Ніва № 16 (2345), 22 красавіка 2001 г.

Клопаты з гістарычнай адукацыяй

Яўген МІРАНОВІЧ

Кожны чалавек, які ў Польшчы хадзіў у школу, закончыў адукацыю з перакананнем, што палякі — самая талерантная нацыя ў Еўропе. Настаўнікі гісторыі гаварылі, напрыклад, што калі ў ХVI стагоддзі ў заходняй Еўропе ішла вайна паміж пратэстантамі і католікамі, у Рэчы Паспалітай побач сябе мірна жылі мусульмане, яўрэі, праваслаўныя, католікі і тыя ж пратэстанты. Прафесар Януш Тазбір зрабіў нават вялікую навуковую кар’еру, пішучы кніжку за кніжкай пра талерантнасць палякаў у ХVI стагоддзі. І нават не заўважыў ён, што Рэч Паспалітая была федэрацыяй дзвюх дзяржаў, і што суіснаванне побач сябе розных веравызнанняў, рэлігій і культур — гэта нормы, выпрацаваныя ў Вялікім княстве Літоўскім. Пасля Люблінскай і Берасцейскай уній, калі пра лёс жыхароў ВКЛ пачалі вырашаць не ў Вільні, а ў Варшаве, кароль Зыгмунт ІІІ Ваза ў 1596 годзе звычайна забараніў існаваць у межах Рэчы Паспалітай Праваслаўнай царкве. У гісторыі вельмі рэдка здараўся такі факт, што дзяржаўная ўлада прымала пастановы аб ліквідацыі веравызнання амаль паловы сваіх грамадзян. Аднак вучань у школе з вуснаў настаўніка і з падручніка па гісторыі даведаецца, што Рэч Паспалітая была краінай вялікай талерантнасці.

У апошніх гадах, калі і згадвалася пра праявы неталерантнасці ў адносінах да іншых народаў ці веравызнанняў, заўсёды апраўдоўвалася гэта ўплывам навязанага палякам камунізму. У 1968 годзе, напрыклад, — піша Войцех Рашкоўскі (Historia Polski 1914-1990, Warszawa 1992, s. 292), — камуністы ў працэсе змагання паміж сабой за ўладу інструментальна пакарысталіся антысеміцкай рыторыкай, якая для большасці грамадства была зусім чужой.

Адукацыйная сістэма, якая пераконвала грамадзян у высакароднасці нацыянальных традыцый, прывяла іх да поўнай разгубленасці, калі ўсплыла справа Ядвабнага, а пасля Радзяёва, Сташэва і іншых мясцовасцей, у якіх у 1941 годзе пры садзеянні мясцовага грамадства былі замардаваны тысячы яўрэяў. Пошукі прысутнасці немцаў у здзяйсненні гэтых злачынстваў супрацоўнікамі пракуратуры ці Інстытута нацыянальнай памяці выглядаюць даволі смешна. Нават калі там былі немцы і падбухторвалі да забойстваў, яўрэяў мардавалі іх польскія суседзі. Польскае грамадства, нават яго эліты аказаліся зусім непадрыхтаванымі да ўспрымання такіх фактаў айчыннай гісторыі. Зафальшаваная гістарычная адукацыя вучыла міфалагічнаму мышленню ў поўнай адарванасці ад рэальнага свету.

Праўдападобна неўзабаве ўсплыве праблема пасляваенных высяленняў немцаў або г.зв. лагераў працы ў 1945-1947 гадах, у якіх ад голаду, холаду, хвароб і здзекаў ахоўнікаў памерлі дзесяткі тысяч жанчын, дзяцей і старэчаў. Цяжка будзе грамадзянам Польшчы змірыцца з інфармацыяй пра канцлагеры, у якіх за калючым дротам знаходзіліся немцы, а на вартавых вышках — салдаты з арлом на шапках.

У Беластоку ніхто не хоча слухаць сем’яў памардаваных нацыяналістычным падполлем вазакоў, якія ўжо некалькі гадоў хадайнічаюць перад уладамі аб згодзе на пабудову помніка сваім бацькам і братам. Калі на гістарычных канферэнцыях прыходзіцца мне часам расказваць пра стаўленне падполля да беларускага насельніцтва Беласточчыны ў першых пасляваенных гадах, тэма адразу выклікае абурэнне. Ніхто з вучоных не хоча паверыць у тое, аб чым расказваюць амаль у кожнай беларускай вёсцы. Гісторыкі пра „Бурага”, „Лупашку” ці „Гузара” пішуць як пра змагароў за свабоду і дэмакратыю, прытым несправядліва засуджаных камуністамі. Мясцовыя палітыкі, выхаваныя на кульце змагання ўсялякіх „Бурых” ці „Лупашкаў” за айчыну, па зразумелых прычынах адкідаюць усе патрабаванні ўшанавання памяці ахвяр іх дзейнасці.

Справа Ядвабнага найбольш кампраметуе беластоцкіх гісторыкаў. Пра злачынствы немцаў на заходняй Беласточчыне напісалі яны шмат тоўстых тамоў, паслядоўна аднак прамоўчвалі ўдзел мясцовых сялян і мяшчан у забойствах яўрэяў. Цяпер ім даручана высветліць праўду пра тое, што здарылася на Ломжынскай зямлі ў ліпені 1941 года. Цяжка прадбачыць, які будзе выбар беластоцкіх вучоных, калі праўда стане супярэчыць нацыянальнай міфалогіі.