Ніва № 17 (2346), 29 красавіка 2001 г.

У цяні Чарнобыля

Яўген МІРАНОВІЧ

Ад 15 гадоў Беларусь жыве ў цяні катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. 26 красавіка 1986 года выбух рэактара ў суседняй савецкай рэспубліцы паказаў, што вялікая сучасная тэхніка ў руках ігнарантаў можа быць таксама небяспечнай як ядзерная зброя ў распараджэнні шаленцаў. Амаль 70 працэнтаў радыеактыўнага пылу з Чарнобыля ўпала на Беларусь. Чвэрць тэрыторыі рэспублікі, на якой пражывала больш за 2 мільёны людзей, стала моцна атручанай.

Пятнаццаць гадоў таму беларусы перажылі найбольшае няшчасце пасля вайны. Затраты, нанесеныя рэспубліцы радыеактыўным выпраменьваннем, дасягнулі 235 мільярдаў долараў. Такіх грошай не мелі нават самыя заможныя краіны свету. Найбольш сродкаў патрабавала лячэнне хвароб, якія сталі вынікам уздзеяння ядзернага праменявання. Людзі, якія раней самі сябе ўтрымлівалі, сталі патрабаваць дапамогі або паміраць у прадуктыўным узросце. Адсутнасць сродкаў на лячэнне пацярпелых і прафілактыку прывяло да дэмаграфічнай катастрофы на Гомельшчыне і Магілёўшчыне — там упала найбольш радыеактыўнага пылу. Медычнай дапамогі ў лячэнні хвароб, выкліканых Чарнобылем, можа патрабаваць нават 2 мільёны жыхароў Беларусі. Цярпець могуць нават тыя людзі, якія нарадзіліся пасля катастрофы, таму што некаторыя хваробы з’яўляюцца як вынік змены генетычнага коду іх бацькоў. На пачатку дзевяностых гадоў Беларусь стала краінай найкарацейшага жыцця грамадзян у Еўропе.

Другую групу коштаў складаюць матэрыяльныя рэсурсы, выключаныя з гаспадарчага жыцця Беларусі — лясы, рэкі, палі, фабрыкі, вёскі і гарады, пакінутыя ў зоне, з якой высялілі людзей.

Грамадскі кошт чарнобыльскай катастрофы быў бы меншы, калі б тадышнія савецкія ўлады прынамсі троху паклапаціліся за лёс сваіх падданых. Некалькі дзён трымалі яны ў таямніцы інфармацыю аб здарэнні ў Чарнобылі. Калі сусветныя СМІ гаварылі пра катастрофу ўкраінскай электрастанцыі, саветы даказвалі сваім грамадзянам, што нішто ім ад пажару ў мястэчку на Украіне не пагражае. У час, калі на зямлю падаў радыеактыўны пыл, несвядомыя жыхары Беларусі працавалі ў полі, дзеці гулялі ў пясочку, людзі шпацыравалі, карыстаючыся веснавым надвор’ем. На традыцыйныя першамайскія шэсці выйшлі мільёны савецкіх грамадзян. Камуністычная прапаганда, спасылаючыся на аўтарытэты савецкай навукі, даказвала, што ўся небяспека мінула і толькі імперыялістычныя СМІ, каб акампраметаваць Савецкі Саюз, безупынна гавораць пра выбух на Чарнобыльскай АЭС. Міністр аховы здароўя Савецкай Беларусі, Віктар Бур’як, некалькі разоў тлумачыў па тэлебачанні, што можна нармальна жыць нават у раёнах мяжуючых з Украінай, дзе радыеактыўнасць у дзесяткі разоў перасягала нормы бяспекі. І толькі высокія камуністычныя чыноўнікі вывозілі сваіх жонак і дзяцей на поўнач краіны. З забруджаных раёнаў масава ўцякалі лекары, чыноўнікі і спецыялісты, якія маглі б паменшыць адмоўны ўплыў аварыі на здароўе грамадства.

Толькі 4 мая ўлады Беларусі пачалі значыць зону, прабыванне ў якой было небяспечным для здароўя. У яе абсягу апынулася 485 мясцовасцей — з іх планавалася высяліць усіх жыхароў. Прайшло 10 дзён пасля выбуху, калі пачалі высяляць першых людзей з забруджанай зоны.

Грамадства вымушана было дорага плаціць за нікчэмнасць сваіх улад. Пры канцы васьмідзесятых гадоў хутка пачала ўзрастаць колькасць захворванняў на рака крыві, касцявога мозгу, хваробы стрававальнага апарату і дыхальных шляхоў. У Магілёўскай вобласці ўсё больш людзей памірала і ўсё менш нараджалася. У 1992 годзе памерла на 8% больш, чым нарадзілася, год пазней на 19,5%, а ў 1994 годзе — амаль 30%. Маладыя жанчыны баяліся нараджаць дзяцей. Такім чынам ужо ад 10 гадоў у дэмаграфіі Беларусі выступае вялікі спад. У апошнія гады колькасць грамадзян рэспублікі паменшылася на 100 тысяч. Чарнобыль яшчэ доўга будзе ўплываць на штодзённае жыццё Беларусі, хаця гэтага акурат зусім не ўсведамляе сабе большасць жыхароў краіны.