Ніва № 8 (2337), 25 лютага 2001 г.

Мастацкае падарожжа Беласток — Мінск

Ганна КАНДРАЦЮК

— Мая найбольшая мара, — сказаў Алег Кабзар, — падпарадкаваць колер маім настроям, прагненням, трымаць музу на павадку! Або ў кішэні...

З 9 лютага ў Ваяводскім асяродку анімацыі культуры (што па вуліцы Кілінскага, 8) працуе калектыўная выстаўка шасці выпускнікоў Беларускай акадэміі мастацтваў пад загалоўкам 2200 Беласток — Мінск.

Гадзіна 2200 — час ад’езду апошняга рэйсавага аўтобуса з Беластока ў Мінск. Для многіх яшчэ да нядаўна — гэта гадзіна жыццёвага гарту і дасведчання. Дасведчання новай рэчаіснасці. Пачатак таксама мастацкага падарожжа ў часе і прасторы. Менавіта, ідучы на вернісаж, я спадзявалася ўплыву тае рэчаіснасці ў фатаграфіі, карцінах (што ўнушаў класны плакат). Маё наіўнае спадзяванне так і асталося спадзяваннем.

Затое ўсе прэзентаваныя працы ўдала паказалі творчую індывідуальнасць аўтараў, іх варштат і погляд на мастацтва.

Вітражы Пятра Стахвюка выяўляюць абстрактныя матывы прыроды (раслінасць, вадаспад, сонца), як і геаметрычныя ўзоры.

— У час навукі я меў заняткі па вітражы з прафесарам Львом Кардашом, — гаворыць Пятро Стахвюк, выпускнік аддзялення інтэр’ера. Вопыт мінскай акадэміі даў падставы прафесійна заняцца гэтым відам мастацтва. Прытым вітраж мае высокую рыначную вартасць — ён папулярны аздобны матыў хатняга інтэр’ера.

Чорна-белая фатаграфія Марка Тапалеўскага (выпускніка юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта), вылучаецца смелай адметнасцю выяваў жаночых характараў. На фатаграфіях сустрэнем тыпы інтэлектуалак, рамантычак, ваўкалачак, фрустратак...

— Фатаграфія гэта мая пасія, — адзначае Марк Тапалеўскі. Самы спрыяльны момант для гэтага занятку надарыўся якраз у час мінскай вучобы (меў магчымасць карыстацца фатаграфічнай студыяй). На вернісажы паказаны здымкі з 1994-98 гадоў, партрэты сябровак з Мінска і Любліна.

Іншы від фатаграфіі прадстаўляе Іаланта Кабзар (выпускніца факультэта інтэр’ера БАМ).

— Хачу паказаць незвычайнае ў звычайным. Вось, для прыкладу, фрагмент унутранай фактуры старога дрэва — яно мае свае лініі, сваю гісторыю, як рука чалавека. Або пясчаны бераг ракі, які нагадвае сапраўдную хвалю.

Іаланта Кабзар працуе мастаком па інтэр’еры, фатаграфія — для душы.

Разнавіднасць вернісажу натуральна папаўняе плакат Міраслава Здрайкоўскага, выпускніка факультэта рэкламы і выставачных праектаў БАМ. Прэзентаваныя плакаты (дыпломная праца) папулярызуюць дзейнасць Гайнаўскага беларускага музея: народную вытворчасць з саломкі (саламяны конік на гайданцы), вышыванку пад лозунгам „скарбы з бабулінай скрыні”, кавальства як матыў дубовай галіны.

Юры Федарук (таксама па аддзяленні інтэр’ера) запрашае ў свет казкі і міфа, блізкі паэтыцы жывапісу венскага мастака Клімта. Сам Федарук не называе твораў, іх інтэрпрэтацыю пакідае гледачу. Ішую частку яго карцін складаюць партрэты жанчын — хударлявых старэч, пакутных матронаў, жанчын, схаваных у глыб уласнай душы.

Новы матыў сустракаем у Алега Кабзара, самага спелага тут мастака, родам з Гомельшчыны. Побач вядомага ўжо бельскага пейзажу, Кабзар прэзентуе партрэты жанчын. Сваім выяўленнем нагадваюць старажытныя полацкія фрэскі і жанчыны Мадыльяні. Яны ахінуты іржава-блакітна-зялёным фонам і „інтрыгуючымі” плямамі. Асабліва прыгожы твор „Кветкі для Іаланты” — задуменнасць музы і валошкі. Алег Кабзар, як адзіны з аўтараў выставы, штодзень займаецца жывапісам.

— Мая найбольшая мара? — задумваецца мастак. — Падпарадкаваць колер сваім настроям, прагненням. Ну і трымаць музу на павадку... або ў кішэні.