Ніва № 15 (2344), 15 красавіка 2001 г.

З ваяводай аб дыскрымінацыі

Міхал МІНЦЭВІЧ

29 сакавіка падляшскі ваявода Крыстына Лукашук сустрэлася ў Орлі з мясцовымі раднымі і жыхарамі гміны. У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Ваяводскай управы і самаўрадавыя дзеячы з Бельска-Падляшскага. Апошнія засяродзіліся на пытаннях сельскай гаспадаркі і асветы (аб чым напішам пазней). Аднак ваяводу найбольш узбударажылі пытанні, якія прагучэлі на канец спаткання з боку жыхароў Арлянскай гміны.

Яўген Бало з Орлі абвінаваціў ваяводу ў дыскрымінацыі беларусаў і запытаў, колькі прадстаўнікоў беларускай меншасці працуе ў Ваяводскай управе. А ваявода ў сваю чаргу запытала яго, як ёй пазнаць, хто праваслаўны, а хто католік. У Ваяводскай управе працуе 420 чалавек і, паводле слоў яе кіраўніка, ніхто не высвятляе іх нацыянальнасці ці канфесіі. Далей вярнулася яна да двухгадовай даўнасці конкурсу на пасаду куратара, калі пайшла чутка, што не быў да яго дапушчаны праваслаўны кандыдат. Калі ваявода хацела даведацца, хто гэта такі, ніхто не мог назваць яго прозвішча. Я лічу, гаварыла ваявода, што такога кандыдата не было.

— Калі гаворыце, што нехта дыскрымінуецца, — працягвала ваявода, — дык скажыце ў чым гэта заключаецца? У мяне няма службаў, якія б правяралі людзей (на шчасце інвігіляцыя ў Польшчы закончылася даўно, і, маю надзею, што беззваротна). Не магу пытаць працаўнікоў пра нацыянальнасць і веравызнанне, бо гэта супярэчыць канстытуцыі. У працы ўстановы не мае значэння паходжанне чалавека, але яго кампетэнтнасць.

Сцяпан Гаворка — радны з Кашалёў — спытаў, чаму ваявода забараняе паставіць помнік на магіле памардаваных у 1946 г. вазакоў. Ваявода падзякавала за гэтае пытанне і стала тлумачыць, што яна нічога не забараняла, але наадварот, згадзілася на тое, каб не выпраўляць правапарушэнні, якія былі ўчынены пры эксгумацыі і перапахаванні астанкаў цывільных вазакоў на ваенны могільнік у Бельску. Тут у размову ўключыўся бурмістр Бельска-Падляшскага Андрэй Сцепанюк, які сказаў, што гэта не адзіны выпадак правапарушэнняў на бельскім могільніку.

— Праблема з помнікам заключаецца ў надпісе, — тлумачыла ваявода. — Камітэт хоча, каб адзначыць, што вазакі былі „памардаваны польскім падполлем”, а мы прапануем тэкст, у якім гаварылася б, што ў магіле пакояцца астанкі пералічаных на табліцы 29 асоб (імя, прозвішча, імя бацькі і назва вёскі), якія былі расстраляны атрадам „Бурага”. І ці гэта не ўвекавечанне памяці загінуўшых? — спытала ваявода і ўсхвалявана дадала: — Не ведаю, чаму Камітэт сем’яў памардаваных вазакоў не хоча згадзіцца на гэты надпіс. Лічу гэта палітычнай справай. Тры тыдні таму сеймавая Камісія нацыянальных і этнічных меншасцей разглядала прапанову маю і Рады памяці помнікаў змагання і пакут і прызнала яе далёка ідучым кампрамісам. Камітэт маю прапанову атрымаў пад канец 1999 года і прашу цяпер самім адказаць, хто не хоча давесці справу да канца.

„Спадарыня ваявода, — адазваўся Сцяпан Гаворка, — у Катыні паставілі мы помнік, які хацелі...” — „Прашу не параўноўваць гэтага выпадку з Катынню”, — перарвала ваявода. „Забойства ёсць забойства”, — працягваў Гаворка, а ваявода яму на гэта: „Не! Дзякую за тэму”. Сцяпан Гаворка паспеў яшчэ дадаць: „Толькі што там былі людзі са зброяй, а тут нявінныя людзі”. Затым голас узяў войт Арлянскай гміны Ян Добаш, які заявіў, што сустрэча набліжаецца да канца. У справах павета голас узяў яшчэ стараста, а на заканчэнне войт падзякаваў за дыскусію і прасіў прабачэння ў ваяводы за нетактоўнасць з боку жыхароў. „Мы толькі людзі і маем права быць трохі эмацыянальнымі”, — сказаў і запэўніў ваяводу, што супрацоўніцтва Гміннай управы і Рады гміны ў Орлі, насельніцтва якой у пераважнай большасці складаюць праваслаўныя, з Падляшскай ваяводскай управай будзе такое ж самае як дагэтуль, а нават яшчэ лепшае.