Ніва № 15 (2344), 15 красавіка 2001 г.

Галадоўка Андрэя Жукаўца

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У пятніцу, 6 красавіка, Звяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы склікаў прэс-канферэнцыю, прысвечаную распачатай Андрэем Жукаўцом галадоўцы ў беластоцкім арышце. Мінская пракуратура абвінавачвае 31-гадовага прадпрымальніка, палітычнага ўцекача з Беларусі, прабываючага ад двух гадоў у Польшчы, у абакуленні 700 тысяч амерыканскіх долараў і на гэтай аснове яго 7 лютага г.г. затрымала польская паліцыя.

Андрэй Жукавец у сераду 4 красавіка распачаў сухую галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго незаконнага прабывання ў польскім арышце. Прэс-сакратар беластоцкай пракуратуры прытрымоўваецца легітымнасці дакументаў на арышт А. Жукаўца. Пункт гледжання Звязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы — іншы. У справе Андрэя Жукаўца дзве часткі: польскія законы і запыт беларускай пракуратуры. Апошні — незаконны па той прычыне, што падпісаны службовымі асобамі пасля 1999 года. У 1999 годзе страцілі яны сваю легітымнасць, бо Аляксандр Лукашэнка, які тых службоўцаў назначаў, афіцыйна знаходзіўся на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да 1999 года. З таго часу ён не прызнаецца еўрапейскімі дэмакратычнымі дзяржавамі, Канадай, ЗША і Аўстраліяй. Таксама Польшча падпісала ўсе дакументы, якія сведчаць аб нелегітымнасці ўлады Лукашэнкі. Падпісала яна і канвенцыі аб уцекачах і аб экстрадыцыі. Калі Польшча заявіць, што яна прызнае толькі рэжым Лукашэнкі, то Звяз беларускіх уцекачоў у Польшчы будзе шанаваць такую пазіцыю. Калі ж Польшча стаіць на тым грунце, што ЗША і еўрапейскія дэмакратычныя дзяржавы, тады яна не павінна арыштоўваць на сваёй тэрыторыі беларускіх апазіцыянераў па загаду нелегітымных улад.

У беларускіх палітычных уцекачоў паявілася надзея на станоўчае вырашэнне справы Андрэя Жукаўца. Грунтуецца яна на перапісцы з Генеральным пракурорам Лехам Качынскім. Старшыня польскага Хельсінскага камітэта Марэк Навіцкі абяцаў на судзе 19 красавіка паддаць крытыцы дамову аб прававой дапамозе паміж Польшчай і Беларуссю. У пісьме Марку Навіцкаму Андрэя Жукаўца падтрымаў дэпутат Вярхоўнага Савета Уладзімір Кудзінаў, які 3-4 красавіка прабываў у Варшаве. У падтрымку Андрэя Жукаўца выказаўся і Станіслаў Шушкевіч.

Раней польскія ўлады выпускалі ўжо беларускіх апазіцыянераў. У Варшаве выпусцілі Леаніда Волка. Ён да арышту ў Варшаве быў у сямі еўрапейскіх дзяржавах і, хаця правяралі ягоныя дакументы, там усё было ў парадку. А як прыляцеў у Варшаву, яго адразу былі арыштавалі. Валерыя Кругавога, дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га склікання, у 1998 годзе арыштавалі ў Варшаве па той жа прычыне, што і цяпер Андрэя Жукаўца; было гэта яшчэ пры легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі. На другі дзень Валеры Кругавой на аснове пастановы суда быў выпушчаны без ніякіх санкцый. Варшаўскі суд палічыў тады, што дамова аб прававой дапамозе не абавязвае трымаць у арышце.

Звяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы падтрымлівае прычыны галадоўкі Андрэя Жукаўца і лічыць, што Польшча незаконнымі арыштамі ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі. Уцекачы з Беларусі, якія прыехалі ў Польшчу, спадзяюцца аховы іх дзяржавай, якая падпісала на гэта міжнародныя дагаворы.

(На падставе інфармацыі Віктара Нагнібяды)