Ніва № 52 (2328), 24 снежня 2000 г.

У Мінску таксама змагаюцца з глабалізацыяй

Яўген МІРАНОВІЧ

У днях 5-6 снежня 2000 года ў Мінску праходзіла другая сесія ІІІ Міжнароднага кангрэса беларусістаў. Арганізатарам, як заўсёды, была Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, якую ўзначальвае прафесар Адам Мальдзіс. Сёлетні Кангрэс адбываўся пад патранатам ЮНЕСКА і прымала ў ім удзел каля двухсот вучоных з 14 краін свету.

Большасць удзельнікаў Кангрэса складалі людзі, якія сябе добра ведаюць ды даволі часта сустракаюцца на канферэнцыях. Вельмі мала новых твараў сведчыць аб тым, што зацікаўленне Беларуссю ў свеце ў апошніх гадах значна паменшылася. Проста, няма механізмаў прамоцыі краіны, а ўлады прывялі дзяржаву да ізаляванасці. Таму Беларусь становіцца для Еўропы белай плямай, краінай, пра якую мала хто ведае.

Падчас пленарных пасяджэнняў, якія адкрылі і завяршылі з’езд вучоных, як нешта пагрозлівае, шматразова паўтаралася слова „глабалізацыя”. Гучала яно даволі смешна і штучна на фоне праблем, якія спадарожнічаюць беларускай навуцы, культуры і асвеце. Можна прабаваць зразумець прычыны пратэсту маладых французаў, італьянцаў, аўстрыйцаў ці амерыканцаў супраць глабалізацыі, але ізаляванай ад свету Беларусі ніякая глабалізацыя не пагражае. Наадварот, пабываючы ў мінскіх гатэлях, барах ці на вакзалах, не ўспамінаючы пра памежныя мытні, проста пажаданым было б, каб прыняліся тут сусветныя нормы санітарнага стану, узроўню абслугоўвання кліентаў, дысцыплінаванасці працы дзяржаўных служб. Адметнасць жыхароў Беларусі на фоне іншых еўрапейскіх народаў так відавочная, што мала хто іх ужо разумее. Таму ў выпадку Беларусі г.зв. глабалізацыя была б чымсьці вельмі пажаданым. Заліў чужой культуры акурат не пагражае Беларусі, таму што свая ўжо здаўна сапхнутая на абочыну грамадскага жыцця.

Праца Кангрэса праходзіла ў чатырох секцыях, у якіх разглядаліся пытанні ўкладу беларускай культуры ў дыялог цывілізацый, фарміраванне дзяржаўнасці і нацыянальнай свядомасці беларускага народа ў параўнанні з аналагічнымі працэсамі ў суседніх народаў, ролі беларускай дыяспары ў дыялогу культур і адносінамі паміж канфесійнымі і этнічнымі супольнасцямі Беларусі. Слухаючы дакладчыкаў апошняй секцыі найчасцей можна было пачуць словы пра „традыцыйную талерантнасць беларусаў”. Часам я адчуваў сябе як на ўроках гісторыі ў сярэдняй школе, калі настаўнікі пераконвалі вучняў „пра традыцыйную польскую талерантнасць”. Сёння, аднак, цяжка маладым палякам зразумець, што такое здарылася ў мястэчку Ядвабнэ каля Ломжы ў ліпені 1941 г., дзе мясцовыя хрысціяне зніштожылі амаль дзве тысячы яўрэяў, або чаму „змагары за дэмакратыю і свабоду” забілі беларускіх вазакоў у Пухалах-Старых у 1946 годзе. Нацыянальная міфалогія прызвычаіла грамадзян, што злачынствы маглі быць толькі ўдзелам суседніх народаў.

