Ніва № 4 (2333), 28 студзеня 2001 г.

Гісторыя Беларусі паводле Кандыбовіча

Яўген МІРАНОВІЧ

Хаця ў беларускіх кнігарнях цяжка знайсці літаратуру па айчыннай гісторыі, аднак, не абазначае гэта, што яе зусім няма. Наадварот, сотні афіцыйных і неафіцыйных выдавецтваў выпускаюць там дзесяткі тысяч кніжак, якія перадаюцца з рук у рукі, абмінаючы ўсе структуры дзяржаўнага распаўсюджвання. Такім чынам удалося мне атрымаць кніжку Сымона Кандыбовіча Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі*.

Тэкст быў напісаны ў пяцідзесятыя гады і толькі ў 1999 г. трапіў рэдактару „Беларускага Гістарычнага Агляду” Генадзю Сагановічу, якому, пры дапамозе Віталя Скалабана, удалося ў нядоўгім часе выдаць яго ў кніжнай форме.

Сымон Кандыбовіч быў сведкам падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў дваццатыя і трыццатыя гады. Займаў ён у той час высокія дзяржаўныя і партыйныя пасты. Калі ў трыццатыя гады праводзілася акцыя супраць беларускай інтэлігенцыі, Кандыбовіч выконваў абавязкі кіраўніка аддзела Савета народных камісараў БССР. Займаў тады вельмі выгаднае месца для назірання за бальшавіцкай палітыкай у Беларусі. Саветы арыштавалі яго ў 1940 г. У час нямецкай акупацыі далучыўся да нацыянальнага лагера. Быў нават членам Беларускай цэнтральнай рады. Перад уваходам Чырвонай Арміі ў Мінск выехаў у Нямеччыну, дзе правёў большасць свайго жыцця. Памёр у 1972 г.

Кніжку Кандыбовіча чытаецца вельмі лёгка, магчыма таму, што аўтар прадстаўляе выключна свой пункт гледжання на ўзнікненне і ліквідацыю беларускага руху ў Савецкай Беларусі ва ўспомнены перыяд. Гэта версія гісторыі, напісаная палітыкам і публіцыстам. Падаецца ў ёй шмат непацверджаных навуковымі даследаваннямі фактаў, таксама супярэчных з вынікамі прац гісторыкаў. Аднак інтэрпрэтацыя Кандыбовічам фактаў і палітычных працэсаў, якія адбываліся ў той час у Беларусі заслугоўвае найвышэйшай увагі даследчыкаў.

Пераломным момантам у гісторыі нацыянальнага беларускага руху лічыў Кандыбовіч лютаўскую рэвалюцыю ў Расіі. На ўсіх франтах салдаты і афіцэры царскай арміі з Беларусі пачалі яднацца ў нацыянальныя камітэты. Разам са знікненнем царскай улады перастала абавязваць жаўнерская прысяга. Аўтар сам быў жаўнерам расійскай арміі і добра адчуваў тую атмасферу. Вайсковае асяроддзе прывяло да склікання І Усебеларускага кангрэса ў снежні 1917 г., пасля якога пачаўся працэс стварання Беларускай Народнай Рэспублікі. Вялікай трагедыяй для беларусаў быў Рыжскі дагавор аб падзеле краіны паміж палякамі і бальшавікамі. Амаль 18 мільёнаў беларусаў — лічыць Кандыбовіч — апынулася пад расійска-польскай акупацыяй. Сваю частку Беларусі бальшавікі падзялілі на Савецкую Беларусь і землі, якія ўключылі ў склад Расійскай Федэрацыі. З самага пачатку на землях, інкарпараваных Польшчай і Расіяй, пачаўся працэс дэнацыяналізацыі беларускага насельніцтва. Толькі ў маленькай Савецкай Беларусі ў дваццатыя гады бальшавікі дазволілі на развіццё нацыянальнага жыцця. БССР аднак — паводле Кандыбовіча — служыць мела як магнітная сіла, прыцягваючая ўвагу беларусаў-грамадзян Польшчы і як база да падрыхтоўкі кіраўнічых кадраў у Заходняй Беларусі. З думкай пра ўтварэнне савецкай Польшчы бальшавікі стварылі ў Беларусі і Украіне польскія нацыянальныя акругі, дзе прабываючых там палякаў, яўрэяў, а таксама беларусаў і ўкраінцаў рыхтавалі на будучых адміністратараў польскай савецкай улады.

У пачатках дваццатых гадоў — піша Кандыбовіч — вакол камісара народнай асветы Усевалада Ігнатоўскага аб’ядналіся беларускія нацыяналісты з мэтай пашырыць адукацыю сярод беларускага люду. Падрыхтоўцы кадраў служыў Мінскі педагагічны інстытут, дзе выхоўваліся сапраўдныя патрыёты Беларусі. Пра мову школы вырашалі бацькі вучняў. Тыя, што не хацелі вучыць дзяцей на беларускай мове, маглі іх пасылаць у школу з рускай, польскай або яўрэйскай мовамі навучання. Але такіх школ быў невялікі адсотак, меншы чым небеларускага насельніцтва, дэклараванага падчас перапісу 1926 г. Свабода дзеяння беларускіх інтэлектуалаў на працягу некалькіх гадоў прывяла да стварэння Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларускай акадэміі навук, дзесяткаў інстытутаў, а новы камісар асветы Антон Баліцкі прадставіў у 1928 г. праект рэформы асветы ў БССР, дзе асновай адукацыі грамадзян рэспублікі павінна была стаць сярэдняя школа. Але гэтыя праекты не маглі ўжо ажыццявіцца.

Бальшавікі ў канцы дваццатых гадоў памянялі канцэпцыю сваёй знешняй палітыкі. Тое, што раней было пажаданым, згодным з савецкім заканадаўствам, цяпер стала найбольшым злачынствам. Кандыбовіч шырока апісвае лёсы паасобных арганізатараў беларускага нацыянальнага жыцця, стваральнікаў культуры ў трыццатыя гады. Паказвае таксама характар наступаючых змен. На працягу некалькіх гадоў Савецкая Беларусь сталася толькі адміністрацыйнай адзінкай Савецкага Саюза. Усё, што мела нейкую нацыянальную адметнасць, бальшавікі імкнуліся ліквідаваць. Нацыянальны астравок на беларускай этнічнай тэрыторыі заліла агульнасавецкая культура.

Людзі, звязаныя з нацыянальным рухам — піша Кандыбовіч — паспелі, аднак, пакінуць такую спадчыну, што нават пасля іх забойства не пераставала яна выконваць сваю ролю. Аспрэчваць існаванне беларускай нацыі ці культуры не маглі ўжо нават яе найбольшыя ворагі.

*Сымон Кандыбовіч, Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі, Мінск 2000, выд. Беларускі Гістарычны Агляд, сс. 160.