Ніва № 16 (2345), 22 красавіка 2001 г.

Дрысвяты — на мяжы трох краін

Ганна КАНДРАЦЮК

Калі па cваёй ці чужой волі апынецеся ў Опсе, трэба „паломнічаць” да канца. Гэта значыць — вы абавязаны рабіць усё, каб папасці ў адлеглыя на дзесяць кіламетраў Дрысвяты. Гэтае забытае мястэчка, на мяжы Літвы і Латвіі, падарыць вам моцныя ўражанні.

Першае што кідаецца тут у вочы — гэта від на атамную электрастанцыю Ігналін. Ігналінская АЭС, званая Чарнобылем поўначы, фактычна такога тыпу, што і чарнобыльская. Стаіць яна на літоўскім баку, сярод маляўнічага ўзгорыста-азёрнага краявіду. Старажытныя Дрысвяты, з трымастамі жыхарамі і вяскова-драўлянай архітэктурай, цалкам здамінаваныя відам электрастанцыі-гаргары. Дзе б вы не паставілі нагу, куды б не заехалі — усюды Ігналін. Такія віды, асабліва пасля чарнобыльскай катастрофы, чорна дзейнічаюць на ўяўленне.

* * *

У мястэчку, а дакладней у Петрапаўлаўскім касцёле, усё ж святкавалі. Якраз ішла багаслужба з нагоды Сплення. Польская мова, на якой адпраўлялася служба, гучала тут асабліва ўрачыста і экзатычна. Вернікі, раздзеленыя на мужчынскі і жаночы бок, палка і неяк архаічна маліліся.

— Tak daleko i tak blisko! — расчуліўся наш Сцяпан, знаходзячы тут карціны са свайго дзяцінства. Паводле яго канстатацыі — католікі Сувальшчыны апярэдзілі католікаў з Дрысвят на трыццаць пяць гадоў.

— To sie czuje w powietrzu, — дадаў.

Праваслаўныя і атэісты ў нашай кампаніі, у сваю чаргу, больш любаваліся архітэктурай касцёла. Тым больш, што пабудаваны ён паводле плана архітэктара Лявона Вітана-Дубейкаўскага, беларускага паэта і палітычнага дзеяча сацыял-правага накірунку.

Касцёл св.св. Пятра і Паўла распаложаны на ўзгорку, адкуль добра відаць велічнае возера Дрысвяты, шматлікія астравы і электрастанцыю Ігналін! Касцёл пабудаваны ў 1929 годзе ў стылі мадэрн. Драўляны, прамавугольны ў плане будынак з пяціграннай алтарнай апсідай, бабінцам і закрыстыямі ды накрыты дахам складанай формы. Інтэр’ер падзяляецца на тры нефы. Пасярэдзіне кесаніраваная столь, з арнаментальнай размалёўкай і хор над бабінцам.

Паколькі амаль усе вернікі глядзелі ў наш бок, а нам залежала на ананімнасці, мы чым хутчэй пакінулі касцёл.

* * *

Пра мястэчка Дрысвяты цікавей расказваць як глядзець. Асабліва калі кранем пытанне „вандравання” мясцовасці і яго слаўнай, ваяцкай мінуўшчыны. Дрысвяты, як паказваюць вытанчаныя археалагічныя знаходкі — шляхетныя аздобы з металу і камення, былі ўжо важным асадніцкім пунктам ІІ і І ст. да нашай эры. Толькі знаходзілася яна не так як цяпер на сушы — аж па XVII стагоддзе Дрысвяты стаялі на востраве, сярод велічнага возера з аднайменным назовам. У ХІ-ХІІІ ст.ст. Дрысвяты вядомыя як гарадзішча Полацкай дзяржавы. Тут размяшчалася памежная крэпасць крывічоў, якая бараніла перад балцкай навалай. У канцы XV ст. замак належыць вялікаму князю Вітаўту, пасля каралю Аляксандру Ягелончыку і далейшым манархам. У час літоўска-маскоўскіх войнаў на замку стаіць моцны гарнізон. Стратэгічная роля месца будзе выкарыстоўвацца па ХХ ст. Калі гаварыць пра асадніцтва — самы добры час выпадае на ХVI ст. Побач крэпасці развіваецца асада з інфраструктурай. У 1514 г. Дрысвяты набываюць гарадскія правы. З сухім грунтам спалучаюць яго два аграмадныя масты. Сам востраў займаў 21 гектар зямлі, адлегласць ад берагу — паўкіламетра. Сітуацыя мяняецца, калі ў 1622 г. на востраве ўспыхае пажар і большасць забудовы, як і сам замак, моцна знішчаюцца агнём.

