Ніва № 17 (2346), 29 красавіка 2001 г.

Фестываль з Радай

Аляксей МАРОЗ

ХХ Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі, які будзе праходзіць з 27 мая па 3 чэрвеня г.г. у Свята-Троіцкім саборы ў Гайнаўцы, будзе адрознівацца ад папярэдніх юбілейным характарам і створанай 30 сакавіка г.г. Радай фестывалю. У час першага яе пасяджэння была прынята прапанова Фонду „Царкоўная музыка”, каб сёлета выступілі пераможцы ранейшых фестываляў.

Апошнім часам разышліся чуткі, што фестываль можа не адбыцца, бо няма благаславення мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы на правядзенне мерапрыемства ў Гайнаўскім саборы і ўдзел у ім прыхадскіх хораў з Польшчы.

— Ужо ў мінулым годзе мітрапаліт Сава стварыў камісію, якая мела выпрацаваць мадэль супрацоўніцтва паміж арганізатарамі фестывалю і Царквою. Фестываль адбываецца ў Свята-Троіцкім саборы і Царква сваім аўтарытэтам падтрымлівала яго, не маючы апошнім часам уплыву на яго арганізацыю. Здаралася, што спявалі хоры, якія не павінны выступаць у праваслаўным храме, а сам фестываль настолькі разросся, што адна асоба не павінна вырашаць аб фінансах фестывалю, што патрэбны стаў грамадскі кантроль. У прошлым годзе арганізатары атрымалі ўмоўнае благаславенне на арганізацыю фестывалю, з засцярогай, што сёлета павінна быць выпрацавана новая мадэль арганізавання мерапрыемства. У гэтым годзе ў распрацоўку змен формулы арганізацыі мерапрыемства ўключыліся гарадскія і павятовыя ўлады. Калі не было згоды з боку арганізатараў на змену формулы, паявілася праблема месца правядзення фестывалю, бо без благаславення мітрапаліта Савы нельга было б яго праводзіць у Свята-Троіцкім саборы, — заявіў благачынны Гайнаўскага благачыння, мітрафорны протаіерэй Міхаіл Негярэвіч, намеснік старшыні Рады фестывалю. — Лічым, што Царква павінна мець уплыў на падбор хораў, каб былі яны праваслаўнымі і выконвалі праваслаўную музыку.

У новаствораную Раду фестывалю, якая атрымала ўжо благаславенне мітрапаліта Савы на арганізацыю мерапрыемства ў Гайнаўскім саборы і ўдзел у ім прыхадскіх хораў, увайшлі па двух прадстаўнікоў гарадскіх улад, павятовай управы, Царквы і Фонду „Царкоўная музыка”. Згаданыя члены Рады запрасілі да працы ў ёй прадстаўнікоў устаноў і прыватныя асобы, якія садзейнічалі правядзенню фестывалю ў мінулым (разам 7 асоб). Рада будзе адабраць бюджэт фестывалю, вырашаць пра састаў журы, зацвярджаць канчатковую формулу чарговых выпускаў фестывалю, выпрацоўваць прынцыпы спансаравання мерапрыемства і займацца яго прамоцыяй. Члены Рады вырашылі, што надалей арганізатарамі фестывалю будуць Фонд „Царкоўная музыка” і Гайнаўскі дом культуры, а яго дырэктарам — Мікола Бушко, які будзе ўзначальваць створанае ім арганізацыйнае бюро. Рада будзе вырашаць аб велічыні ганарару дырэктару фестывалю.

— У нас нічога не зменіцца, чакае нас цяжкая праца і дадатковыя абавязкі. Маю надзею, што фестываль адбудзецца ў такой формуле, у якой мы запланавалі. Я ганаруся, што ўдалося нам сарганізаваць дзевятнаццаць фестываляў без фармальна існуючай рады. Цэлы час памагала нам многа людзей і не перашкаджала ім, што няма фармальна створанага камітэта ці рады. Мне невядомыя выпадкі існавання пры арганізаванні такіх як наш фестываль мерапрыемстваў рады вырашальна-распарадчага характару, бо гэта задача арганізатараў, — сказаў дырэктар фестывалю Мікола Бушко.

— Думаю, што Рада паправіць атмасферу, якая ўзнікла вакол фестывалю. Змены ў сёлетняй эдыцыі фестывалю непатрэбныя, бо выступленне лаўрэатаў ранейшых фестываляў запланаванае правільна, — заявіў пасля першага пасяджэння Рады яе старшыня, стараста Гайнаўскага павета Уладзімір Пятрочук.