Ніва № 53 (2329), 31 снежня 2000 г.

Дачакаць ХХІІ стагоддзя

Яўген МІРАНОВІЧ

Калі канчалася першае тысячагоддзе пасля нараджэння Хрыстова, у непісьменнай наогул тады Еўропе людзі жылі ў перакананні, што нешта неўзабаве здарыцца. Чакалі найгоршага, хаця як хрысціяне павінны верыць, што ўсё, што магло б змяніцца па волі Сіл Нябесных, павінна прынесці ім вызваленне ад зямных пакут. Жыхары, асабліва заходняй Еўропы, ядналіся ў малітоўныя групы і супольна чакалі вырашэння лёсу. Узнікала нават новае тэалагічнае мысленне, не заўсёды супадаючае з афіцыйнай царкоўнай дактрынай. Апрача чалавечага страху не было тады ніякіх прадпасылак, абвяшчаючых канец жыцця на Зямлі. Людзі баяліся страшнага суда і пекла. Мала хто прадбачваў сваю будучыню ў біблейскім раі, тады і зразумелым быў страх перад нечаканым завяршэннем зямнога жыцця.

Пекла, аднак, людзі стваралі самі сабе пастаянна, але тут, на Зямлі, і ніякае развіццё цывілізацыі ці культуры, ні рэлігійныя нормы не стрымоўвалі драпежную чалавечую натуру. Поўнасцю вызвалілася яна ў ХХ стагоддзі, калі дзеля прыдуманых ідэй ці чыста садыстычных патрэб зніштожаны былі на Зямлі сотні мільёнаў людзей. Ахвярамі і катамі былі людзі той самай культуры, той самай рэлігіі, часта размаўляючыя на такой самай мове. Нішто не магло стрымаць чалавечага зверства, якое дэманстравалася ў ХХ стагоддзі найбольш цывілізаванымі народамі свету. Цывілізацыйныя дасягненні толькі дазвалялі на пашырэнне кола шаленства.

Калі глядзім сёння на дасягненні цывілізацыі канца ХХ стагоддзя — сотавыя тэлефоны, камп’ютэры, касмічныя базы — часта захапляемся геніяльнасцю нашай натуры. Аказваецца, што чалавек, дзякуючы сваім ведам, мае неабмежаваныя магчымасці — можа вызваляць энергію, якая ў змозе знішчыць нават планету, вокамгненна пасылаць інфармацыю на адлегласць соцень тысяч кіламетраў, прасоўвацца ў прасторы з хуткасцю тысяч кіламетраў у гадзіну. Трэба, аднак, памятаць, што ўсё гэта наш геній прыдумаў дзеля знішчэння іншых людзей. Кожнае новае адкрыццё ў матэматыцы, хіміі, фізіцы адразу выкарыстоўвалася да мадэрнізацыі ўзбраення, а пасля толькі дзеля мірных мэт.

Тым, што ведаюць антычную грэчаскую філасофію, добра вядома, што больш за дзве з паловаю тысячы гадоў таму грэкі інтуітыўна акрэслілі ўжо ўсе механізмы, якія кіруюць працэсамі развіцця жыцця на Зямлі. Яны таксама найдалей зайшлі ў пазнанні чалавечай натуры. Можа гэта гучаць даволі парадксальна, але пры канцы дваццатага стагоддзя пра чалавека ведаем не намнога больш, чым антычныя грэчаскія інтэлектуалы, якія рабілі тэарэтычныя высновы толькі на аснове назірання чалавека і прыроды. Г.зв. цывілізацыйны прагрэс дае нам ілюзію шчасця, аднак жыхар Зямлі мае штораз меншы шанц піць чыстую ваду, глядзець на сіняе неба ці зрабіць пару крокаў, не падпарадкоўваючыся нейкім важным законам.

Дваццатае стагоддзе ў Еўропе пачыналася ад канфлікту ўсіх з усімі. Народы Еўропы, нягледзячы на тое, што панавалі амаль над усім светам, не маглі змірыцца з тым, што іх суседзі дасягнулі тое самае. Пры канцы ХІХ стагоддзя ніхто і нікому не верыў, усе рыхтаваліся да мілітарнай канфрантацыі. Вайна, якая пачалася ў жніўні 1914 гада, цягнулася — з дваццацігадовым перапынкам — да жніўня 1945 года, калі амерыканцы прадэманстравалі японцам свае новыя тэхнічныя магчымасці зніштажэння жыцця на Зямлі. На франтах усяго свету — лічаць гісторыкі — загінула ў тым часе каля 80 мільёнаў салдат. У выглядзе палітычных сістэм матэрыялізаваліся дзве ідэалогіі — фашызм і камунізм, якія палічылі мэтазгодным зніштажэнне „горшых” народаў і „непралетарскіх” класаў. Сімвалам дваццатага стагоддзя з’яўляюцца таксама брацкія магілы ў Асвенціме ці на Салаўках, дзе прамысловай тэхнікай пазбаўляліся жыцця мільёны людзей.

