Ніва № 3 (2332), 21 студзеня 2001 г.

У Беластоку і Мінску

Яўген МІРАНОВІЧ

У гэтым годзе на Каляды пашанцавала ўсім лянівым і хворым праваслаўнага веравызнання. Не выходзячы з хаты маглі яны, седзячы каля тэлевізараў, удзельнічаць у святочнай вячэрні. Царкоўная ўрачыстасць, якая здымалася Беластоцкім тэлебачаннем раніцай у саборы св. Мікалая ў Беластоку, вечарам прэзентавалася па мясцовым тэлеканале, а ноччу — па першым канале цэнтральнага тэлебачання. Шырэйшая трансляцыя з вячэрні вялася ў праграме Радыё Беласток. У Польшчы ўпершыню ў такі спосаб улады телерадыёкампаніі ўшанавалі прысутнасць у краіне вернікаў праваслаўнага веравызнання. Магчыма, што адбылося гэта ў выніку рашэнняў нейкіх палітычных сіл, але здарыўся прэцэдэнт, які мае шанц паўтарыцца ў наступных гадах.

Дзеля справядлівасці трэба таксама заўважыць, што вячэрняя багаслужба рыхтавалася перш за ўсё для заспакаення духоўных патрэб праваслаўных польскай нацыянальнасці. Каляднае пасланне епіскапа Беластоцкага і Гданьскага Іакава, у выкананні самога аўтара, як і каментарый айца Рыгора Місіюка прагучалі на агульназразумелай дзяржаўнай мове. Дарэчы, польская мова ў царкоўным жыцці, асабліва ў Беластоку, вельмі хутка ў апошнім часе займае месца рускай. Царква, як рэлігійная і культурная ўстанова, доўга тут запавольвала працэс асіміляцыі выхадцаў з беларускіх вёсак. Сёння інтэлектуальнае жыццё царкоўнай грамадскасці развіваецца перш за ўсё на польскай мове. Таму, хіба, маюць рацыю ўсе, якія прагназуюць, што беларускасць у гэтым горадзе не мае вялікай будучыні.

Традыцыйна ад часу, калі Беларусь стала суверэннай дзяржавай, Мінскае тэлебачанне праводзіць трансляцыю з важнейшых рэлігійных святкаванняў. Калядная вячэрняя багаслужба пачынаецца там гадзіну раней, чым у Польшчы. Беларускае тэлебачанне праводзіць непасрэдную трансляцыю з гэтай урачыстасці. Часам святочную атмасферу парушалі выступленні правячага краінай „праваслаўнага атэіста”, як сам сябе называе Аляксандр Лукашэнка. У Беларусі ў гэтым годзе багаслужба, як не дзіўна, рыхтавалася для патрэб праваслаўных беларускай нацыянальнасці. Пасланне рускамоўнага мітрапаліта Філарэта было перакладзена на беларускую мову і ў такой форме прэзентаванае вернікам у царкве і тэлегледачам. Таксама каментарый і паясненні да багаслужбы вяліся на беларускай мове. Каментатар рабіў гэта вельмі стрымана, сцішаным голасам, што не перашкаджала тэлегледачам успрымаць меладыйнасць і прыгажосць каляднай вячэрні.

У Беластоку, аднак, толькі нешматлікія мелі магчымасць слухаць якаснае выкананне калядных гімнаў мінскім кафедральным хорам. Без спецыяльнай антэны сігнал з Мінска не прымаецца нашымі тэлевізарамі. Польскае тэлебачанне можна тым часам без праблемы глядзець на палове тэрыторыі Беларусі. Таму, напэўна, нашмат больш жыхароў Беларусі глядзела трансляцыю з сабора ў Беластоку, чым беларусаў, грамадзян Польшчы, трансляцыю з Мінска.