Ніва № 1 (2330), 7 студзеня 2001 г.

Каляндар БГКТ

Яўген МІРАНОВІЧ

Пры канцы снежня выйшаў з друку „Беларускі каляндар”* на 2001 год. Гэта традыцыйнае штогадовае выданне Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Яго рэдактарам, як і некалькіх мінулагодніх штогоднікаў, з’яўляецца Уладзімір Юзвюк. Сёлетні „Каляндар” нічым асабліва не адрозніваецца ад папярэдніх, можа толькі тым, што ў публікацыях бэгэкатоўскіх правадыроў менш ядавітасці да іншых беларускіх арганізацый Беласточчыны. Вокладка і графічная апрацоўка ад некалькіх гадоў адлюстроўваюць найлепшыя бээсэсэраўскія мастацкія дасягненні, але вельмі добра карэспандуюць са зместам „Календара”. Выданне гэтае несумненна патрэбнае, паколькі адлюстроўвае яно бачанне свету вялікай часткі беларускага грамадства Беласточчыны.

У каляндарнай частцы, якая заўсёды адкрывае гэтае выданне, адзначаюцца важнейшыя даты з гісторыі Беларусі, Польшчы і свету. Можна сумнявацца ў слушнасці падборкі дат, але аўтарам гэтай часткі трэба прызнаць паслядоўнасць і вернасць сваім ідэалам маладосці. Адзначаюць перш за ўсё тыя даты, якія ўшаноўваліся бэгэкатоўскімі дзеячамі, напрыклад, у шасцідзесятыя гады. Успамінаецца там дата ўтварэння БССР, выбуху бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расіі, пачатку нацыяналізацыі прамысловасці ў камуністычнай Польшчы, разгрому Грамады, першай забастоўкі тэкстыльшчыкаў у Беластоку ў 1882 г., нараджэння Леніна, утварэння І дывізіі Людовага войска польскага ў СССР, утварэння Народнай Польшчы і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Трэба таксама адзначыць, што побач святых для камуністычнага руху дат адзначаюцца таксама і такія, як абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ці цалкам нейтральныя, як падпісанне Крэўскай уніі, нараджэнне Аляксандра Пушкіна ці Льва Талстога.

Не надта пашанцавала аўтарам з самым календаром, дзе адзначаюцца святы і імяніны. Два разы ў гэтым годзе маглі б святкаваць Ушэсце, у тым ліку раз пасля Тройцы, але нехта ў аддрукаваных экземплярах зрабіў адпаведную карэктуру і таму аднаго свята стане менш. Калі аднак нехта з католікаў захоча пакарыстацца „Беларускім календаром”, можа прыйсці на традыцыйную працэсію Божага цела восем дзён пазней тэрміну. Аўтары календара запрашаюць католікаў на гэтае шэсце на пятніцу 22 чэрвеня, хаця ад некалькіх стагоддзяў свята гэтае ўшаноўваецца заўсёды ў чацвер, а ў гэтым годзе, паводле каталіцкага календара, адзначацца яно будзе 14 чэрвеня.

Больш чым палову старонак гэтага выдання адводзіцца справам БГКТ. З нагоды 45-годдзя існавання арганізацыі Міхась Хмялеўскі напісаў абшырную справаздачу з усіх трынаццаці з’ездаў Таварыства. Літаратура вельмі аптымістычная. БГКТ, а разам з ім беларуская супольнасць у Польшчы, дзесяткамі гадоў перажывалі пастаянны прагрэс культурнага і асветнага жыцця і пастаяннае развіццё нацыянальнай свядомасці. Аказваецца, што толькі ў дзевяностыя гады пачаліся нейкія клопаты, асабліва фінансавыя, а на дадатак у выніку нейкага тайнага дагавору БГКТ „страціла свой прэсавы орган «Ніву», якая патаемна была падпарадкавана нейкай Выдавецкай радзе”. Аўтар артыкула мог ужо забыцца, што Выдавецкая рада ўзнікла ў выніку рэакцыі журналістаў на пастаяннае зніштажанне рэдакцыі „Нівы” Галоўным праўленнем БГКТ і што нараджалася яна на сходзе ў будынку БГКТ у прысутнасці таварышаў з Галоўнага праўлення, якім прапанавалася месца ў гэтым выдавецтве. Але гэта ўсё дробязі.

Вельмі цікавыя ўспаміны напісаў Ян Зенюк, які ў 1969-1972 гадах выконваў абавязкі сакратара Галоўнага праўлення. Невядома, свядома ці не, бэгэкатоўскі аўтар упершыню даказаў, што ніякія кадравыя праблемы ў БГКТ не вырашаліся па волі дэлегатаў усялякіх з’ездаў, а толькі па загадзе Міністэрства ўнутраных спраў. Таму ўсе з’езды БГКТ мелі чыста фармальны характар, а ўсе пастановы ў справе гэтай арганізацыі прымаліся па-за яе структурамі.

Пералік дасягненняў БГКТ ад жніўня 1999 да верасня 2000 года заняў сакратару Галоўнага праўлення Валянціне Ласкевіч 61 старонку. Уся Беласточчына спявала разам з калектывамі БГКТ і танцавала на народных фэстах. Некаторыя пісалі вершы на беларускай мове, іншыя з захапленнем іх дэкламавалі. Усё было б вельмі добра, толькі сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што пераважная большасць танцуючых і дэкламуючых лічаць сябе ўжо палякамі. Такое спеўна-паэтычнае развітанне з беларушчынай, своеасаблівая паніхіда, „вечная памяць” у рытме „disco polo”.

У „Календары” змешчаны разважанні пастаянных аўтараў гэтага выдання, як Яна Сычэўскага, Зінаіды Навіцкай, Тамары Русачык, Уладзіміра Юзвюка, Віктара Шведа, Кастуся Масальскага і Ніны Цыванюк, а таксама малодшых дзеячаў Базыля Сегеня і Яна Карчэўскага. Літаратурную частку запоўніла паэзія і проза Віктара Шведа, Міры Лукшы, Юрыя Баены, Ніны Цыванюк, Юркі Буйнюка, Уладзіміра Саўчука і Уладзіміра Юзвюка.

*Беларускі каляндар 2001, Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Галоўнае праўленне, Беласток 2001, сс. 240.