Ніва № 8 (2337), 25 лютага 2001 г.

Арол, Пагоня і зубр

Аляксей МАРОЗ

Радныя Гайнаўскага павета на сесіі 25 студзеня г.г. пазнаёміліся са справаздачамі і планамі працы камісій і Рады, вырашылі ліквідаваць Комплекс сельскагаспадарчых школ у Гайнаўцы, прысвоілі званне Комплексу лясных школ у Белавежы і заслухалі інфармацыю аб падрыхтоўцы праекта герба і сцяга Гайнаўскага павета.

Цэнтр польскай геральдыкі у Варшаве распрацаваў чатыры праекты, з ліку якіх радныя выбралі і паслалі дзеля кансультацыі ў Геральдычную камісію пры Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі па адным праекце герба і сцяга. Радныя выбралі герб, у якім на падзеленым на тры часткі шчыце знаходзяцца на чырвоным фоне арол і Пагоня, а на зялёным — зубр (левае фота). У прапанаваным сцягу на прамавугольніку знаходзяцца тры аднолькавай шырыні паласы: зялёная, чырвоная і белая. У абгрунтаванні выбару адзначаецца, што арол і коннік адклікаюцца да герба Падляшша, яго гісторыі і традыцый, а зубр з’яўляецца каралём Белавежскай пушчы, якая ў Польшчы поўнасцю знаходзіцца ў Гайнаўскім павеце і разам з іншымі лясамі састаўляе 49% яго тэрыторыі. Стараста Уладзімір Пятрочук паінфармаваў, што Геральдычная камісія адмоўна ацаніла названы раднымі герб. Геральдыкі лічаць, што гэты герб пазычаны ў Драгічына, арол на ім — у Пётркава-Трыбунальскага, а Пагоня — у герба Літоўскай Рэспублікі. Запрапанавалі яны герб з зубром сярод дрэў (правае фота). Стараста сказаў яшчэ, што Цэнтр польскай геральдыкі надалей лічыць праект герба з арлом, коннікам і зубром правільным і прапануе прыняць яго раднымі, паколькі для рады патрэбная толькі кансультацыя Геральдычнай камісіі, а не яе станоўчая ацэнка. Стараства будзе далей кансультаваць праекты герба і сцяга Гайнаўскага павета з юрыстамі і геральдыкамі, а вынікі прадставіць для зацвярджэння на чарговай сесіі.

Радныя прагаласавалі за ліквідацыю Комплекса сельскагаспадарчых школ у Гайнаўцы, якога спецыяльнасці будуць адкрыты ў Комплексе прафесійных школ. Прычынай ліквідацыі школы быў дрэнны стан будынка. Усе настаўнікі ліквідаванай школы будуць прыняты на працу ў новай, але частка абслуговага персаналу будзе звольнена.

Рада павета прысвоіла званне „Польскіх леснікоў” Комплексу лясных школ у Белавежы, які ў гэтым годзе будзе святкаваць 50-гадовы юбілей.

Стараста павета паінфармаваў радных, што ўступныя размовы з Падляшскай касай хворых дазваляюць спадзявацца, што з усімі аддзяленнямі Гайнаўскай бальніцы будуць падпісаны кантракты на медыцынскія паслугі. Радныя пастанавілі даць сваю заруку пазыкам (500 тыс. і 300 тыс. зл.), якія ў Нацыянальным і Ваяводскім фондах аховы асяроддзя і воднай гаспадаркі возьме Гайнаўскі комплекс аховы здароўя на мадэрнізацыю і разбудову крэматорыя для спальвання шпітальных адходаў.

Рада павета адобрыла справаздачы камісій за 2000 год і зацвердзіла планы працы камісій і Рады на 2001 год. У першым паўгоддзі радныя будуць займацца беспрацоўем, умовамі працы Комплексу аховы здароўя, дзейнасцю Павятовай камендатуры паліцыі і Павятовай камендатуры дзяржаўнай пажарнай аховы, стратэгіяй развіцця сярэдніх школ і рэалізацыяй дарожных інвестыцый.