Ніва № 13 (2342), 1 красавіка 2001 г.

Ранняе святкаванне

Святкаванне 25 Сакавіка ў Беластоку, якое арганізавала Беларускае аб’яднанне студэнтаў, мела афіцыйны і адначасова сямейны характар. Пачалося яно ў 9 гадзін раніцы ў кавярні „Тэхнічная” ў будынку Галоўнай тэхнічнай арганізацыі (NOT). Нягледзячы на раннюю гадзіну і змену часу з зімовага на летні ў святкаванні прыняло ўдзел больш за сорак асоб. Сярод публікі назіралася новая з’ява: Свята Незалежнасці ўсё больш набывае сямейны характар. Разам з бацькамі прыйшлі дзеці ў розным узросце — ад малечаў да юнакоў.

— Акт 25 Сакавіка, — адзначыў д-р Алег Латышонак, — падпісалі таксама раніцай. У сваім выступленні дакладчык паказаў факты і абставіны, у якіх даспявала думка пра незалежнасць краіны.

Старшыня Беларускага Саюза ў РП, Яўген Вапа, павіншаваў сабраных са святам і зачытаў прывітанні ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чужыне і Калінінградскага рэгіянальнага грамадскага аб’яднання „Беларускае таварыства культуры”.

Апошную частку ўрачыстасці склала выступленне гомельскага барда Андрэя Мельнікава.

(гак)