Ніва № 13 (2342), 1 красавіка 2001 г.

Ці Польшча паможа

Арганізацыйны камітэт Звязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы (Беласток, вул. Ягайлы 17) яднае пакінуўшых сваю радзіму грамадзян, для якіх, усё ж, яе справы на першым месцы ў жыцці. Аб’яднанне выступае адным голасам і на міжнародным форуме таксама ў справе паасобных сяброў і іншых беларусаў, як, напрыклад, у справе Андрэя Жукаўца. Сустракаемся на пікеце перад Акруговым судом, дзе адбываецца разборка справы арыштаванага беларускага бізнесмена. Стаяць там м.інш. старшыня аргкамітэта Ян Абадоўскі, сужонства настаўнікаў з Гомеля, жонка і малы сын арыштаванага. Разам дзесяць асоб. Вядома, не дзеля таго тут стаяць з унушальнымі плакатамі і гучнагаварыльнікам, каб штосьці ўнушыць незалежнаму суду суседняй дзяржавы, а звярнуць яго і жыхароў горада ўвагу на тое, што справа — не крымінальная.

— Заяўляем, што польскія ўлады прынялі рашэнне ў справе палітычнага ўцекача А. Жукаўца кіравацца выключна «Дамовай паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь аб прававой дапамозе і прававых стасунках у справах грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных», падпісанай 26 кастрычніка 1994 г., якая ігнаруе паняцце «палітычны ўцякач». Гэта азначае, што на працягу бліжэйшага месяца А. Жукавец будзе перададзены з рук польскае паліцыі ў рукі беларускага КДБ на памежным пераходзе Брузгі. Як заявілі рэпрэзентанты польскай пракуратуры, яны не бачаць ніякіх перашкод для экстрадыцыі беларускіх грамадзян па запатрабаваннях беларускай пракуратуры незалежна ад іх палітычных перакананняў і наяўнасці статусу альбо чакання на статус «палітычны ўцякач». У пастанове Апеляцыйнага суда ў Беластоку гаворыцца, што ён не будзе браць пад увагу ў справах беларускіх палітычных уцекачоў «Еўрапейскую канвенцыю аб экстрадыцыі 1997 г.», таму што Беларусь — не Польшча! — не падпісала гэтай канвенцыі! — заяўлялася перад судом. — Такім чынам, любы праціўнік рэжыму Лукашэнкі не можа з упэўненасцю спадзявацца на апеку Польшчы, як бяспечнай для сябе краіны! Каб неяк супрацьстаяць такому становішчу, палітычныя ўцекачы з Беларусі пачалі аб’ядноўвацца. Як толькі наша арганізацыя выступіла з заявай у абарону спадароў Жукаўца і Воўка, супраць кіраўнікоў арганізацыі былі арганізаваны правакацыі. Да іх дому пачалі з’яўляцца нейкія незнаёмыя людзі, настойліва прапануючы працу на збіццё нейкіх трэціх асоб, закідваючы Яну Абадоўскаму і Віктару Нагнібядзе прыналежнасць да... расійскае мафіі... Заяўляем, што намі страчаны ўсе юрыдычныя магчымасці ўздзеяння на беластоцкую пракуратуру і суд у справе забароны выдачы беларускаму рэжыму палітычных уцекачоў. Лічым, што тут адыгрывае вялікую ролю ўздзеянне невядомым для нас шляхам беларускага боку на польскіх зацікаўленых асоб. Галоўным прыхаваным палітычным чыннікам гэтага ўздзеяння могуць быць перамовы ў справе будаўніцтва расійскага газаправода праз тэрыторыю Польшчы (а беларуская апазіцыя, відавочна, зараз недарэчная і непатрэбная ў польска-расійскім газавым бізнесе), а таксама факт даўніх повязяў паміж былымі камуністамі ПНР і СССР, — мяркуюць сябры АК ЗБПУ. — Але ці ж можа краіна, якая імкнецца ў Еўрасаюз рабіць рэверансы ў бок усходняе імперыі, складаючы чалавечыя ахвяры? Выходзячы з вышэйпададзенага, мы спадзяемся зараз толькі на вышэйшае польскае кіраўніцтва, грамадскую думку і пазіцыю па гэтым пытанні заходніх дэмакратычных краін. Усё, што нам засталося — гэта арганізаванне акцый пратэсту ў абарону беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы каля суда, Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамента па справах уцекачоў, прадстаўніцтваў ЗША і Еўрасаюза.

— Просім усіх зацікаўленых асобаў дапамагчы нам у барацьбе за свабоду, нашу і вашу, — звярталіся пікетуючыя сябры аргкамітэта таксама і да прахожых, з якіх рэдка хто абмінаў іх абыякава.

(лук)