Ніва № 12 (2341), 25 сакавіка 2001 г.

Першы крок да незалежнасці

Яўген МІРАНОВІЧ

Вясною 1918 года пра незалежнасць пачалі думаць народы, эліты якіх раней марылі толькі пра культурную аўтаномію ў межах Расіі. Апрача палякаў да І сусветнай вайны ніводзін са звыш ста народаў Імперыі Раманавых не праяўляў імкненняў да незалежнасці. Латышскія ці эстонскія эліты з-за канфлікту з пражываючымі на іх тэрыторыі немцамі пераконвалі свае грамадствы пра неабходнасць замацоўвання цесных сувязяў прыбалтыйскіх правінцый з Пецярбургам. У параўнанні да латышоў ці эстонцаў, якія ў 1918 годзе стануць жыць у сваіх дзяржавах, беларускія эліты на пачатку ХХ стагоддзя разважалі прынамсі пра палітычную аўтаномію ў „дэмакратычнай Расіі”. Беларусы не надта адставалі ў нацыянальным працэсе, калі параўнаць іх імкненні з суседнімі народамі.

Большасць народаў у 1918 годзе аб’явіла незалежнасць сваіх правінцый па прычыне сітуацыі, якая ўзнікла ў Расіі. Прыбалты і ўкраінцы панічна баяліся пашырэння бальшавізацыі на свае краіны. Таму нават прыхільнікі сацыялізму далучаліся там да незалежніцкіх лагераў. У Беларусі бальшавікі спачатку ўспрымаліся як саюзнікі ў вырашэнні нацыянальных спраў. Дарэчы, бальшавікі не перашкаджалі беларускім дзеячам у арганізаванні нацыянальнага жыцця. Беларускімі дзеячамі ўспрымаліся яны як легітымныя пераймальнікі расійскай улады і заадно партнёры для далейшых размоваў. Са згоды народнага камісара па справах нацыянальнасцей Іосіфа Сталіна 5 снежня 1917 г. быў скліканы І Усебеларускі з’езд з удзелам 1 872 дэлегатаў з усіх куткоў Беларусі. Большасць дэлегатаў адобрыла яго асноўную мэту — стварэнне аўтаномнай беларускай дзяржаўнасці ў межах Расіі. 17 снежня З’езд прыняў пастанову аб стварэнні беларускай савецкай сістэмы ўлады ў Беларусі. Дзеля гэтага была выбрана Усебеларуская рада сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэлегатаў, якая атрымала паўнамоцтвы часовага беларускага ўрада, падпарадкоўвалася аднак бальшавіцкай петраградскай Радзе рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэлегатаў. Гэтага самага дня бальшавікі вырашылі разагнаць З’езд. На практыцы выявілася, што яны таксама, як раней г.зв. расійскія дэмакраты, не прызнавалі беларусам права на самавызначэнне. Не дазволілі нават стварыць беларусам свае савецкай улады. Бальшавіцкае кіраўніцтва ў Мінску, сярод якога не было беларусаў, не хацела дзяліцца ўладай з мясцовымі сацыялістамі. Такім чынам нават фанатыкі яднання з Расіяй зразумелі, што расійская ўлада ў Беларусі абазначае прадаўжэнне каланіяльнага статусу, дзе мясцовым элітам астаецца толькі паслухмяная служба чужынцам.

З’езд, пакуль яго разагналі бальшавікі, паспеў яшчэ выбраць кіраўнічы орган — Раду, якая стала легітымным прадстаўніцтвам беларускага народа. Рада стварыла Выканаўчы камітэт, які стаў арганізаваць беларускія незалежныя структуры. У лютым 1918 года памяняліся акупанты. На працягу некалькіх дзён немцы занялі амаль цэлую Беларусь. Не прызналі яны Выканаўчы камітэт палітычным беларускім суб’ектам. Не цікавіла іх беларуская дзяржаўнасць. Тэрыторыю Беларусі палічылі часткай Расіі, на якой праводзілі канфіскацыю ўсялякай маёмасці.

Выканаўчы камітэт Рады І Усебеларускага з’езда аднак надалей працягваў сваю дзейнасць. 9 сакавіка выдаў грамату, у якой заяўляў, што „Беларускі Народ жыве і жыць будзе” і аб’явіў узнікненне Беларускай Народнай Рэспублікі ў этнаграфічных межах. Камітэт неўзабаве стаў адзінай арганізацыяй, якую немцы прызнавалі прадстаўніцтвам мясцовага насельніцтва. Са згоды ствараючых яго партый і арганізацый Камітэт перайменаваўся ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і 25 сакавіка 1918 г. аб’явіў незалежнасць БНР. Беларусь мела займаць тэрыторыю Віцебшчыны, паўднёвай Віленшчыны, Гродзеншчыны (з Беластокам), усходняй Смаленшчыны, Магілёўшчыны, паўночнай Чарнігаўшчыны і Міншчыны. Палессе немцы з бальшавікамі раней ужо аддалі Украіне.

25 сакавіка не ўзнікла беларуская дзяржаўнасць, але прадэманстравалася воля яе стварэння. Беларусы дзеля рэалізацыі гэтай ідэі не мелі — як, напрыклад, літоўцы, латышы ці эстонцы — саюзнікаў, зацікаўленых у яе ажыццяўленні. Не мелі, і не маглі мець, прынамсі пару соцень тысяч салдат, каб паўстрымаць агрэсараў з захаду і ўсходу. У той час былі гэта асноўныя элементы, якія дазвалялі ствараць свае дзяржаўнасці. Неўзабаве чужыя арміі затапталі беларускую незалежнасць, але ідэя свае дзяржавы, якой сімвалам стала дата 25 сакавіка, перадавалася з пакалення ў пакаленне. Нават калі дакладна вымазалі яе з памяці жыхароў Савецкай Беларусі, заўсёды аставалася яна жывой сярод беларускіх эмігрантаў. Хапіла толькі моманту свабоды ў Беларусі ў пачатку дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя і ажыццяўляць ідэю незалежнасці стала пару мільёнаў беларусаў. Гэта паказвае, што ніякія халуі, якія ёсць ці будуць пры ўладзе ў Мінску, не ў змозе паўстрымаць гэты працэс.