Ніва № 6 (2335), 11 лютага 2001 г.

Усё чакаем справядлівасці

Мікола ВАЎРАНЮК

— Майму брату было 23 гады, — са слязамі ў вачах успамінае Марыя Ляшкевіч (з дому Юзючук) з Краснага Сяла, — летам вярнуўся з Прусаў, а зімою прыйшла банда, узяла з хаты і мы яго ўжо больш не бачылі.

Брат Марыі Ляшкевіч быў адной з ахвяр крывавага рэйду атрада Pogotowia Akcji Specjalnej Narodowego Zjednoczenia Wojskowego пад камандаваннем Рамуальда Райса („Бурага”) па Бельскім павеце ў 1946 годзе. Гадавіна гэтых трагічных падзей, у выніку якіх загінула каля васьмідзесяці нявінных беларускіх сялян (у тым ліку дзяцей, жанчын і старэч) адзначалася напрыканцы студзеня.

У Бельску ля супольнай магілы трыццаці вазакоў, закатаваных каля вёскі Пухалы-Старэ, айцец Ян Шмыдкі адслужыў у нядзелю 28 студзеня паніхіду. У пропаведзі да сабраных сямейнікаў ахвяр ён гаварыў:

— Слава Богу за тое, што гісторыя дазволіла нам скласці астанкі нашых блізкіх у гэтым месцы. Вечны ім спакой. Але гэтая магіла ўсё яшчэ чакае ўшанавання. Звяртаемся да ўсіх, хто мае ўладу, каб паспрыялі ўстанаўленню тут помніка, каб родныя нявінна загінуўшых людзей — у пераважнай большасці пажылыя людзі — маглі адысці з гэтага свету з пачуццём выпаўненага даўгу перад бацькам, мужам, братам.

Валакіта з помнікам загінуўшым каля Пухал-Старых вазакам цягнецца ўжо тры гады. На яго форму (праваслаўны крыж на кургане) і надпіс на пліце (ахвярам польскага ўзброенага падполля) згоды не дала падляшскі ваявода Крыстына Лукашук. Прапанавала яна, каб магіла была ўшанавана ляжачай плітой, адно з прозвішчамі ахвяр. Пагадзіўся з ёю міністр унутраных спраў. Вярхоўны адміністрацыйны суд у пачатку мінулага года іх аргументацыю палічыў незаконнай. З таго часу Грамадскі камітэт сем’яў закатаваных вазакоў чакае адміністрацыйнага рашэння. Знаходзіцца яно ў кампетэнцыі міністра ўнутраных спраў.

Завяршэння чакае таксама расследаванне злачынства. Пачала яго ў 1995 годзе Акруговая камісія даследавання злачынстваў супраць польскага народа ў Беластоку. У мінулым годзе, разам з пераўтварэннем Камісіі ў Інстытут нацыянальнай памяці (ІПН), следства было прыпыненае.

— Калі толькі ўкамплектуем асабовы склад Інстытута і знойдзем адпаведныя для працы памяшканні, расследаванне адновім, — кажа пракурор Радаслаў Ігнацьеў, начальнік Камісіі даследавання злачынстваў супраць польскага народа Беластоцкага аддзела ІПН. — Не магу пакуль назваць тэрміны, але я не ўяўляю сабе, каб мы ў гэтым годзе не скончылі арганізацыйных прац.

Расследаванне павінна высветліць акалічнасці трагедыі, устанавіць усіх пацярпелых, а таксама віноўнікаў — непасрэдных, якія падпальвалі вёскі, гвалтавалі дзяўчат, націскалі курок пісталета ці забівалі рыдлёўкамі, як і тых, хто даваў загады. І назваць злачынства сваім імем.

— Напэўна не было гэта ваеннае злачынства, бо вайна ўжо скончылася, — кажа пракурор Радаслаў Ігнацьеў, — але і цяжка назваць яго крымінальным актам. Ёсць факты, хаця б рэлігійная і этнічная прыналежнасць ахвяр, якія паказваюць, што гэтую трагедыю можам аднесці да катэгорыі злачынства супраць чалавецтва. Але гэта таксама трэба даказаць у працэсе расследавання.

* * *

Разумею аб’ектыўныя цяжкасці працы пракурораў, менш непрыхільнасць дзяржаўнай адміністрацыі да ўшанавання помнікам памяці ахвяр. Не разумею затое закідаў адных і другіх да журналістаў, што накручваюць справу, бо гэта медыяльны факт. Калі стане помнік, калі сем’і ахвяр атрымаюць маральную кампенсацыю — забойцаў назавем у адпаведнасці з літарай права злачынцамі і тым самым заткнем рот тым, якія ўпарта лічаць іх героямі — сумныя падзеі зімы 1946 года знойдуцца там, дзе іх месца, г.зн. у падручніках гісторыі дзеля перасцярогі будучых пакаленняў.

Пакуль гэтага не будзе, ані я, ані мае калегі не перастанем пра гэта пісаць, гаварыць па радыё, паказваць у тэлебачанні. Мы павінны гэта тым, якіх па-зверску забілі толькі за тое, што былі беларусамі. І іх блізкім, крыўды і пакут якіх і так не зможам перадаць. Але хай ніхто не разлічвае, што злачынства пакрые пыл забыцця.