Шмат дакладчыкаў, нават калі і ўспаміналі, што нехта быў крыўджаны на беларускай зямлі, тады выключна за справай нейкіх міфічных бальшавікоў. Быццам бы яны з’явіліся на беларускай зямлі з іншай планеты. Вельмі цікавы падыход да справы рэлігійнай дыскрымінацыі паказаў прадстаўнік мінскіх баптыстаў Яўгеній Максімовіч. З яго выказвання я зразумеў, што нейкую канкурэнцыю баптыстам ствараюць „хрысціяне-харызматыкі”, якія іграюць і танцуюць у сваіх храмах. Спадар Максімовіч пайшоў у КДБ і заявіў, што ўлады не павінны цярпець такіх сектантаў, а толькі традыцыйныя веравызнанні — праваслаўе, каталіцызм, баптызм, юдаізм і іслам. У адказ пачуў, што ўлады падтрымліваюць толькі праваслаўе, што палічыў ён праявай неталерантнасці.

Прадстаўляючая беларускіх літоўцаў Віргінія Тарнаўскайтэ паўночную частку Беларусі — згодна са зместам літоўскіх падручнікаў па гісторыі — палічыла этнічна літоўскай зямлёй, прадставіла аднак вобраз добрых адносін сваёй меншасці і беларускай большасці, бесканфліктнае суіснаванне двух народаў у Беларусі.

Вельмі цікавы даклад прадставіў старшыня Польскага навуковага таварыства Часлаў Банькоўскі. Беларускія палякі маюць, здаецца, больш арганізацый чым польскія беларусы. Саюз палякаў налічвае каля 30 тысяч членаў. У параўнанні да беларускіх суполак у Польшчы гэта палітычны гігант. Выдаюць часопісы „Glos znad Niemna”, „Nasze Slowo”, „Macierz Polska”, „Kultura Ziemi Lidzkiej” i некалькі лакальных выданняў. Палякі, зыходзячы з пункту гледжання, што беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай мовай, дамагаюцца, каб мовы ўсіх меншасцей — руская, польская, літоўская атрымалі права на публічнае карыстанне. Дамагаюцца таксама сваёй вышэйшай установы, назваў вуліц, якія падкрэслівалі б прысутнасць палякаў на беларускай зямлі, адпаведных экспазіцый у музеях і рэпертуару ў тэатрах. Палякі маюць нейкі шанц рэалізаваць некаторыя свае прапановы. Новы старшыня Саюза палякаў публічна заяўляе пра гатоўнасць да супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі і змаганне з беларускімі нацыяналістамі. Што абазначае супрацоўніцтва з уладамі гэта наогул вядома, але зусім невядома, хто маецца на ўвазе ў акрэсленні „беларускія нацыяналісты”. Наогул у Беларусі нацыяналістамі лічылі нават тых, што публічна размаўлялі на беларускай мове.

Найбольш эмоцыі выклікала выступленне прадстаўніка Рускага таварыства Міхаіла Ткачова, які, здаецца, не цалкам мэтанакіравана аб’явіў, што рускія ў Беларусі не ведаюць беларускай культуры і што руская культура ў Беларусі мае лепшыя ўмовы для развіцця, чым у самой Расіі, дзе ўлада і сродкі масавай інфармацыі апынуліся ў руках бліжэй неакрэсленых касмапалітаў. Цяжка, аднак, было зразумець з выступлення Ткачова кім адчуваюць сябе рускія ў Беларусі — нацыянальнай меншасцю, пануючай кастай ці яшчэ нечым іншым. Татальная дамінацыя рускай мовы ў публічным жыцці, культуры — у сродках масавай інфармацыі, расіян — у структурах улады не надта дазваляе называць іх нацыянальнай меншасцю.

Найбольш прыхільна пра беларусаў выказваліся прадстаўнікі татарскай і чувашскай нацыянальных меншасцей — Ібрагім Канапацкі і Капітон Быкаў. Выглядае на тое, што так татары, як і чувашы добра адчуваюць сябе сярод беларусаў, а беларусы паважаюць іх як сваіх.