* * *

Новыя Дрысвяты пабудавалі ўжо на сухім грунце, на сённяшнім месцы. Горад на востраве канаў сваёй смерцю. Апошні „цвік у труну” ўбіў сам князь Міхал Клеафас Агінскі. Як уласнік мястэчка і наваколля, загадаў разабраць муры замка, каб грошы ад продажу прызначыць у падтрымку паўстання Касцюшкі. Разам прадаў і мястэчка Дрысвяты, пасля яго новым уласнікам стаў Ян Нікадэм Лапацінскі. У руках Лапацінскіх мястэчка датрывала да Студзеньскага паўстання. У канцы ХІХ ст. яго купляе граф Аўгустын Оцінген (Ottingen), а ў пачатку ХХ ст. графская сям’я Гільдэнбандаў.

Яшчэ ў даваенны час Дрысвяты прыцягвалі шмат турыстаў. Асаблівай папулярнасцю карысталіся „вандроўкі” на гістарычны востраў, званы ў народзе „замкам каралевы Боны”. У мястэчку можна было наняць лодку, пакаштаваць смажанай або варанай рыбы. Дрысвяты як і ўся Браслаўшчына „крэсавымі” палякамі звалася Польскай Фінляндыяй. Самыя Дрысвяты тлумачыліся як „Trzy Swiaty”(!).

Зараз толькі за спецыяльным дазволам можна пабываць на востраве. Тут памежная зона, самая вялікая частка возера належыць Літве.

* * *

У Беларусі кожны дзень выглядае будзённа і шэра. Пра святы і ўрачыстасці мы даведваліся выпадкова — у касцёлах, цэрквах, пад савецкім помнікам, дзе маладыя пары і далей ускладваюць кветкі. У дзень, калі пабывалі мы ў Дрысвятах, выпала каталіцкае Спленне. Аднак на вуліцы, на пляжы, у магазінах было пуста і сонна. Касцёлы таксама закрываліся зразу пасля багаслужбы. Таксама і ўсе цэрквы можна пацалаваць адно ў клямку.

У Дрысвятах варта спыніцца ля Петрапаўлаўскай царквы ў рэтраспектыўным рускім стылі, пабудаванай у 1908 годзе. Знаходзіцца яна на паўднёвай ускраіне мястэчка. У плане мае традыцыйную падоўжаную на восі ўсход-захад 4-частковую кампазіцыю: званіца, трапезная, пяцігаловы асноўны аб’ём, пяцігранная апсіда. Да званіцы прымыкае галоўны ўваход з бочкавіднымі калонамі, на якіх абапіраюцца паўкруглыя аркі. У мастацкім афармленні фасадаў важную ролю адыгрываюць пластычныя элементы дэкору, пазычаныя са старажытнарускага дойлідства.

Усім паклоннікам сацрэалістычнага будаўніцтва трэба пабачыць закрытую сёння электрастанцыю-гаргару, пабудаваную ў канцы 50-х гадоў трыма суседнімі калгасамі: беларускім, літоўскім і латышскім. Электрастанцыя завецца „Дружба народаў”. Яна чамусьці нагадвае тыя гістарычныя „Trzy Swiaty”.