінск, калі стан здароўя і фінансавыя магчымасці дазваляюць на гэта. І той аргумент, што няма чаго туды ехаць, бо, бач, улада не падабаецца, не мае пад сабой аніякага грунту. Наадварот, чым больш варожая беларушчыне ўлада, тым большы абавязак стаіць поплеч тых, хто пад гэтай уладай жыве і, пакутуючы ад яе, бароніць свае — спрадвечныя нацыянальныя каштоўнасці.

Дык жа будзьма салідарнымі з тымі, хто бароніць сваё. А калі каторы з нас не можа сам паехаць, дык хай дапаможа матэрыяльна справе правядзення з’езда, і гэткім чынам замацуе сваё імя патрыёта ў салідарнасці з тымі, што знаходзяцца на перадавой лініі абароны і працы на карысць Бацькаўшчыны.

12 красавіка 2001 г.