Ніва № 5 (2334), 4 лютага 2001 г.

Беларуская і постсавецкая гістарыяграфія

Яўген МІРАНОВІЧ

Няраз на старонках „Нівы” я меў нагоду пісаць пра адраджэнне беларускай гістарыяграфіі. Нягледзячы на неспрыяльныя палітычныя ўмовы, пашыраецца кола даследчыкаў мінуўшчыны, адкідаючых той спосаб апісвання і інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў, які акурат пажаданы пануючай наменклатурай. Узнікае штораз больш кніжак, аўтары якіх амаль зусім не звяртаюць увагі на камуністычную метадалогію даследавання гістарычных працэсаў, імкнуцца прадстаўляць факты і здарэнні, зыходзячы з беларускага нацыянальнага пункту гледжання. Па зразумелых прычынах з савецкімі традыцыямі найлягчэй прыходзіцца парываць сувязі гісторыкам малодшага пакалення, якія ездзяць па Еўропе, чытаюць замежную літаратуру і асабліва адчуваюць абсурднасць дамінуючай усё яшчэ ў Беларусі савецка-камуністычнай гістарыяграфіі. Варта таксама адзначыць, што ў апошнія гады паказалася шмат прац гісторыкаў, вядомых ужо ў савецкім перыядзе, якія вельмі сумленна прадстаўляюць нават самыя складаныя працэсы навейшай гісторыі Беларусі.

Аднак трэба заўважыць, што навуковыя дасягненні гісторыкаў несавецкай арыентацыі ў сённяшніх умовах маюць невялікі шанц прабіцца ў адукацыйную сістэму Беларусі. Дзяржаўны апарат, рэалізуючы палітыку яднання з Расіяй, знаходзіць у савецкай і расійскай гістарыяграфіях усе аргументы для апраўдання сваіх дзеянняў. Таму незалежныя гісторыкі не могуць разлічваць на ніякую падтрымку з боку лукашэнкаўскай адміністрацыі. Вырашылі яны, аднак, арганізавацца дзеля змагання за свабоду навуковых даследаванняў і неабмежаванай папулярызацыі гістарычных ведаў сярод беларускага грамадства. Пры канцы 1999 г. у асяроддзі гродзенскіх гісторыкаў узнікла ідэя стварэння агульнадзяржаўнага Беларускага гістарычнага таварыства. Два гады вяліся ўсялякія размовы на тэму ажыццяўлення гэтай ідэі, а ініцыятыўнай групай, якую складаюць Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук і Віктар Астрога, рыхтаваліся дакументы для легітымізацыі гэтай арганізацыі. 20 студзеня г.г. у Гродне адбыўся І З’езд Таварыства, які абмеркаваў праекты дакументаў, сімвалаў новай арганізацыі і планаў дзейнасці на найбліжэйшыя гады. Галоўным элементам герба БГТ будзе „Пагоня”. Арганізацыя плануе выдаваць свой часопіс, штогоднік, які, дарэчы, ужо існуе — „Гістарычны альманах”, ладзіць канферэнцыі і па меры магчымасцей рыхтаваць манаграфічныя выданні. З’езд даручыў ініцыятыўнай групе давесці да канца працэс рэгістрацыі БГТ.

Мяне, як аднаго з заснавальнікаў Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, цешыць факт, што наша арганізацыя інспіравала сяброў з Рэспублікі Беларусь пайсці падобнай дарогай. Сем гадоў таму, пасля шматгадовых няўдалых спроб паразумення з уладамі Філіяла Варшаўскага універсітэта ў Беластоку і Міністэрствам асветы наконт стварэння беларускай навуковай установы, мы вырашылі стварыць незалежную арганізацыю ў выглядзе БГТ і грамадскай працай яе сяброў разгортваць дзейнасць. Парадаксальна, але нашы калегі з Беларусі, якія жывуць у сваёй дзяржаве, апынуліся перад падобнымі праблемамі і вымушаны былі пайсці такім жа шляхам. І на гэтым, здаецца, усе падабенствы паміж нашымі арганізацыямі канчаюцца. Мы, як арганізацыя нацыянальнай меншасці, прадстаўляем вельмі малое асяроддзе, а прытым наша дзейнасць накіраваная перш за ўсё на папулярызацыю ведаў пра беларусаў і Беларусь у польскім асяроддзі. Калегі ў РБ маюць шанц уплываць на гістарычную свядомасць сваіх суайчыннікаў. Свядомасць неабходнасці дзейнасці такога характару надта выразна праявілася ў ходзе двухдзённай канферэнцыі беларускіх гісторыкаў, якая папярэдзіла З’езд БГТ.

Згаданая канферэнцыя з удзелам даследчыкаў мінуўшчыны з Гродна, Мінска, Магілёва, Полацка і гасцей з беластоцкага БГТ стала месцам вельмі шчырай дыскусіі аб праблемах беларускай гістарыяграфіі. Алесь Краўцэвіч, адкрываючы сустрэчу, выказаў меркаванне, што сярод гісторыкаў у Беларусі выступае вельмі выразны раскол на прыхільнікаў прадаўжання савецка-расійскай каланіяльнай традыцыі і вучоных, якія імкнуцца глядзець на мінуўшчыну з пункту гледжання беларускіх дзяржаўных інтарэсаў. Звярнуў ён увагу, што па сённяшні дзень няма ў беларускай гістарыяграфіі абгрунтаванай ацэнкі ролі Вялікага княства Літоўскага, няма рэгіянальнай гісторыі, няма беларускай версіі гісторыі Еўропы, ні гісторыі суседніх краін — Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы. Тым часам гісторыю Беларусі напісалі ўжо, а перш за ўсё так як ім было выгадна, усе суседнія народы.

Пётр Шыпук з Мінска звярнуў, аднак, увагу, што на пачатку дзевяностых гадоў наступіла ў беларускай гістарыяграфіі сапраўдная рэвалюцыя. Гісторыкі ўпершыню атрымалі свабоду выбару тэмы, метадалогіі і інтэрпрэтацыі фактаў. Некалькі гадоў свабоды ў карыстанні архіўнымі матэрыяламі разбурылі камуністычны, маналітны вобраз бачання свету.

Аляксей Літвін, аўтар кніжкі пра антысавецкія фарміраванні на тэрыторыі Беларусі ў час нямецкай акупацыі*, прадставіў стваранне ў беларускай савецкай гістарыяграфіі вобразу груповак, якія супрацоўнічалі з гітлераўскай Германіяй. Навуковы падыход уступаў тут патрэбам прапаганды. І толькі ў пачатку дзевяностых гадоў заіснавалі ўмовы для абгрунтаванай дыскусіі.

Аднак найбольшым дасягненнем канферэнцыі было акрэсленне стану беларускай гістарычнай навукі і неабходных сродкаў дзеля таго, каб служыла яна пабудове нацыі. Сябры новастворанага Таварыства, якія складалі большасць удзельнікаў канферэнцыі, прадэманстравалі волю дзейнасці ў карысць зменаў. Змяненняў, дарэчы, чакаюць не толькі гісторыкі, хоча іх штораз больш грамадзян Беларусі.

*Аляксей Літвін, Акупацыя Беларусі (1941-1944). Пытанні супраціву і калабарацыі, Мінск 2000, сс. 288.