Ніва № 9 (2338), 4 сакавіка 2001 г.

45 гадоў з беларускім рухам

Віталь ЛУБА

Амаль паўвека спадарожнічаем беларускаму руху на Беласточчыне. Розныя задачы ставіліся тыднёвіку, але несумненна галоўнай мэтай была і ёсць папулярызацыя беларускай мовы і садзейнічанне захаванню беларускай нацыянальнай свядомасці. Аб гэтых і іншых задачах прыпаміналася ў артыкулах, прымеркаваных да чарговых юбілеяў.

Напрыклад, у перадавіцы на 5-годдзе адзначалася, што „Ніва” з’яўляецца пераемніцай распаўсюджвальнікаў беларускага друкаванага слова: Пятра Мсціслаўца, заснавальніка Заблудаўскай друкарні (ХVІ ст.), Кастуся Каліноўскага і яго „Мужыцкай праўды” (ХІХ ст.) і „Вольнай працы” (1940-1941). Рэдакцыя заяўляла, што зробіць усё, каб наблізіць газету да патрэб і пажаданняў чытачоў.

У 1971 годзе акцэнтавалася выхаваўчая роля тыднёвіка, яго садзейнічанне ўмацаванню дружалюбных адносін паміж народамі, распаўсюджванню традыцый супольных змаганняў беларускіх і польскіх рабочых і сялян, ажыццяўленню нацыянальнай палітыкі ПАРП, павышэнню культуры беларускага асяроддзя, дапамога беларускаму школьніцтву.

Адзначыўшы 25-гадовы юбілей у 1981 годзе, „Ніва” ў другое чвэрцьстагоддзе ўступала з добрым настроем, з пачуццём таго, што і газета, і журналісцкая праца патрэбны людзям, што супрацоўнікі „Нівы” па меры магчымасцей і абавязкаў уносяць свой уклад у стваральную працу народа, у слаўную гісторыю газеты.

Зусім іншы настрой панаваў дзесяць гадоў пазней. У выніку палітычных змен у краіне многае змянілася і ў нашым асяроддзі. Узніклі новыя арганізацыі, якія рашуча асуджалі мінулае. У перадавіцы, прымеркаванай да 35-годдзя тыднёвіка, згадвалася аб абвінавачваннях тыднёвіка ў тым, што газета служыла папярэдняму рэжыму і аб тым, што нельга з-за гэтага памяншаць ролю тыднёвіка ў грамадска-культурным жыцці беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Тыднёвік дэклараваў, што хоча служыць усім беларусам у Польшчы, яднаць іх вакол ідэі захавання нацыянальнай свядомасці, развіцця культуры і асветы, што ўступ на старонкі будзе адкрыты ўсім беларускім арганізацыям і асяроддзям.

Дэкларацыя гэтая надалей захоўвае сваю актуальнасць. А мы, журналісты, стараемся адлюстроўваць жыццё такім, якім яго бачым — з усімі яго складанасцямі, з адмоўнымі і станоўчымі бакамі. А з нагоды юбілею прапануем чытачам некалькі артыкулаў, якія ўзніклі ў выніку падарожжаў нашых журналістаў слядамі ніўскіх публікацый 45-гадовай даўнасці.