Ніва № 16 (2345), 22 красавіка 2001 г.

Бельскі павет — пасынак

Міхал МІНЦЭВІЧ

29 сакавіка падляшскі ваявода Крыстына Лукашук сустрэлася ў Орлі з мясцовымі раднымі і жыхарамі гміны. У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Ваяводскай управы і самаўрадавыя дзеячы з Бельска-Падляшскага. Дыскусія засяродзілася на дзвюх тэмах — сельскай гаспадарцы і асвеце.

Сяляне наракалі, што няма каму прадаць запасаў бульбы. У адказ пачулі яны інфармацыю, што бульбу па ранейшых кантрактацыйных дагаворах скупляе адзіны ў Падляшскім ваяводстве перапрацовачны завод у Ломжы. У сувязі з тым, што кантрактацыя ў гміне не праводзілася, ваявода папрасіла войта разведаць колькі сяляне хочуць прадаць бульбы і паабяцала стаць пасрэднікам.

Солтыс Кашалёў Павел Галаўня наракаў на недастатак мінеральных угнаенняў на тэрыторыі гміны. На гэта адразу адрэагаваў войт суседняй Боцькаўскай гміны, які запрасіў селяніна ў Боцькі. Аказваецца, што прадпрымальнікі прадаюць угнаенні там, дзе яны хутчэй разыходзяцца. А Сцяпан Гаворка заявіў, што пры народнай уладзе сялянам жылося лепш, бо тады маглі яны будавацца і купляць трактары і машыны, а цяпер не стае грошай на іх рамонт.

— Я не гавару, што ў сельскай гаспадарцы няма праблем, — сказала ваявода. — Складаная сітуацыя — вынік паўвекавой запозненасці. Аднак маем прыклады гаспадарак на высокім узроўні. У нашым ваяводстве, хаця атрымоўваем самыя малыя еўрафонды, маем шэсць малочных заводаў, якія адпавядаюць заходнім стандартам.

Словы ваяводы не пераконвалі земляробаў, якія з упэўненасцю заяўлялі, што сялянам пры Народнай Польшчы жылося значна лепш.

Многа пытанняў тычылася асветы. Бурмістр Бельска-Падляшскага Андрэй Сцепанюк хацеў упэўніцца, ці планаваныя паасобным гмінам асветныя субвенцыі будуць перададзены самаўрадам поўнасцю. Ваявода растлумачыла, што гэтая справа не ў яе кампетэнцыі, паколькі субвенцыі перадаюцца міністэрствам адукацыі непасрэдна гмінам. Жыхароў Маліннік цікавіў лёс іхняй школы — гадамі ўжо гаворыцца пра яе закрыццё. Віцэ-куратар Енджэй Луцык папракнуў войта ў тым, што не мае ён у гэтай справе выразнай пазіцыі. Неабходнай з’яўляецца сустрэча самаўрадавых дзеячаў з бацькамі і настаўнікамі, бо толькі тады можна дайсці да супольных вырашэнняў.

— Самаўрадавыя дзеячы павінны падрыхтавацца да скарыстання вялікіх сродкаў, якія будуць накіраваны на разбудову інфраструктуры, на курсы і абучэнні, на праграмы аховы натуральнага асяроддзя. Сёння маем такую праблему, што самаўрад павятовага ці гміннага ўзроўню не ўмее скласці адпаведную прапанову на атрыманне гэтых сродкаў. Нельга чакаць, што гэта аформіць сеймік, ваявода ці стараства. Ініцыятыва гміны павінна быць у адпаведнай форме перададзена вышэй і прынесці плён, — звярнулася да самаўрадавых дзеячаў Крыстына Лукашук.

Затым выступіў стараста Бельскага павета Марк Лукашэвіч. Расказаў ён пра стан сельскай гаспадаркі ў павеце і пагрозу засухі па прычыне паніжэння ўзроўню грунтавых водаў. У адказ на заклік ваяводы, стараста сказаў наступане:

— У сувязі з тым, што прыйдуць вялікія сродкі, якія дзяліць будзе маршалак пры дапамозе сваіх структур, а ваявода будзе выказваць сваё меркаванне, прашу, каб павет, увесь паўднёва-ўсходні абшар ваяводства, не трактаваліся горш, чым іншыя рэгіёны. З прыкрасцю мушу сказаць, што ў ваяводскай палітыцы асаблівая ўвага адводзіцца паўночнаму рэгіёну — Мазурам, Ломжы, ваколіцам Беластока. Пры іх паўднёва-ўсходні рэгіён — пасынак!

На зале зрабілася шумна, раздаліся апладысменты. Усхваляваная ваявода ўзяла голас.

— Стараста паводзіць сябе трохі несур’ёзна, калі такі заклік кіруе ў мой адрас. Паводле законаў, ваявода не ўдзельнічае ў рэгіянальнай палітыцы, не мае рашаючага голасу. Роля ваяводы — выказаць сваё меркаванне, калі маршалак гэтага захоча. Я свае заўвагі перадала ваяводскаму сейміку, але ці яны будуць скарыстаны — не ведаю. У такой сітуацыі не магу браць на сябе абавязацельствы, якія не ў маёй кампетэнцыі.

Бельскім самаўрадавым дзеячам прыхільнікаў трэба шукаць у Ваяводскім сейміку і Маршалкаўскай управе.