Ніва № 7 (2336), 18 лютага 2001 г.

Сумная хроніка

Віктар БУРА

Школа ў Рыбаках узнікла ў 1906 годзе. Называлася яна тады народным вучылішчам і раскінута была па сялянскіх хатах. Чатыры гады пазней школа атрымала новы будынак — прасторны, з вялікімі аканіцамі і прыгожым уваходам. Паўвека пазней у вёсцы пабудавалі Дом настаўніка (1962-1975). У школе працавалі знакамітыя настаўнікі, якіх да сёння вучні ўспамінаюць добрым словам, напрыклад, дырэктара Міхала Грыку, настаўніц — Станіславу Боўтрык, Зінаіду Валешчык ці Уладыславу Копсць. Са школы ў Рыбаках выйшла шмат выдатнікаў, якія пазней занялі высокія і адказныя пасады. Сярод выпускнікоў ёсць вучоныя, паэты, лекары, лётчыкі, генералы, настаўнікі, інжынеры, пракуроры...

Школа была не толькі асветнай установай, але і свайго роду культурным цэнтрам. Дырэктар Грыка, родам з Багнюкоў, са спагадай ставіўся да вясковай моладзі і дазваляў ёй у школьным будынку ладзіць танцавальныя вечарыны. Тады, пасля вайны, па вёсках не было ні святліц, ні клубаў. На такія забавы сыходзіліся таксама старэйшыя жанчыны і мужчыны, каб паглядзець на маладых спевакоў і танцораў. Напрыклад, музыкант спецыяльна іграў „Каробушку” для Івана Баршчэўскага (Казьмеравага), які па-майстэрску танцаваў з Марыяй Лаўрашук (Манькай Альжушынай) з Бандароў. Да гэтай пары часамі далучаўся Косця Лаўрыш з Таніцы-Гурнай са сваёй партнёркай. На забавы моладзь з суседніх вёсак прыходзіла пешшу, а з далейшых — прыязджала на роварах, пазней на матацыклах і аўтамабілях „Сырэна”. А тадышнія музыканты ігралі на акардэоне, бубне, скрыпцы. Часамі прыязджаў вайсковы аркестр ВОП з Беластока (з Пагранічнага вайсковага аддзялення).

У школе адбываліся агульнавясковыя і партыйныя сходы, а таксама пасяджэнні членаў гуртка БГКТ і Кола вясковых гаспадынь. У школьных залах дэманстраваліся фільмы, якія прывозіла БГКТоўская кінаперасоўка, адбываліся сустрэчы з журналістамі „Нівы”, літаратарамі „Белавежы” і іншыя мерапрыемствы. Пазней моладзь з Рыбакоў і Бандароў пабудавала танц-пляцоўку ў Рыбаках. Вакол яе пасадзілі бярозкі. З таго часу танцы летняй парою адбываліся пад адкрытым небам.

Мінулі тыя гады, калі БГКТ дзейнічала больш паспяхова і штогод арганізавала шматлюдныя беларускія фэсты, на якіх голас вядучай Валянціны Ласкевіч быў чутны ў суседніх Бандарах і навакольных вёсках. У прыгожым месцы над Нарвай выступалі калектывы з Беласточчыны і Беларусі.

Цяпер ад усяго гэтага засталіся адны ўспаміны. Ніхто не заглядае ў вёску, не цікавіцца моладдзю — ні БГКТ, ні іншыя беларускія арганізацыі. Пустая школа стаіць забітая дошкамі, заглухла, аколеная трыццацігадовымі бярозкамі танц-пляцоўка. Шкада, вельмі шкада!

Паміж Рыбакамі і Бандарамі мясцовыя сяляне пры падтрымцы ўлад Міхалоўскай гміны пабудавалі мураванае пажарнае дэпо. Было ўрачыстае адкрыццё з удзелам афіцыйных прадстаўнікоў гміны і ваяводства, прыём у новенькай святліцы і ўзнагароды для заслужаных пажарнікаў. І зноў забурліла культурнае жыццё. Працаваў клуб з кіёскам, можна было паглядзець тэлевізар. У вялікай зале адбываліся навагоднія балі, вяселлі, запусты, ёлкі для дзяцей. Прыязджалі сюды на сустрэчы з чытачамі журналісты „Нівы” і „белавежцы”. Гасцяваў у нас ураджэнец Бандароў Алесь Барскі. У пажарнай святліцы заўсёды быў выбарчы ўчастак. У ёй таксама выбіралі солтысам Колю Хлябіча, сына Уладзіміра, з Рыбакоў, які шмат гадоў знаходзіўся на гэтай пасадзе.

Цяпер святліцай улады Міхалоўскай гміны не цікавяцца. У клубе размясціўся аптовы склад, а беспрацоўная моладзь праседжвае ў карчах пры бутэльцы віна-чарніла.

З году ў год на беларускіх вёсках прыбывае пустых дамоў. Паміраюць адносна маладыя людзі. Ніхто не зважае на сённяшні дзень і будучыню вёскі. Куды гэта ўсё давядзе?..