Ніва № 8 (2337), 25 лютага 2001 г.

Справа беларускага прадпрымальніка

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

7 лютага беластоцкая паліцыя падчас дарожнага кантролю затрымала 31-гадовага Андрэя Жукаўца, грамадзяніна Беларусі, які ад двух гадоў пражывае ў Польшчы. Затрыманы быў арыштаваны на аснове пісьма Інтэрпола аб вышуку, асновай якога было абвінавачанне Андрэя Жукаўца мінскай пракуратурай у абакуленні 700 тысяч долараў. Андрэй Жукавец чакаў у Польшчы палітычнага прытулку, як уцекач ад палітычнага тэрору ў Беларусі.

Ян Абадоўскі, супрацоўнік Андрэя Жукаўца, сказаў мне, што яшчэ калі Жукавец прабываў у Беларусі, супраць яго тройчы ўзбуджаліся справы з-за палітычнай дзейнасці. Абвінавачаны займаўся гаспадарчай дзейнасцю і нёс дапамогу праваабарончым дзеячам беларускай апазіцыі. Кожны раз пракуратура змяняла следчых, аднак яны нічога не маглі знайсці ў справе. Паяўляліся затое невядомыя тэлефоны на дом Жукаўца з пагрозамі, што заб’юць, калі не спыніць сваёй фінансавай падтрымкі апазіцыянерам. Грошы ў яго былі ад уласнай фірмы, якая займалася рэкламай. Фірма падпісала дамову з Беларусбанкам на рэкламу і ўзяла крэдыт. Банкаўскія чыноўнікі захацелі хабар, а калі Жукавец адмовіў, Беларусбанк парваў дамову. Жукавец прабаваў плаціць, але банк адсылаў грошы назад, спасылаючыся на няправільную валюту. Такім чынам улада стварала з прадпрымальнікаў крыміналістаў. Ян Абадоўскі разлічвае, што Жукавец атрымае ў Польшчы палітычны прытулак. За такое рашэнне выступае беларускі Малады фронт, Ліга літвінаў, Народны рух Украіны і польскі НЗС.

* * *

Польскія пракуроры затрымалі Андрэя Жукаўца ў арышце на трыццаць дзён. За той час будуць яны высвятляць супярэчлівыя ўзаемныя абвінавачванні Лукашэнкавай дзяржавы пад шыльдай банка і ягонага даўжніка пад шыльдай запалохванага праваабаронцы. Часта гаворыцца, што праўда знаходзіцца недзе пасярэдзіне. Аднак можа яна быць і на краю. Ян Абадоўскі пераконвае, што яна на баку Жукаўца, дзеля чаго прыводзіць прыклады Чыгіра, Пупейкі, Кудзінава і Клімава. Аднак жыццё прыносіць з постсавецкай прасторы і зусім іншыя прыклады, калі маскоўскія ці кіеўскія арлы „бізнесу” з неблагімі грашыскамі прызямляюцца за заходнімі кратамі.

* * *

Беларускім уладам не ўдаецца парваць з савецкай традыцыяй завалодвання ўсімі сферамі грамадскага жыцця, у тым ліку і поглядамі сваіх грамадзян. Адсюль бярэцца аднолькавае стаўленне да іншадумцаў і злачынцаў. Першыя з іх апынаюцца ў вельмі складаныя абставіны, затое ж тыя другія вельмі ахвотна могуць падшывацца сумленнымі людзьмі. Адны ўцякаюць за мяжу, каб выжыць, другія — каб разжыцца. І калі постсавецкія пракуроры не дураць сабе галавы адрозніваннем галубоў ад сарок, гэтую работу мусяць за іх праводзіць праваахоўныя органы суседніх дзяржаў. Польскія юрысты праз месяц павінны высветліць, ці за шыльдай праваабаронцы скрываецца абакула, ці за шыльдай банку цікуе таталітарная дзяржава.