Ніва № 13 (2342), 1 красавіка 2001 г.

„Беларусь — Дабрарусь” у друкаваным слове

— Беларусь, Беларусь. Чаму называешся Беларусяй, калі не маеш у сабе белі, калі беллю тваёй ёсць рыжыя іржышчы, калі беллю тваёй ёсць сувоі шэрага палатна, распасцертыя на сонцы, калі беллю тваёй ёсць гарачы пот стомленых людзей. Ты павінна называцца Дабрарусь, ты павінна б была называцца Добрай Зямлёй Добрых Людзей.
(Т. КАНВІЦКІ, „Каляндар і клепсідра”)

Ганна КАНДРАЦЮК

— „Беларусь — Дабрарусь”, — добры загаловак, — пахваліў арганізатараў амбасадар РБ у Польшчы Мікалай Крэчка. Так завецца выстаўка беларускіх і польскіх кніжных выданняў і фатаграфіі, наладжаная ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Яе адкрыццё адбылося 15 сакавіка г.г. і прыцягнула многіх знакамітасцей і знаўцаў беларускай тэматыкі. Ганаровы патранат над мерапрыемствам узяў сам Тадэвуш Канвіцкі. Аўтарам задумы і сцэнарыя з’яўляецца Анна Смулэк-Журоўская ў супрацоўніцтве з Данутай Бількевіч-Блянц. Мастацкі бок выстаўкі апрацаваў Марк Крэўсух. Гэта ўжо трэцяе такога роду мерапрыемства з цыкла „Нашы суседзі — новы погляд”, рэалізаванае Нацыянальнай бібліятэкай. Раней у рамках праекта былі падрыхтаваны дзве прэзентацыі: „У літоўскім люстэрку” (восень 1999) — пад ганаровай апекай намесніка старшыні Сейма Яна Круля, і „Украіна — Польшча: да дыялогу” — пад апекай Ежы Гедройца (адкрытая ў дзень смерці рэдактара парыжскай „Культуры”).

— Сённяшняя сустрэча даказвае, што ідэі Ежы Гедройца жывыя, — адзначыў у кароткай прамове заслугу рэдактара парыжскай „Культуры” Тадэвуш Канвіцкі.

Згадаў таксама пра гістарычныя і літаратурныя сувязі паміж Польшчай і Беларуссю, каштоўнасці культурнага памежжа.

— Наша выстаўка гэта агляд польскай думкі пра Беларусь, — узяла голас прафесар Альжбета Смулкова. — Мы пабачым, наколькі багатая літаратурная творчасць беларусаў у Польшчы, публіцыстыка і навуковая літаратура аўтараў вядомых у свеце навукі.

Выстаўка падзяляецца на чатыры перыяды. Першы азагалоўлены „Ля вытокаў” (U zrodel) ахоплівае час да канца ІІ сусветнай вайны. Тут прыводзіцца самы шырокі ў часе дыяпазон беларускай пісьменнасці. Пачынаецца з шаснаццатага стагоддзя рэлігійнымі выданнямі Францыска Скарыны, праз дзелавую і манускрыптную літаратуру Вялікага княства Літоўскага, далей — новая беларуская літаратура ХІХ стагоддзя, характэрныя таму часу фальклорныя і этнаграфічныя выданні, нарысы пра Беларусь. Імпазантна прадстаўлены нашаніўскі перыяд. Побач паэтычных зборнікаў, знойдзем тут першыя падручнікі і шырокі агляд публіцыстыкі. Тут жа сустрэнем польска-беларускія літаратурныя пераклады „Пана Тадэвуша”, навуковыя апрацоўкі пра Беларусь. Экспазіцыю папаўняе фатаграфічная выстаўка з фотаальбома „Палессе”(міжваенны перыяд).

Другі перыяд, справядліва названы „У цяжкім часе”, ілюструе 1945-1989 гады. Галоўным чынам паказаны тут плён актыўнасці беларускай меншасці ў Польшчы і творы польскіх пісьменнікаў пра Беларусь. Самы багаты і спелы збор памешчаны пад перыядам „Вольная воля” (1990-2000). Апрача літаратуры і публіцыстыкі маем тут выданні Беларускага гістарычнага таварыства, выданні „Нівы”, выдавецтва „Orthdruk” і „Белавежы”. Аўтарка выстаўкі не забылася пра т.зв. падпольную літаратуру, нефармальныя лістоўкі і публікацыі беларусаў у Польшчы. Асобнае месца займаюць выданні палякаў у Беларусі, дзе паказаны падручнікі, рэлігійная літаратура, краязнаўчыя даведнікі, друкаваныя ў Польшчы.

Вылучэнне на экспазіцыі ў якасці асобных вітрын атрымалі Тадэвуш Канвіцкі і Сакрат Яновіч, самыя вядомыя папулярызатары беларускай тэматыкі ў польскай літаратуры. Перыёдыку прадстаўляюць „Ніва”, „Сzasopis”, студэнцкія „Сустрэчы” і „Гарадоцкія навіны”. Пра рэфлекс арганізатараў выстаўкі сведчыць наяўнасць сярод выданняў свежага зборнічка „Сваякі” (які пабачыў свет 5 сакавіка г.г.).

Чацвёрты адрэзак выстаўкі „У дарозе” адкрываецца на будучыню. Змест яго напаўняюць фатаграфіі Евы і Марка Зюлкоўскіх ды А. Смулковай, дзе паказаны рост беларускай незалежнасці і дынаміка польска-беларускіх кантактаў. Паміж кніжнымі вітрынамі ўбачым таксама здымкі з этнаграфічных доследаў Анны Энгелькінг і рэпрадукцыі з фотаальбома „Жывапіс Беларусі XII-XVIII ст.”.

— Наша выстаўка, — сказаў Міхал Ягела, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, — паказвае працы, у якіх пасеяна зерне сапраўднага партнёрства, у якіх знаходзім спробы зразумення суседа. Для нас, зразумела, бліжэйшы польскі пункт гледжання на польска-беларускія справы, але нас цешыць усялякае вызваленне ад палонацэнтрызму. Мы — свайго роду люстэрка, якое адлюстроўвае важную частку сучаснага польскага ўспрыняцця не толькі самой Беларусі, колькі хутчэй нашых сённяшніх уяўленняў пра Беларусь. І пра Польшчу таксама...

Выстава „Беларусь — Дабрарусь” ёсць першай такога маштабу прэзентацыяй друкаванага слова ў пасляваеннай Польшчы. Частка матэрыялаў пазычаная ў прыватных калекцыянераў. Будзе яна працаваць да канца красавіка г.г. Каштоўнасць выстаўкі — прэзентацыя ўнікальных выданняў, гістарычная перыядызацыя пісанага слова. Як сказаў прысутны на мерапрыемстве Юры Туронак, „тут наша гісторыя”.