У другой палове дваццатага стагоддзя страх, звычайны страх, стрымоўваў найбольшых драпежнікаў чалавечага роду перад агрэсіяй. Расіяне і амерыканцы, хаця назапашвалі ракеты, якімі ў 10 разоў маглі б знішчыць планету, баяліся, што кожны радыкальны рух супраць ворага можа абазначаць самазніштажэнне. Таму хаця самі не маглі накінуцца на сябе з кулакамі, змагаліся праз пасрэдніцтва малых народаў. Карэя, В’етнам, Куба, Конга, Ангола, Афганістан, а ў канцы Косава — гэта толькі некаторыя пункты на Зямлі, якія вызначалі крывавы шлях гэтай глабальнай вайны. Банкруцтва камунізму ў расійска-савецкай імперыі крыху палагодзіла атмасферу ў Еўропе і свеце. Хаця ядзернай зброі на свеце не стала менш, аднак перспектыва глабальнага канфлікту пакуль што не існуе. Гэтым менавіта канец дваццатага стагоддзя адрозніваецца ад канца дзевятнаццатага, што не выступае сітуацыя, якая пагражае непазбежнасцю ваеннага канфлікту. У Еўропе, дзе пачыналіся ўсе сусветныя войны, узнікла сістэма, якая спрыяе палітычнай і эканамічнай інтэграцыі народаў, якія яшчэ нядаўна сваіх суседзяў лічылі смяротнымі ворагамі. Краіны Усходняй Еўропы добраахвотна хочуць далучыцца да заходнееўрапейскай супольнасці, якую стварылі народы, сотнямі гадоў змагаючыся з сабой за панаванне на нашым кантыненце. Такога ў гісторыі Еўропы яшчэ не бывала.

Найбольш багатыя і магутныя гэтага свету дайшлі ў канцы да вываду, што зусім не трэба пасылаць свае войскі на тэрыторыю, якую хочацца кантраляваць. Хапае дзеля гэтага карумпаваць мясцовую эліту. Не так цяжка гэта зрабіць, калі нехта мае грошы. Пару мільярдаў долараў, заінвеставаных у сродкі масавай інфармацыі ці банкі ва Усходняй Еўропе далі нашмат лепшы палітычны вынік, чым сотні мільярдаў долараў, якія раней кожны год прызначаліся на пабудову ядзерных ракет, самалётаў, падводных лодак. Толькі пры канцы дваццатага стагоддзя аказалася, што найтанней заваёўваюцца новыя тэрыторыі шляхам капіталаўкладанняў у фарміраванне свядомасці мясцовага грамадства. Сёння, напрыклад, палякі адчуваюць сябе, што жывуць у сваёй, свабоднай краіне, самі выбіраюць улады свае дзяржавы, хаця большасць банкаў, якія вызначаюць накірункі гаспадарчага развіцця, ці пераважная колькасць сродкаў масавай інфармацыі, якія акрэсліваюць спосаб мыслення грамадзян знаходзяцца ў руках замежных цэнтраў.

Жахлівае дваццатае стагоддзе канчаецца таксама — зноў парадаксальна — даволі аптымістычна для Беларусі. Без вялікіх намаганняў беларусы адрадзілі ў 1990-1991 гадах сваю дзяржаўнасць. Палітычная кан’юнктура ў свеце спрыяе яе існаванню, нягледзячы на абыякавасць большасці грамадства і адкрытую варожасць да незалежнасці з боку ўлад.

Усё паказвае, што пачатак новага стагоддзя і тысячагоддзя ў Еўропе і свеце павінен спрыяць гуманітарызацыі жыцця на нашым кантыненце. Варта, аднак, памятаць, што найбольшай небяспекай для людзей заўсёды былі самі людзі. Можна толькі чакаць, што пасля вопыту ХХ стагоддзя не народзяцца на нашай планеце новыя Леніны, Гітлеры, Сталіны, Павелічы, Мао Цзэ-дуны, Пол-Поты, Кім Ір Сены ці падобнага кшталту злачынцы. Нованароджаным трэба жадаць дачакаць дваццаць другога стагоддзя. Калі не здарыцца нічога апакаліптычнага, а цывілізацыйныя дасягненні будуць выкарыстоўвацца для дабра чалавека, такое пажаданне можа стаць цалкам праўдападобнай рэальнасцю.