Ніва № 6 (2335), 11 лютага 2001 г.

Новыя вуліцы ў Беластоку

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

29 студзеня г.г. адбылася 36 сесія Гарадской рады Беластока. Разглядаліся на ёй м.інш. змены ў Статуце горада Беластока, перафарміраванне Управы камунальнай маёмасці ў суполку з абмежаванай адказнасцю Гміны Беласток, удзел Гміны Беласток у стваранні новай суполкі Таварыства грамадскага будаўніцтва, абставіны ў Доме дзіцяці н-р 2 і іншыя справы. У квартале Старасельцы былі прысвоены назвы чатыром вуліцам. Адна вуліца атрымала назву „Сервісовая”, а тры вуліцы атрымалі нацыянальныя назвы: „Беларуская”, „Сербская” і „Украінская”. З ініцыятывай прысваення вуліцам нацыянальных назваў выступіў радны Праваслаўнага клуба Славамір Назарук, вядомы нашым чытачам са сваіх багаслоўскіх нарысаў на старонках „Нівы”. Спадар Назарук тлумачыў патрэбу прысваення назваў „Беларуская” і „Украінская” суседствам гэтых народаў з Польшчай, а назву „Сербская” — падабенствам гісторыі палякаў і сербаў, якія стагоддзямі змагаліся за нацыянальную незалежнасць. За прысваеннем „нацыянальных” назваў выказаліся 31 радны, адзін стрымаўся, а адзін быў супраць; галасаванне за „Сервісовай” вуліцай дало крыху горшы вынік.

Спадар Славамір Назарук прадставіў мне і план расходаў гарадскога бюджэту на культурныя мерапрыемствы нацыянальных меншасцей. Прадбачваецца ў ім на гэтыя патрэбы 55 тысяч злотаў, з чаго 10 тысяч адводзіцца на арганізацыю паланійных мерапрыемстваў у рамках супрацоўніцтва Беласток-Гродна. Грашовую падтрымку гарадскія ўлады Беластока прадбачваюць мерапрыемствам, арганізаваным Беларускім гістарычным таварыствам, Беларускім грамадска-культурным таварыствам, Беларускім асветным таварыствам, Праграмнай радай тыднёвіка „Ніва”, Асацыяцыяй беларускіх журналістаў, Цэнтральнай радай ромаў і Мусульманскім рэлігійным саюзам. Апрача згаданай падтрымкі нацыянальным меншасцям прадбачана таксама ўдзел гарадскога бюджэту ў падтрымцы мерапрыемстваў арганізаваных Праваслаўным цэнтрам міласэрнасці і праваслаўнымі брацтвамі; прызначаецца на гэта 17 500 злотаў.

Дакумент, апрача прадбачваемых расходаў, прыводзіць і мінулагоднія затраты гарадскіх бюджэтных сродкаў на згаданыя мэты. Параўноўваючы іх, заўважаецца станоўчы зрух на карысць меншасцей. Прычын гэтакай перамены можна крыху дадумоўвацца. У 3-м нумары тыднёвіка „Polityka” прэс-сакратар прэзідэнта Беластока Лешэк Калеснік піша: „W warunkach postepujacej homogenizacji kultury, roznorodnosc etniczna i jej konsekwencje stanowia wartosc ubogacajaca. Dobrze to rozumieja wladze miasta i doceniaja. (...) Chwalimy sie roznorodnoscia kultur i wyznan, traktujac je jako powod do dumy i obraz wspanialego dziedzictwa Rzeczypospolitej Obojga Narodow”. Тэкст Лешка Калесніка тлумачыць скандал, выкліканы вядомай адмовай Лявона Тарасэвіча ад узнагароды горада Беластока. Таксама варта мець на прымеце і тое, што ў Беластоку памяняліся іерархі. Апошняе наглядна было відаць падчас галасаванняў, калі радныя, асабліва з правага палітычнага боку, галасавалі так як хацелі, без аглядкі на нейкую дыктоўку.