Ніва № 3 (2332), 21 студзеня 2001 г.

Канцэрт на малаткі

Міра ЛУКША

Гайнаўскія прапагандысты культуры Ірэна і Зіновій Галёнкі мелі яшчэ адну задуму, арганізаваць яшчэ адну выставу ў Беларускім музеі. На жаль, як пасля выяснілася, не маглі гэтага зрабіць у арандаванай да гэтага часу зале. Ужо пасля новае выставы, якая адбылася ў былой кузні Баляслава Мяжвінскага, пасля месячнага адключэння ацяплення ў зале і абражанага маўчання ці завочнага абгаворвання мецэната культуры, спадар Галёнка даведаўся, што арэнда сарвана па прычыне таго, што Музей страціў бы датацыі, арандуючы залу за грошы бізнесмену. А ў тым музеі шыльдаў а шыльдаў, толькі не музейныя яны, і выглядае ён сярод базара як той храм, з якога Настаўнік мусіў узяцца выганяць гандляроў. І не дзіў, што ў душах ідэйных беларусаў кіпяць крыўда і абурэнне — калі на родную культуру там месца — ці яшчэ, ці ўжо — няма! Можа такое кавальства — не наша рамяство? Пра выставу кавальства (у будучыні музей) Галёнкаў і Станіслава Мяжвінскага загаварылі ў Польшчы. Рэклама гэта і Гайнаўцы была б, і музею... Ды гэта пасля...

Больш за трыста асоб прыйшло ў той снежаньскі вечар пад завод Станіслава Мяжвінскага па вуліцы Ліпавай 1, каб пабачыць паказ падкоўвання каня (са стайні Галёнкаў у Параеве), працы кавалёў пры вырабе розных металёвых прадметаў, пачаставацца сытным супам з сюрпрызам (двухцалёвы вухналь; хто яго знайшоў у сваёй місачцы, атрымаў узнагароду — падкову на шчасце). Камісар выстаўкі, сп. Эва Чарнецкая, пачала красамоўны аповед пра кавальскае майстэрства на нашых землях, у горане разгарэўся агонь, які падтрымліваў адзін з гайнавян, паддуваючы механічным мехам, а кавалі (сам Станіслаў Мяжвінскі, Пётр Галёнка і Рышард Сакель) узяліся за працу. Пачаўся паказ малатковай музыкай. У вечаровае неба пасыпаліся іскры. Люд малы і стары ўзіраўся на натужлівую нялёгкую працу кавалёў, рукі якіх вычароўвалі з мяккіх гарачых прэнтаў і кавалкаў рэчы цяжкія і моцныя, хоць карункова-далікатныя. Конік цярпліва чакаў, пакуль надзенуць яму на капыты падковы, аслеплены пражэктарамі, відна, моцна спалоханы, але не быў бы ён Орлік. Без праблем усе дачакаліся адкрыцця выстаўкі. А металёвую тасьму, якую трымалі Івона Марціновіч і Міхась Андрасюк, прабіла, абвяшчаючы тым векапомную хвіліну адкрыцця музея, Ядвіга Рудзінская-Патэюк. І гэтак паведаміла:

— Шаноўнае спадарства! Гайнаўка ўзбагачаецца на яшчэ адзін вельмі важны аб’ект. Ён будзе дапаўняцца, і будзе створаны тут сапраўдны музей кавальства. Хачу падкрэсліць, што ў час праблем і вялікага наракання выявілася гэтая цікавая ініцыятыва, якую рэалізуем дзякуючы намаганням Ірэны і Зіновія Галёнкаў, якія ад пару гадоў узнялі ў Гайнаўцы пару каштоўных спраў. Так і спадарыня Эва Чарнецкая, як і спадар Мяжвінскі, маючы вялікі сантымент да мінулага, прывялі да таго, што ўсё гэта ўзнікла ў найбольш адпаведным месцы, — і метка ўдарыла малатком у напятую стужку.

Станіслаў Мяжвінскі, як заўсёды з гумарам, вельмі цешыўся з такой вялікай фрэквенцыі, небывалай на яго заводзе. „Айчына гэтага не забудзе!”

— Знаходзімся ў кузні, у былой, — працягваў свой расказ рамеснік, — бо ад самога пачатку ў тым месцы якраз быў завод маіх дзеда і бацькі, заснаваны ў 1927 годзе. Дзед мой прыбыў у Гайнаўку з Любліншчыны, у пошуках працы і хлеба. Грунты належалі надлясніцтву, ён узяў іх у арэнду. Тады ў Гайнаўцы не было электрычнасці, усё выконвалася ўручную. Такім мяхом, які тут бачым, мусіла працаваць прынамсі дзве асобы — каб запусціць горан. А каваль у той час займаўся і дробнымі, і вялікімі працамі. І зварка, і нітаванне, і аксідаванне — усё ў агні. І прылады для сельскай гаспадаркі, і зброя. Чалавек уваходзіў у майстэрства не адразу — ад вучня, праз чалядніка. Калі сталь стала прафілявацца, стала лягчэй, але і тады ніхто не лічыў працагадзін, як сёння. Хачу ўшанаваць прафесію маіх дзеда і бацькі, спрабаваць улавіць настрой таго часу.

Частка экспанатаў кавальскай справы пазычана ў Музеі сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцу, дзякуючы дырэктару Казіміру Ушынскаму і захавальніку Антону Масевічу, якія вельмі прыязна падышлі да ідэі паўстання музея кавальства ў Гайнаўцы. Абяцалі далей памагаць — экспанаты пазычаны на доўгі час, дамовы будуць прадаўжацца, калі ўсё будзе ацэнена на выдатна. Дарэчы, большасць гэтых скарбаў ляжала там у складах, не бачыла дзённага святла, і ёсць яшчэ шмат чаго цікавага, што можна будзе пазычыць у Гайнаўку. А паказана будзе не толькі кавальства, але і слесарства. Ёсць, напрыклад, даваенная машына, падвешаная да столі, — адзіны дзейсны ў краіне такі металаапрацоўчы станок з трансмісійнымі паясамі...

Задуму музея Станіслаў Мяжвінскі даўно ўжо выспельваў у сэрцы, а ініцыятыва Зіновія Галёнкі прыспешыла яе рэалізацыю. І ягоныя экспанаты тут таксама ёсць. Гэта м.інш. драўляныя колы да воза-жалезняка з абадамі выкананымі з аднаго кавалка жалеза (прылада да гнуцця такіх кол — з Цеханоўца), а таксама кавальскія абцугі, якія ўжываны былі ў час сусветнага чэмпіянату ў кіданні абцугамі ў Параеве (наступны выпуск адбудзецца 21 ліпеня 2001 года, а 16 гадзіне).

Спадар Мяжвінскі даставіць на другой частцы сваёй сядзібы тыповую кузню. Музей кавальства мяркуе адкрыць у сувязі з гадавінай атрымання гарадскіх правоў Гайнаўкай. Можа, і раней, мабыць, вясной.

А Зіновій Галёнка, які прыехаў у Гайнаўку два з паловай года назад і пачаў дзейнасць таму, што згэтуль родам, і гаспадарчую, і культурную, пачаставаў гасцей і запрасіў у новую „Белую ружу” — яна ж не завяне! — у іншым месцы горада.